Барыс Уладзіміравіч Аракчэеў (19 красавіка 1926, в. Турбанава, Яраслаўская вобласць, СССР — 10 сакавіка 2013, Мінск) — беларускі мастак, педагог. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1996). Працаваў у станковым жывапісе, у жанрах пейзажа, нацюрморта, тэматычных карцін і батальных сцэн.
Юнацтва мастака супала з гадамі Вялікай Айчыннай вайны. Ён запісаўся добраахвотнікам на фронт, адкуль у 1944 быў накіраваны ў Бабруйск, а затым у Мінскі штаб акругі, адкуль дэмабілізаваўся.
У 1950 годзе паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча, якое датэрмінова, за добрую паспяховасць, скончыў у 1953. Затым Барыс Аракчэеў паступіў у толькі што адчынены ў Мінску Тэатральна-мастацкі інстытут. Яго настаўнікам і пасля кіраўніком дыплома стаў вядомы беларускі жывапісец і педагог Віталь Цвірка. Адначасова з Барысам Аракчэевым першымі выпускнікамі гэтага інстытута ў 1959 у сталі народныя мастакі Анатоль Анікейчык, Віктар Грамыка, Арлен Кашкурэвіч і Леанід Шчамялёў.
Дыпломная праца Барыса Аракчэева «Этапы вялікага шляху», напісаная на «выдатна», была адабрана для экспазіцыі ў Маскве на Усесаюзнай выставе, надрукавана ў шматлікіх маскоўскіх выданнях і цяпер знаходзіцца ва ўласнасці і пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Сярод твораў Аракчэева — пейзажы, нацюрморты, серыя партрэтаў сучаснікаў і знакамітых людзей. З’яўляўся адным з чатырох стваральнікаў дыярамы «Мінскі кацёл» (1969—1972) у Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, разам з мастакамі Фёдарам Бараноўскім, Мікалаем Залозным і Леанідам Асядоўскім. Член Беларускага Саюза мастакоў з 1964 года. З 1964 па 1971 Барыс Аракчэеў выкладаў жывапіс і кампазіцыю ў Мінскім мастацкім вучылішчы імя Глебава. З 1971 па 1996 — у Беларускай Акадэміі мастацтваў, дзе атрымаў званне дацэнта кафедры. З’яўляўся настаўнікам многіх вядомых беларускіх мастакоў, сярод якіх Уладзімір Кожух, Аляксей Кузьміч, Вячаслаў Рускевіч, Фелікс Янушкевіч, Васіль Іларыёнавіч Ясюк і іншыя. З 1968 па 1977 Барыс Аракчэеў уваходзіў у праўленне Саюза мастакоў БССР.
Творы Аракчэева знаходзяцца ў многіх музеях Рэспублікі Беларусь: 18 работ у Нацыянальным мастацкім музеі, столькі ж у Фондзе Саюза Мастакоў Беларусі, яшчэ 17 работ у Магілёўскім мастацкім музеі, а таксама працамі Аракчэева валодаюць Музей сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Літаратурны музей Максіма Багдановіча, Музеі гісторыі горада Мінску, мастацкія галерэі Гомеля, Светлагорска, Полацка, Крупак, Баранавічаў, і прыватныя калекцыянеры замежных краін. Жыў у Мінску[1].
Бацька трох дачок, кожная з якіх з’яўляецца мастаком-прафесіяналам[2].
Майстэрня мастака знаходзілася ў раёне Плошчы Свабоды, на скрыжаванні вуліц Леніна і Інтэрнацыянальнай.
2 красавіка 2015 года Крупскай мастацкай галерэі было прысвоена імя Барыса Аракчэева. Плошча галерэі складае 60 квадратаў. Яна размешчана ў двух пакоях раённага цэнтра культуры. Галерэя была адкрыта ў 2005 годзе і яе першым жывапісным палатном стаў твор Барыса Аракчэева «Генерал Кульнеў і гродзенскія гусары ў бітве пры Клясціцах». Праца над карцінай ішла 36 месяцаў. Два гады мастак рабіў замалёўкі, эскізы, складаў кампазіцыі і год пісаў. Аракчэеў асабіста падарыў карціну на адкрыццё культурнай установы ў 2005 годзе. Памеры твора не дазваляюць выстаўляць яго непасрэдна на галерэйных плошчах. Таму маштабныя батальныя творы Аракчэева — акрамя алейнага летапісу 1812 года, тут яшчэ і твор Барыса Аракчэева «Подзвіг абаронцаў Брэсцкай крэпасці» — экспануюцца ў адным з залаў краязнаўчага музея. Галерэя — філіял музея. Штогод галерэйны фонд папаўняўся творамі Барыса Аракчэева, які рыхтаваў і праводзіў там асабістыя і дынастычныя выстаўкі[3].