Беларуская Народная Грамада (БНГ) — беларуская канспірацыйная палітычная група ў акупаванай Беларусі падчас Другой сусветнай вайны ў 1941—1945 гады.
Перадгісторыя стварэння БНГ
Беларуская Народная Грамада была створана ў выніку аб’яднаўчай дзейнасці Юльяна Саковіча і іншых сябраў Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Юльян Саковіч, які пасля пачатку нямецка-савецкай вайны 1941—1945 гадоў вярнуўся з турмы НКВД і застаў удома тэрор польскай дапаможнай паліцыі, паехаў да Мінска, дзе ўжо існавалі беларуская паліцыя і іншыя ўстановы пры акупацыйнай нямецкай адміністрацыі. Там ён атрымлівае давер немцаў у сувязі з тым, што быў раней савецкім палітвязнем, і ўзначальвае адміністрацыйны аддзел Беларускай Народнай Самапомачы і беларускую паліцыю Мінскай акругі. Пасля гэтага Саковіч хутка наладжвае кантакт з Усеваладам Родзькам, уступае ў нелегальную Беларускую Незалежніцкую Партыю, становіцца сябрам ЦК БНП, у выніку — кіраўніком Мінскага акруговага камітэта партыі. На думку Юльяна Саковіча, у існуючым становішчы трэба было пайсці на фальшывую калабарацыю з немцамі, каб заняць ключавыя адміністрацыйныя пасады, перадусім у мясцовай дапаможнай паліцыі, якая ў той час з’яўлялася адзінай беларускай збройнай сілай. На думку Саковіча гэта магло дапамагчы паралізаваць працу «рэальных» калабарантаў і ўратаваць беларускі актыў. З гэтай мэтай ён пачынае шукаць былых сяброў Беларускай сялянска-работніцкай грамады і ўладкоўвае іх у акруговыя камітэты Беларускай Народнай Самапомачы.
Стварэнне і дзейнасць БНГ
Восенню 1941 года па ініцыятыве Юльяна Саковіча, ужо каменданта Беларускай Дапаможнай Паліцыі мінскага раёна, адбылася нелегальная канферэнцыя часткі даваенных актывістаў Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Для прыкрыцця канферэнцыі выкарыстоўваўся інструктарскі курс раённых кіраўнікоў Беларускай Народнай Самапомачы. На з’ездзе прысутнічала 9 актывістаў: 3 — з Мінска (адзін невядомы, Юльян Саковіч і Я. Галейка) і 6 з Заходняй Беларусі (Сяргей Хмара, Васіль Лукашык, Іван Гелда, Васіль Вір, Юрка Стасевіч, Трэска). На патаемнай канферэнцыі абмяркоўвалася тагачаснае мясцовае і міжнароднае становішча, беларускія перспектывы пад нямецкай акупацыяй. Канферэнцыя лічыла, што Германія не зможа хутка скончыць вайну з СССР, захопіць толькі яго еўрапейскую частку, і вайна расцягнецца на доўгія гады, таму аднагалосна было прынята, што трэба ствараць уласныя збройныя сілы. Пытанне калабарацыі і ўваходу, нават дэ-юрэ, да нямецкай адміністрацыі выклікала супярэчнасці: Юльян Саковіч, Васіль Лукашык і Іван Гелда выступілі з прапановай карыстацца кожнай мажлівасцю для рэалізацыі нацыянальных патрэб і цесна супрацоўнічаць з немцамі, а Сяргей Хмара, Васіль Вір і Юрка Стасевіч лічылі, што такім чынам беларускія патрыёты будуць вымушаны выконваць нават злачынныя наказы. У выніку было вырашана пытанне калабарацыі заставіць на сумленні кожнага сябра арганізацыі, не пісаць ніякіх дакументаў і ўлётак, выбраць Юльяна Саковіча кіраўніком, працаваць «тройкамі» — групамі з трох сяброў, якія мелі кантактаваць паміж сабой і з Саковічам праз сваіх непасрэдных кіраўнікоў, галоўныя нарады арганізацыі абмежаваць да выключна неабходных, а назву арганізацыі «Беларуская Народная Грамада» не выкарыстоўваць, замяняючы яго словам «мы». Планавалася, што калі не ўдасца дабіцца ад немцаў самастойнага беларускага корпуса паліцыі з Юльянам Саковічам на чале, ён, як галоўны камендант, будзе павінен пакінуць паліцыйны пост.
Група працавала па ўсёй Заходняй Беларусі, Беласточчыне і Віленшчыне, мацнейшыя цэнтры знаходзіліся ў Мінску, Пінску, Брэсце, Беластоку і Вільні. Кур’еры перадавалі інфармацыю вусна або перавозілі шыфры і лісты. Сяргею Хмары ўдалося атрымаць перапусткі на паездкі па Заходняй Беларусі, бо ён працаваў у фірме па распаўсюджванню прэсы, а пазней — і ў Пінск, які належаў да Украінскага камісарыята.
У 1942 годзе Беларуская Народная Грамада пачала кантактаваць з Беларускай Народнай Партызанкай, намагаючыся аб’яднаць розныя аддзелы Партызанкі пад адзінае кіраўніцтва, і ў выніку Івацэвічаўскай канферэнцыі, дзе ад БНГ прысутнічалі Сяргей Хмара, Васіль Вір і Юрка Стасевіч, узяла на сябе палітычнае кіраўніцтва над незалежнай Беларускай Народнай Партызанкай. На канферэнцыі была створана «Лава атаманаў» і было вырашана падтрымаць прапанову БНГ аб чаканні зручнага моманту для збройнага супраціву. У тым жа годзе БНГ за кароткі час дапамагла арганізаваць Слонімскую Брыгаду Самааховы, але нямецкае кіраўніцтва распусціла і раззброіла яе. Юльян Саковіч у гэты час страціў пасаду каменданта паліцыі Мінскай акругі, стаў камендантам Мінскай паліцыі і са жніўня працаваў у Беларускай Народнай Самапомачы. Васіль Лукашык, бурмістр Беластока, уцёк у Швецыю, дзе пазней спрабаваў закласці Цэнтр Беларускага Вызвольнага Руху. У Слоніме, Баранавічах і Навагрудку арганізацыя прабавала выдаваць легальны часопіс «Покліч» ці «Барацьба», але выданне часопіса было забаронена немцамі. Таксама Беларуская Народная Грамада наладзіла сувязь з падпольнай Беларускай Незалежніцкай Партыяй праз старшыню Цэнтральнага Камітэта Беларускай Незалежніцкай Партыі Усевалада Родзьку і сябра партыі Уладзіслава Рыжага. Праз Сяргея Хмару БНГ беспаспяхова прабавала наладзіць сувязь з Беларускім Народным (Цэнтральным) Фронтам ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага: нягледзячы на тое, што некаторыя сябры БНГ паспелі стаць бальшавіцкімі палітвязнямі, той падазрона адносіўся да былых камуністаў і сацыялістаў з Грамады, бо ў 1930-я гады яны вялі барацьбу супраць яго БНФ. Я. Галейка, актыўны мінскі дзеяч БНГ, успамінаў, што былі спробы наладзіць супрацоўніцтва з Аўгенам Калубовічам, але грамадоўцы з правінцыі не давяралі нікому з «падсавецкіх беларусаў».
У 1943 годзе супраць канспірацыйнай дзейнасці Грамады дзейнічалі ўжо як немцы, так і саветы, хоць ім не ўдалося пранікнуць у кіраўніцтва партыі. Немцы даведаліся пра падпольную дзейнасць Юльяна Саковіча і накіравалі яго кіраўніком Беларускай Народнай Самапомачы на Лідчыну, дзе ён быў забіты каля касцёла ў Васілішках 13 чэрвеня 1943 года разам з Леанідам Мараковым: у гэтым раёне актыўна дзейнічала Армія Краёва, таму немцы былі ўпэўненыя, што Саковіча хутка заб’юць. Немцы арыштоўвалі і катавалі сябраў БНГ. Так, у Пінскім СД былі забітыя сябры БНГ Шаламюк і Дзерваед. У тым жа СД апынуўся Васіль Вір, які на Піншчыне займаўся наладжваннем канспірацыйнай сеткі БНГ і сустрэў супраціў украінскіх нацыяналістаў на службе ў немцаў. Калі б не арышт і наступная прымусовая праца ў Германіі, Васіль Вір павінен быў паехаць у Смаленск дамаўляцца з мясцовымі беларускімі партызанамі аб супрацоўніцтве. Ад рук супрацоўнікаў НКВД генерала Капусты ў тым жа годзе загінуў сувязны БНП і дзеяч БНГ Уладзімір Альшэўскі.
Заняпад БНГ
У чэрвені 1944 года Беларуская Народная Грамада падтрымала ідэю склікання Усебеларускага Кангрэсу ў Мінску: гэта была адзіная апошняя мажлівасць сабраць разам сябраў Грамады і наогул увесь беларускі нацыянальны актыў. На кангрэсе БНГ прабавала ўсталяваць кантакт з генералам Езавітавым. У якасці таемнага прадстаўніка БНГ на кангрэсе выступіў Андрэй Чэмер (Аляксей Анішчык). Пасля гэтага адбылася кароткая нарада грамадоўцаў (Сяргей Хмара, Валянцін Таўлай, Траска, Андрэй Чэмер і іншыя), дзе вырашаўся далейшы лёс арганізацыі: большасць выступала за эміграцыю, але некалькі сябраў прапанавалі застацца ў Беларусі. У становішчы небяспекі ад надыходзячай Чырвонай Арміі, знішчэння Беларускай Народнай Партызанкі і забойства дзясяткаў сяброў БНГ, ў кіраўніцтве было прынята рашэнне перакінуць рэшту людзей на Захад для ратунку ад новых акупантаў і іх забойцаў і лагераў. У Берліне апынуліся, сярод іншых, Сяргей Хмара, Васіль Вір і Юрка Стасевіч. Пад канец 1944 года яны ўтварылі арганізацыю пад назвай «Двупагоня» як працяг БНГ. Сярод застаўшыхся ў БССР сяброў БНГ, якія спадзяліся на тое, што савецкі рэпрэсіўны апарат памякчэе пасля вайны, не быў арыштаваны амаль толькі Валянцін Таўлай, у якога было алібі — супраца са спецгрупай НКГБ «Буравеснік». Іншыя сябры БНГ апынуліся ў лагерах і пайшлі ў антысавецкае падполле ці партызанку.
Беларуская Народная Грамада фактычна скончыла сваю дзейнасць з канцом вайны.
Гл. таксама
Літаратура
- Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік, — Мінск, 1999. ISBN 985-6374-07-3
- Беларускі нацыянальны рэзыстанс у гады Другой сусьветнай вайны, Пагоня, 1995, № 33, 1-7.09, № 34, 8-14.09, № 36, 29.09-5.10, № 37, 6-12.10.
Спасылкі