І́ндаіра́нскія мовы (таксама вядомыя як ары́йскія[1]) — адна з галін моў у складзе індаеўрапейскай моўнай сям’і, самыя ўсходнія з сучасных індаеўрапейскіх моў.
Узыходзяць да праіндаіранскай мовы і звязаныя з міграцыямі старажытных арыяў.
З пачаткам параўнальна-гістарычнага даследавання індаеўрапейскіх моў інда-іранская галіна традыцыйна падзялялася на індаарыйскую і іранскую групы, адкуль і паходзіць тэрмін індаіранскія мовы. Тым не менш, даследаванні малых народаў і моў Гіндукуша і Гімалаяў у другой палавіне ХХ ст. прымусілі навукоўцаў перагледзець дыхатамічную класіфікацыю і прызнаць, што схема распаду праарыйскай мовы была значна складанейшай, чым падзел арыяў на індаарыяў ды іранцаў.
З гэтых даследаванняў стала вядомым, што нурыстанскія мовы, знойдзеныя ў ХІХ ст. на поўдзень ад Гіндукуша, з’яўляюцца не галіной індаарыйскіх, а самастойнай галіной у складзе арыйскіх, якая вылучылася з праарыйскага стану яшчэ да распаду астатніх арыяў на індаарыйцаў ды іранцаў[2].
Сур’ёзна перагледжана цяпер і становішча дардскіх моў, якія звычайна разглядаюцца ў якасці гіндукушска-гімалайскага адгалінавання індаарыйскіх. На цяперашні момант таксама існуюць аргументы, якія дазваляюць лічыць дардскія мовы асобным таксонам унутры ўласна індаіранскіх без нурыстанскіх. Паводле часу вылучэння яны суадносяцца з індаарыйскай ды іранскай галінамі. Некаторыя рысы дардскіх моў дазваляюць іх лічыць прамежкавым звяном між індаарыйскімі і іранскімі мовамі[3]. З вышэйзгаданых прычын у навуковы абарот усё часцей уваходзіць тэрмін арыйскія мовы, якім апісваюцца нурыстанскія і ўласна індаіранскія мовы. Такі погляд дае наступную ўнутраную класіфікацыю:
Сучасныя індаарыйскія мовы налічваюць больш за 300 розных ідыёмаў, у тым ліку буйныя мовы міжнацыянальных зносін.
Праарыйская мова
Паходжанне індаіранскіх (арыйскіх) моў звязваецца з рэканструяванай праарыйскай мовай, якая вылучылася з індаеўрапейскай супольнасці і праіснавала да свайго распаду ў ІІІ тыс. да н. э. Па марфалагічных, лексічных і некаторых фанетычных прыкметах праарыйская мова праяўляе блізкасць з продкамі грэчаскай і армянскай моў[4], што, у прыватнасці, дае падставу некаторым лінгвістам прапаноўваць тэорыю пра існаванне праарыйска-грэка-армянскага адзінства перад вылучэннем праарыйскай мовы з праіндаеўрапейскай.
Асноўнымі рысамі праарыйскай мовы, якія вылучылі яе сярод астатніх індаеўрапейскіх моў, з’яўляюцца:
Сатэмізацыя — пераход індаеўрапейскіх палатальных велярных зычных у афрыкаты: *ḱ, *ǵ, *ǵʰ > *ć, *j́, *j́h. Пры гэтым пасля аддзялення нурыстанскіх ва ўласна індаіранскіх у афрыкаце *ć страціўся выбухны элемент, праз што адбыўся пераход у *ś. Гэтая ізаглоса аб’ядноўвае арыйскія мовы з балцкімі, славянскімі, армянскай і албанскай мовамі, супрацьпастаўляючы іх астатнім, кентумным, індаеўрапейскім мовам, у якіх згаданыя вышэй індаеўрапейскія афрыкаты перайшлі ў іншыя гукі. Лабіявелярны рад, як і ў іншых сатэмных мовах, супаў з велярным: *kʷ, *gʷ, *gʷʰ > *k, *g, *gh.
«Другая палаталізацыя» — пераход велярных і лабіявелярных у шыпячыя афрыкаты перад галоснымі *i, *e: *k/kʷ, *g/gʷ, *g/gʷʰ > *č, *ǰ, *ǰh. Эвалюцыя гэтага і папярэдняга рада афрыкат адбывалася па-рознаму ў розных арыйскіх мовах, што сведчыць на карысць іх першапачатковага адрознівання.
Супадзенне галосных і некаторых складовых:
*a, *e, *o, а таксама *m̥ ды *n̥ > *a;
*ā, *ē, *ō, m̥̅, *n̥̅> *ā.
Ратацызм: *r, *l > *r, які дадаткова закрануў складовы варыянт фанемы: l̥, *r̥ > *r̥.
У выніку гэтага сістэма галосных абмяжоўваецца сямю фанемамі: кароткімі *a, *i, *u, доўгімі *ā, *ī, *ū (з чатырма адпаведнымі дыфтонгамі — *ai̭, *aṷ, *āi̭, *āṷ) і складовы санант *r̥ (яго падоўжаны варыянт *r̥̅ быў рэдкі). Акрамя таго, пасля супадзення галосных і іх пераходу ў *a гэтая галосная стала магчымай пасля другога рада афрыкат (*če, *ǰe, *ǰhe > *ča, *ǰa, *ǰha), што зрабіла гэты рад афрыкат паўнацэннымі фанемамі.
Пераход складовага ларынгала *H̥ (*ə) > *i у першым і апошнім складах.
Дзеянне правіла RUKI: пераход *s > *š пасля *i, *r (<*r, *l), *k (<*k, *kʷ) ды *ḱ. Пасля аддзялення нурыстанскіх моў адбыўся таксама пераход *s > *š, а пазней — у *u.
Праарыйскі рад звонкіх прыдыхальных змычных працягвае індаеўрапейскія прыдыхальныя: *bʰ, *dʰ, *gʰ > *bh, *dh, *gh/ǰh, які ў далейшым лепш за ўсё захаваўся ў індаарыйскіх. У праарыйскай таксама развіўся адпаведны рад прыдыхальных глухіх змычных, які першапачаткова адсутнічаў у праіндаеўрапейскай. Асноўнай іх крыніцай былі спалучэнні з ларынгалам: *pH, *tH, *kH > *p(h), *t(h), *k(h). Хутчэй за ўсё, фанемізацыя гэтага рада адбылася толькі пасля аддзялення нурыстанскіх.
Старажытныя мовы
Самымі старажытнымі індаіранскімі мовамі, пісьмовыя фіксацыі якіх захаваліся да цяперашняга часу, з’яўляюцца:
Мітанійская арыйская мова — найстаражытнейшая пісьмовая фіксацыя (XV—XIII стагоддзі да н. э.) адной з форм старажытнаарыйскага маўлення ў выглядзе імён багоў у дагаворах хурытамоўнай дзяржавы Мітані, конегадоўчай тэрміналогіі хурытаў, запазычанняў у акадскую мову і іншыя старажытныя мовы Блізкага Усходу. Лічыцца найбліжэйшай да старажытнаіндыйскай, аднак збліжаецца ў асноўным архаізмамі, маючы ўласныя інавацыі. Лічыцца, што мітанійцы вельмі скора асіміліраваліся сярод хурытаў, і іх мова не пакінула нашчадкаў[5].
Старажытнаіндыйская мова — літаратурная форма мовы старажытных індаарыяў, якая традыцыйна падзяляецца на санскрыт і ведыйскую мову. Мова Ведаў адпавядала размоўнай старажытнаіндыйскай, якая бытавала ў Пенджабе ў часы складання самых старажытных гімнаў Рыгведы (1500—1300 гг. да н. э.), у позневедыйскі перыяд кансерватыўная рэлігійная мова стала адасабляцца ад развіцця размоўных форм (пракрытаў), што пазней прывяло да выпрацоўкі санскрыту — закансерваванай і ўпарадкаванай формы літаратурнай старажытнаіндыйскай мовы, проціпастаўленай пракрытам, якія на той момант ужо адышлі ад старажытнай формы.
Авестыйская мова — літаратурная мова помнікаў Авесты (1200—600 гг. да н. э.), найбліжэйшая да старажытнаіранскай мовы. Мова найстаражытнейшай часткі Авесты — Гатаў — асабліва блізкая да мовы старажытнаіндыйскай Рыгведы.
З сярэдзіны I тыс. да н. э. узнікаюць помнікі на мовах, што дэманструюць адыход ад старажытнаарыйскай формы і ўсё большае разыходжанне між сабою:
Мідыйская мова, пазней — азеры (не блытаць з не-індаеўрапейскай азербайджанскай), талышская, гілянская, тацкая, кіліцкая, дыялекты таці;
Старажытнаперсідская мова, пазней — сярэднеперсідская, парфянская, бактрыйская, сагдыйская, харэзмійская, хатанасакская мовы.
У ранейшыя часы інда-іранскія мовы мелі значна большы арэал распаўсюджвання. Сярод іх носьбітаў — скіфы, якія, паводле старажытнагрэчаскіх і рымскіх апісанняў, жылі на поўнач ад Чорнага мора. У прыватнасці, меркавана інда-іранскую этымалогію маюць гідронімы Дон, Дняпро, Дунай. Тым не менш, інда-іранскія мовы зніклі з тэрыторыі Усходняй Еўропы пасля Вялікага перасялення народаў, адным з асколкаў гэтых моў з’яўляецца асецінская мова, распаўсюджаная на Каўказе.
З VII ст. па ўсёй Паўднёва-Ўсходняй Азіі распаўсюджанне набыў санскрыт.
Зноскі
↑Jadranka Gvozdanović. Numeral Types and Changes Worldwide / Walter de Gruyter. — 1999. — 281 с.
↑Эдельман Д. И. Нуристанские языки / Дардские и нуристанские языки. — Языки мира. — М., 1999. — С. 99.
↑Коган, А. И. Дардские языки: Генетическая характеристика. — М.: Восточная литература РАН, 2005.
↑Т. В. Гамкрелидзе, Вяч. Вс. Иванов. Индоевропейский язык и индоевропейцы. — Тбилиси, 1984. — С. 415.
↑Paul Thieme. The "Aryan" gods of the Mitanni treaties. — Tubingen. — (Seminar fur Indologie).
Літаратура
Chakrabarti, Byomkes (1994). A comparative study of Santali and Bengali. Calcutta: K.P. Bagchi & Co. ISBN 81-7074-128-9