Міхаіл Фёдаравіч Галкоўскі (нар. 20 мая 1942 г., вёска Судзілы, Клімавіцкі раён) — беларускі артыст оперы (драматычны тэнар). Заслужаны артыст Беларусі (1980).
Пасля заканчэння школы паступіў у Беларускую кансерваторыю. Студэнтам чацвёртага курса спяваў у Дзяржаўным тэатры оперы i балета. У 1968 г. закончыў кансерваторыю. Шмат выступаў у операх беларускіх кампазітараў: Сяргей («Алеся» Я. Цікоцкага), Нунцый («Джардана Бруна» С. Картэса), Раман («Сівая легенда» Д. Смольскага), а таксама савецкіх кампазітараў: Лёнька і Антонаў («У буру» Ц. Хрэннікава), Косця-радыст («Брэсцкая крэпасць» К. Малчанава) і інш. У класічным оперным рэпертуары спевака вылучаюцца партыі драматычнага і лірыка-драматычнага плана: Турыду («Сельскі гонар» П. Маскані), Радамес («Аіда» Д. Вердзі), Герман («Пікавая дама» П. Чайкоўскага) і інш. Выканаў партыю Андрэя ў тэлевізійным варыянце оперы «У пушчах Палесся» А. Багатырова.
Лаўрэат міжрэспубліканскага (1969) і Усесаюзнага (1973) конкурсаў вакалістаў. Удзельнік параду славутых тэнараў свету на 1-м міжнародным фестывалі опернага мастацтва, прысвечаным 125-годдзю з дня нараджэння Э. Каруза (1998).