З пачатку XIII ст. Бенгалія ўваходзіла ў склад Дэлійскага султаната. У 1325 г. яна была падзелена на 3 адміністрацыйныя акругі на чале з кіраўнікамі, што мелі шырокія паўнамоцтвы. Адным з іх быў Шамудзін Ільяс-Шах, выхадзец з Сістану, прызначаны кіраўніком акругі Сатгаон у дэльце Ганга. Каля 1338 г. ён скарыстаўся праблемамі цэнтральных уладаў, каб весці сябе незалежна ад іх волі. Да 1352 г. Ільяс-Шах заваяваў 2 астатнія бенгальскія акругі і абвясціў пра стварэнне самастойнага Бенгальскага султаната. У 1353 г. ён пацярпеў паражэнне ад войска Дэлійскага султаната, пагадзіўся на выплату даніны і страту часткі заваяваных тэрыторый, але захаваў кантроль над Бенгаліяй. У 1359 г. яго сын Сікандар-шах I здолеў прымусіць дэлійскага султана Фіруз-Шаха прызнаць сябе роўным манархам.
Пасля заваявання Дэлі ў 1398 г. войскам Тамерлана ў Бенгальскім султанаце апынулася мноства ўцекачоў, у тым ліку рамеснікаў і земляробаў. Гэта дазволіла наладзіць ткацкую прамысловасць, пачаць каланізацыю Сундарбана і дагэтуль маланаселенага ўсходу Бенгаліі. Найбольш паспяховую палітыку пранікнення на ўсход праводзіў султан Джалалудзін Мухамад-Шах (1415 – 1433 гг.). Ён паходзіў з бенгальскагаіндуісцкага роду Ганеша. Яго бацька Раджа Ганеша захапіў уладу, але быў вымушаны абвясціць султанам свайго сына і пагадзіцца на прыняцце ім іслама. Пасля смерці Раджы ў 1418 г. Джалалудзін спрыяў распаўсюджанню іслама сярод сялян, што перасяляліся на новыя землі. Ён падтрымаў араканскіх уцекачоў і аказаў ім дапамогу ва ўзнаўленні сваёй дзяржавы. Тым не меней, нашчадкі Ільяс-Шаха здолелі ўтрымаць за сабою частку Бенгаліі і пасля яго смерці зноў вярнулі прастол.
У другой палове XV ст. усё большы ўплыў на султанаў атрымоўвала іх прыватная гвардыя, што фарміравалася з хабшы. У 1481 г. яна спрыяла зыходу султана Сікандар-шаха II, абвешчанага вар'ятам, і перадачы ўлады Джалалудзіну Фацех-Шаху. Але і ён быў у 1487 г. забіты правадыром хабшы Барбакам. Барбак і яго нашчадкі, што цалкам кантраляваліся рэгентамі з ліку гвардзейцаў, кіравалі ўсяго некалькі гадоў. У 1494 г. уладу захапіў візір Алаўдзін Хусейн-Шах. Ён меў арабскае паходжанне. Заснаваная ім дынастыя імкнулася пашырыць гандлёвыя сувязі. У 1528 г. было створана партугальскае паселішча ў Чытагонгу. У 1564 г. уладу захапіў пуштун Сулейман-Хан Карані. Ён здолеў далучыць да султаната Адышу. Аднак супраць бенгальскіх султанаў выступілі Вялікія Маголы. У 1576 г. яго сын Дауд пацярпеў паражэнне ад Акбара Вялікага, і Бенгалія была далучана да імперыі Вялікіх Маголаў.
Дзяржаўнае кіраванне
Фармальна Бенгальскі султанат з'яўляўся абсалютнай манархіяй. Султан быў не толькі цывільным, але ваенным і духоўным валадаром, узначальваў мусульманскую абшчыну дзяржавы. Першапачаткова яна была адносна невялікай, часцяком складалася з іншаземцаў, якія прымалі мясцовае падданства. Аднак у XV ст. прапорцыя мусульманскага насельніцтва значна павялічылася, прычым за лік сялян, што перасяляліся на маланаселены ўсход краіны. Бенгальскія султаны спавядалі суніцкііслам і прызнавалі духоўную ўладу халіфаў Абасідаў. Джалалудзін Мухамад-Шах абвясціў сябе халіфам, а Бенгальскі султанат — асобным халіфатам.
Адносіны да іншых рэлігій, у першую чаргу да індуізму і будызму, часцяком залежалі ад асобных памкненняў канкрэтных манархаў. Шамудзін Ільяс-Шах быў жанаты на ўдаве з індуісцкай сям'і. Яе дзеці сталі спадчыннікамі заснавальніка султаната. Джалалудзін Мухамад-Шах, які сам паходзіў з індуісцкага роду, вызначыўся пераследам землеўладальнікаў-індуістаў. Тым не меней, у канцы свайго кіравання ён стаў рэлігійна памяркоўным. Прадстаўнікі дынастыі Хусейн-Шахі прыцягвалі індуістаў да кіраўнічых пасад.
Адміністрацыйны апарат фарміраваўся па прызначэнню султана. Адміністрацыйныя пасады спалучаліся з ваеннымі. На вяршыні адміністрацыйнай лесвіцы стаялі візір і блізкія дарадцы, якія складалі ўрад-дыван. У канцы дынастыі Ільяс-Шахі значную ўладу набыла прыдворная гвардыя, што складалася з афрыканскіхрабоў-хабшы. Служба дзяржаве ўзнагароджвалася зямельнымі надзеламі. Фармальна яны атрымоўваліся толькі на гады службы, але часцяком перадаваліся па спадчыне. У Бенгальскім султанаце меўся значны пласт мясцовых землеўладальнікаў-індуістаў.
На перыферыі султаната існавалі дзяржаўныя ўтварэнні, што захоўвалі свае манархічныя дынастыі і ўнутранае самакіраванне. Так, на астраўных тэрыторыях усходняй Бенгаліі захавалася дробнае дзяржаўнае ўтварэнне Чандрадвіп, дзе кіравалі раджы-індуісты. Бенгальскія султаны садзейнічалі ўсталяванню залежных ад іх дынастый у Трыпуры і Аракане.
Бенгальскі султанат меў значнае па колькасці войска, якое складалася з конніцы, пяхоты, слановайарміі, артылерыі і ваеннага флоту. Слановая армія і ваенны флот былі асабліва важнымі падчас сезонных паводак на рацэ Ганг, калі наземныя шляхі станавіліся непераадольнымі для конніцы. Бенгальская артылерыя ўражвала нават партугальцаў.
Эканоміка
Асновай эканомікі Бенгальскага султаната з'яўлялася сельская гаспадарка, куды была ўцягнута асноўная частка насельніцтва. Выключную ролю адыгрывалі вырошчванне рысу і бавоўніку. Апошні стаў надзвычай важнай культурай, калі ў канцы XIV — пачатку XV ст. бежанцы з Дэлійскага султаната заснавалі вытворчасць баваўнянай пражы і баваўняных тканін. У большасці выпадкаў яна была прадстаўлена дробнымі рамеснымі майстэрнямі, але на ўзбярэжжы таксама сустракаліся дастаткова буйныя мануфактуры. У той ці іншай ступені яны кантраляваліся дзяржаўнымі чыноўнікамі. У малазаселеных раёнах поўдню і ўсходу пераважала жывёлагадоўля. Яе асноўнай прадукцыяй было топленае масла, якое выкарыстоўвалі не толькі ў якасці ежы, але і як тэхнічны матэрыял. Бенгальскі султанат славіўся суднабудаўнічымі прадпрыемствамі. Тут былі шырока распаўсюджаны апрацоўка металаў, скур, ганчарства, здабыча жэмчугу, вытворчасць паперы.
Эканамічны поспех бенгальскіх гандляроў у немалой ступені залежаў ад грашовай палітыкі султаната. Яна пачала фарміравацца ў XIV ст., калі дынастыя Ільяс-Шахі арганізавала чаканку срэбраныхманет-така. Колькасць срэбра ў іх перавышала адпаведны паказчык манет Дэлійскага султаната. У XV ст. адразу дзейнічала некалькі манетных двароў. Срэбра завозілі пераважна з Трыпуры і Асаму. Нават у гады палітычных нягод така заставалася ўстойлівай міжнароднай валютай. На мясцовым грашовым рынку таксама былі шырока прадстаўлены ракавіны каўры, якія абменьвалі ў мальдыўцаў на рыс, масла, цукар і іншыя харчовыя тавары.