Буры мядзведзь для Беларусі — абарыгенны чырванакніжны від сысуноў, самы буйны драпежнік Беларусі, адзіны прадстаўнік беларускай фаўны мядзведзевых (Ursidae), значны аб’ект навуковых даследванняў і важны культурны сімвал.
Гісторыя
Мядзведзі з’яўляюцца абарыгенным відам лясоў Еўропы, у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі. Як аб’ект палявання вядомы з часоў верхняга палеаліту. Косці знойдзены на Бердыжскай стаянцы чалавека[1].
Звычайны від у беларускіх лясах у XVI стагоддзі[1]. На мядзведзяў палявалі як дзеля мяса, так і для паляўнічай доблесці і здабычы каштоўнага футра. Напрыклад, дэлія з шырокімі рукавамі і футравым каўняром, падшытая футрам мядзведзя, упамінаецца як адзенне шляхціца Гарадзенскага павета[2].
З XVII да канца XVII стагоддзя, паводле іншых звестак — да пачатку ХІХ стагоддзя існаваў промысел па адлову і дрэсіроўцы мядзведзяў дзеля забаў шляхты, гэтак званая «Смаргонская мядзведжая акадэмія».
Да XIX стагоддзя мядзведзь быў распаўсюджаны на ўсёй тэрыторыі, якая адпавядае сучасным межам Беларусі, але часцей сустракаўся ў Віцебскай губерні[1]. У 1915 годзе гэты від рэгістраваўся ва ўсіх цяперашніх абласцях рэспублікі. Колькасць мядзведзя ў 1927 годзе ацэньвалася ў 100 асобін[3].
У XX стагоддзі ў сувязі з павелічэннем шчыльнасці насельніцтва і інтэнсіўнасці гаспадарчай дзейнасці адбылося рэзкае памяншэнне плошчы пасялення мядзведзя. В. Васількоў і Б. Галадушка ў 60-я гады XX стагоддзя ацэньвалі колькасць віду на тэрыторыі рэспублікі не больш за 60-80 асобін[4].
У 1970—1980 гадах рэдкі від, захаваны амаль толькі на паўночным захадзе, але адзначаліся асобныя экзэмпляры ў некаторых раёнах усходняй часткі краіны, на Палессі[1].
Даследаванні паляўніцтвазнаўца У. Муравіцкага (1990) аб стане папуляцыі бурага мядзведзя ў канцы 80-х гадоў XX стагоддзя паказалі, што яго прасторавая структура на тэрыторыі Беларусі з 1970-х гадоў не змянілася, і вылучаюцца чатыры асноўныя ўчасткі пражывання, названыя пазней Б. Савіцкім (2005) «тэрытарыяльнымі групоўкамі»: бярэзінская, бабінавіцкая, суражская, паўночная[5].
Да 1970-х гадоў колькасць мядзведзя знізілася да 50-60 асобін. Але, пачынаючы з сярэдзіны 1970-х гадоў, з’явілася тэндэнцыя да яе павольнага павелічэння, і ўжо да канца 1980-х гадоў колькасць віду склала каля 130 асобін[5].
Сучасная папуляцыя
Па дадзеных П. Р. Козлы (2004) у 2000—2002 гадах колькасць мядзведзя ацэньвалася прыблізна ў 100—110 асобін пры скарачэнні арэалу на дзве траціны[6].
Па асабістай ініцыятыве галоўнага паляўніцтвазнаўца Віцебскага ДВЛГА У. Муравіцкага ў 2005 годзе высвятлялася пытанне аб колькасці мядзведзя ў вобласці на падставе анкетных дадзеных. Сумаванне атрыманых звестак дало лічбу 156—159 асобін, якая паказвае на тэндэнцыю росту папуляцыі віду ў галіне[7]. Мядзведзь стаў наносіць шкоду не толькі паляўнічай фауне, але і жывёлагадоўлі, і пчалярству. Пытанне рэгулявання колькасці мядзведзя ўздымалася ў 2005 годзе Гарадоцкай раённай інспекцыяй Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, але гэтаму запярэчылі супрацоўнікі «ДНВА „НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах“» (доктар біялагічных навук В. Я. Сідаровіч)[6].
Навуковы ўлік мядзведзя ў сучаснай Беларусі не вядзецца, а збор звестак з дапамогай анкетавання ці лакальных назіранняў мае шмат хібаў і не дазваляе дакладна выявіць колькасць мядзведзяў на гэтай тэрыторыі[6].
Аналіз літаратурных публікацый пра стан рэсурсаў бурага мядзведзя сведчыць, што за стогадовы перыяд, пры значным скарачэнні вобласці распаўсюджання бурага мядзведзя ў Беларусі, адэкватнага памяншэння колькасці віду не адбылося. За гэты перыяд назіраецца павышэнне шчыльнасці гэтага драпежніка на адзінку плошчы. Таму нельга звязваць скарачэнне вобласці распаўсюджвання мядзведзя ва ўгоддзях рэспублікі з уздзеяннем антрапагеннага фактару на асяроддзе пражывання. Асноўны фактар, які лімітуе колькасць віду і перашкаджае яго распаўсюджанню — браканьерства[6].
У 2012 годзе, пасля больш чым пяцідзесяцігадовай адсутнасці, буры мядзведзь вярнуўся ў Налібоцкую пушчу. На 2015 год папуляцыя складала 4 асобіны[8].
Дадзеныя ўліку па анкетаваннях
Дадзеныя анкетаванняў аспрэчваюцца як супрацоўнікамі Мінпрыроды, так і навукоўцамі, але іншых афіцыйных дадзеных бракуе[9].
Колькасць мядзведзяў ва ўзятых пад ахову паляўнічых угоддзях
Дадзеныя паводле афіцыйнага статыстычнага зборніка "Ахова навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь".
У Беларусі паляванне на мядзведзя забароненае з 30-х гадоў XX стагоддзя. Мядзведзь быў уключаны ў першае (1981), другое (1993) і трэцяе выданні Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь і аднесены да 2-й катэгорыі аховы. Яе крытэрамі з’яўляюцца неспрыяльны міжнародны або еўрапейскі ахоўны статус, нізкая колькасць, тэндэнцыя да няўхільнага скарачэння колькасці і арэала і прагназуемае ў найбліжэйшай будучыні пагаршэнне статусу.
Біялогія
Ва ўмовах Беларусі аддаюць перавагу глухім гушчарам лесу, перасечаным рэчкамі, азёрамі, балотамі, поймавымі лугамі і ляснымі палянамі, дзе рэдка ступае нага чалавека. Участак пасялення мядзведзя заўсёды ўключае комплекс біятопаў, якія маюць дастатковыя запасы і разнастайнасць корму, а таксама характарызуюцца высокімі ахоўнымі ўласцівасцямі на працягу ўсяго гадавога перыяду іх актыўнага жыцця. У межах арэалу мядзведзь аддае перавагу іглічным і сталым лісцяным лясам — дубовым, букавым, але апошніх захавалася вельмі мала. Рэдкалессе або аднастайныя чыста лісцяныя насаджэнні мядзведзь пазбягае, заходзячы ў іх толькі ў пошуках ежы. Упадабаных месцаў ён прытрымліваецца на працягу ўсяго года і толькі ў галодную пару здзяйсняе нязначныя перамяшчэнні ў пошуках корму.
У культуры
У міфалогіі
На Беларусі культ мядзведзя прасочваецца з неаліту. Значнага распаўсюджання ён дасягнуў у жалезным веу, асабліва ў цэнтральнай і паўночнай частках Беларусі. Амулеты з іклаў мядзведзя трапляюцца на гарадзішчах культуры штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскай культуры[10].
У славянскай міфалогіі мядзведзь быў адным з самых ушанаваных звяроў. У беларусаў існаваў культ гэтай жывёлы як гаспадара лесу і дзікай прыроды, як увасабленне паганскага бога Вялеса[11].
У культуры беларусаў мядзведзь быў татэмным знакам і абярэгам роду. Жывёла стаяла на мяжы дзікай прыроды і свету чалавека і ахоўвала сваё царства. Выява звера сустракаецца таксама ў выглядзе гліняных статуэтак ці фігурак, вылітых з бронзы[11].
Матыў ператварэння чалавека ў мядзведзя выразна звязваецца з суперніцтвам з Богам. Такую здольнасць прыпісвалі ведзьмакам і шаманам[10].
У беларускіх вясельных песнях маладых часам называюць «мядзведзем» і «мядзведзіцай», а іх вясельную дружыну (шафераў) — мядзведнікам[10].
У арнаменце
Асаблівае месца жывёле адводзіцца ў народным арнаменце, традыцыя якога вылічаецца тысячагоддзямі[11]. Сімвал мядзведзя ў арнаменталістыцы беларусаў атрымаў назву «вядзмедзь». Ён прадстаўляе сабой ромб з адросткамі на працягу бакоў[12].
↑Арнаменты Падняпроўя/аўт. тэкстаў Г. Р. Нячаева [і інш.]; навук. рэд. Я. М. Сахута. — Мінск: Беларус. навука, 2004. —
Літаратура
Козло П. Г. «Медведь бурый»/ Звери: Популярный энциклопедический справочник (Животный мир Беларуси). Минск, 2003. С.194-201
Козло П. Г. «Бурый медведь»/ Красная книга Республики Беларусь. Животные: редкие и находящиеся под угрозой исчезновения виды диких животных. 4-е изд. Минск, 2015. — 320 с.