Акцябрскі[2] (руск.: Октя́брьский) — рабочы пасёлак на поўдні Архангельскай вобласці Расіі, адміністрацыйны цэнтр Усцьянскага раёна і муніцыпальнага ўтварэння «Акцябрскае». У 2016 годзе ў пасёлку пражывала 9133 чалавек. Размешчаны на левым беразе ракі Усцья (прыток Вагі). Бліжэйшая чыгуначная станцыя — Кастылева Паўночнай чыгункі. Звязаны аўтамабільнай дарогай «Конаша — Вельск — Шангалы» з федэральнай трасай М8.
Да 1950 года, на тэрыторыі цяперашняга пасёлка Акцябрскі, на левым беразе ракі Усцья знаходзілася вёска Тураносаўская, ці ж Ніжняя Поржама. У 1950 годзе, у сувязі з будаўніцтвам Шангальскай лесаперавалачнай базы, пачынаецца будаўніцтва пасёлка Першамайскі. У 1958 годзе пасёлку прысвойваецца цяперашняя назва Акцябрскі, а таксама ён атрымлівае статус пасёлка гарадскога тыпу. У 1975 годзе адміністрацыйны цэнтр Усцьянскага раёна пераносіцца сюды з вёскі Шангалы. З 2006 года з’яўляецца цэнтрам МУ «Акцябрскае».