У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з прозвішчам
Караткоў.
Канстанцін Канстанцінавіч Караткоў (8 красавіка 1922, г. Горкі Магілёўскай вобласці — 16 чэрвеня 1993, г. Ніжні Ноўгарад) — савецкі гаспадарчы дзеяч, начальнік Волжскага аб’яднанага рачнога параходства, заслужаны работнік транспарта РСФСР, ганаровы работнік рачнога флоту РСФСР, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.
Біяграфія
Канстанцін Караткоў нарадзіўся 8 красавіка 1922 года ў Горках у сям’і К. М. Караткова (1890—1954), выхаванца Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, які потым стаў вядомым вучоным-хімікам, акадэмікам АН БССР, заслужаным дзеячам навукі БССР[1].
У 1931 годзе Канстанцін разам з бацькамі пераезджае ў Гомель, бо Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія была расфармавана на некалькі інстытутаў і Інстытут лесу, дзе працаваў яго бацька, быў пераведзены ў Гомель. Там у 1939 годзе Канстанцін скончыў сярэднюю школу і паступіў вучыцца ў Ленінградскі аўтадарожны інстытут.
У 1940 годзе Караткоў быў прызваны ў Чырвоную Армію. У гады Вялікай Айчыннай вайны служыў, як сведчаць дакументы сайта «Память народа», у 30-ым аўтамабільным палку, потым ў 16-ым вучэбным танкавым палку на Заходнім і Паўднёва-Заходнім франтах, скончыў вайну ў 10-ым асабным аўтатранспартным палку. Прайшоў шлях ад радавога да капітана. Быў двойчы цяжка паранены. Узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны II ст., медалём «За баявыя заслугі»[2].
У 1946 годзе паступіў і ў 1951 годзе з адзнакай скончыў эксплуатацыйны факультэт Горкаўскага інстытута інжынераў воднага транспарту. У 1952—1955 гадах працаваў намеснікам галоўнага дыспетчара і галоўным дыспетчарам Волжскага грузавога рачнога параходства ў Куйбышаве. І хутка таленавітага інжынера прызначылі начальнікам Стаўрапольскага порта (цяпер гэта порт Тальяці). Затым — намеснік начальніка Куйбышаўскага лінейнага параходства і ў 1958 годзе — намеснік начальніка Волжскага аб’яднанага рачнога параходства. А праз два гады Канстанцін Караткоў узначальваў гэта параходства.
Ён кіраваў параходствам чвэрць стагоддзя — з 1960 па 1984 год. Параходства пры ім стала найбуйнейшым рачным прадпрыемствам не толькі СССР, але і Еўропы. Яно мела 60 буйнатанажных цеплаходаў тыпу «Волга-Дон» грузападымальнасцю 5 тыс. тон, 25 буксіраў і больш за 20 судоў змешанага тыпа «рака-мора», 20 судоў тыпу «Волжскі» грузападымальнасцю 10 тыс.тон, больш за 100 пасажырскіх цеплаходаў, каля 200 хуткасных судоў на падводных крылах. Усяго флот параходства тады налічваў амаль 450 плаўсродкаў рознага прызначэння. Пры ім флот папоўняўся караблямі, пабудаванымі на заводах СССР, Чэхаславакіі, ГДР і Венгрыі. Грузы вазілі не толькі па рэках СССР: па ініцыятыве К. Караткова ў параходстве пачалі асвойваць новы напрамак — замежныя перавозкі. У 1974 годзе было створана Упраўленне міжнародных грузавых перавозак. Судны «рака-мора» асвоілі маршруты праз Каспійскае, Чорнае, Азоўскае, Міжземнае, Балтыйскае, Паўночнае моры і дастаўлялі грузы ў парты 38 краін Еўропы, Афрыкі, Азіі[3].
Канстанцін Караткоў надаваў вялікую ўвагу вырашэнню сацыяльна-бытавых праблем работнікаў. У тыя гады вялося актыўнае будаўніцтва жылля для бальніц, дзіцячых садоў і школ. У параходства былі інтэрнаты для плаўсастава, свае сталовыя і пякарні, атэлье па пашыве адзення, клубы і спартыўныя збудаванні. Падчас яго кіраўніцтва, параходства было ўдастоена дзяржаўнай узнагароды СССР — ордэна Леніна[4].
Канстанцін Канстанцінавіч Караткоў працаваў кіраўніком параходства да 1984 года. Ён абіраўся дэлегатам з’ездаў КПСС і многія гады з’яўляўся дэпутатам Горкаўскага абласнога Савета народных дэпутатаў. Памёр 16 чэрвеня 1993 года[5].
Ацэнка дзейнасці
Тыя, хто працаваў разам з ім успаміналі, што гэта быў таленавіты арганізатар вытворчасці, дасведчаны кіраўнік, кампетэнтны ва ўсіх пытаннях функцыянавання шматгаліновай гаспадаркі параходства. Ён звяртаў ўвагу не толькі на караблі, але і на парты, рамонтна-эксплуатацыйныя базы, суднабудаўнічыя заводы і навучальныя камбінаты, падраздзяленні рачной сувязі і прамысловыя прадпрыемствы.
Заслужаны будаўнік Расіі, Андрэй Барысавіч Галубкоў які працяглы час працаваў разам з К. К. Каратковым успамінаў: "…Канстанцін Канстанцінавіч Караткоў, як кіраўнік, давяраў сваім падначаленым і заўсёды падтрымліваў ініцыятыўных работнікаў, а калі трэба, і абараняў іх. Гэта адчувалі ўсе супрацоўнікі і таму працавалі без аглядкі і боязні за прынятыя рашэнні. Дзякуючы такому стылю кіраўніцтва ініцыятыва работнікаў літаральна «бурліла». Яго дэвіз, якому цвёрда ішоў ён сам: «Ніколі не мітусіся і не бойся. Прыняў рашэнне — рабі. Зрабіў памылку — скажы шчыра, не віляй!»[6].
Дзмітрый Альпідоўскі, ганаровы работнік транспарту Расіі, які з Канстанцінам Канстанцінавічам працаваў 14 гадоў, успамінаў, што «Адметная асаблівасць яго стылю кіраўніцтва — заахвочванне новых ідэй, падтрымка ініцыятыўнасці работнікаў». Яшчэ ён адмячаў, што «К. Караткова паважалі не толькі як дасведчанага прафесіянала і разумнага кіраўніка, але і як эрудыраванага, высокаадукаванага чалавека, з ім было цікава мець зносіны на самыя розныя тэмы. Канстанцін Канстанцінавіч шмат чытаў, сачыў за ўсімі навінкамі літаратуры, не прапускаў ніводнай тэатральнай прэм’еры, быў кансультантам фільмаў Эльдара Разанава і Мікіты Міхалкова»[7].
Узнагароды
Памяць
- Яго імем названы чатырохпалубны цеплаход
- У Ніжнім Ноўгарадзе на доме, дзе Канстанцін Караткоў з сям’ёй жыў з 1960 па 1993 год, усталявана мемарыяльная дошка.
Бібліяграфія
- Коротков, К. К. Волга — гордость России: Волжскому пароходству 125 лет. — Горький : Волго-Вят. кн. изд., 1968. — 96 с.
Зноскі
Літаратура
- Голубков, А. Б. Издалека долго… — Нижний Новгород:2014.- С 98.
- Коротков Константин Константинович. Регионы Беларуси:энциклопедия: в 7 т.- Мн.: 2020 — Т.6, кн.1: Могилёвская обл.- С.397.
- Коротков Константин Константинович. В кн.: Лившиц, В. М. Гордость и слава Горецкой земли.- Горки. 2015.- С.36.
Спасылкі