Інстру́кцыя па транслітара́цыі геаграфі́чных на́зваў Рэспу́блікі Белару́сь лі́тарамі лаці́нскага алфаві́та[A] — метад запісу лацінскім пісьмом беларускіх геаграфічных назваў пры стварэнні карт і геаграфічных даведнікаў, прызначаных для міжнароднага выкарыстання, ухвалены пастановай Дзяржаўнага камітэта па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі Рэспублікі Беларусь (№ 15 ад 23 лістапада 2000 года),[1] апошнія змены ўнесены 11 чэрвеня 2007 года. Створана на аснове класічнай беларускай лацінкі.
У лютым 2013 года інструкцыя рэкамендавана Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый як міжнародная сістэма раманізацыі беларускіх геаграфічных назваў[2][3]. У 2022 годзе рэжым Лукашэнкі загадаў сваім структурам спыніць выкарыстанне Інструкцыі па транслітарацыі[4], а 24 сакавіка 2023 года пад ціскам прарасійскіх актывістаў інструкцыя была канчаткова скасавана[5].
Інструкцыя замяняе папярэднія адпаведныя нормы і ўстанаўляе абавязковыя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь правілы перадачы лацініцай беларускіх геаграфічных назваў пры стварэнні ў Рэспубліцы Беларусь картаграфічных і іншых вырабаў, прызначаных для міжнароднага выкарыстання. Перадача беларускіх назваў на лацініцу ажыццяўляецца ў адпаведнасці з іх правільным, афіцыйна зацверджаным напісаннем на беларускай мове. Пры адсутнасці беларускамоўных афіцыйных матэрыялаў за аснову бяруцца назвы, традыцыйныя ў мэтавай мове, пры гэтым магчымыя выпраўленні скажэнняў.
Пры гэтым правілы не распаўсюджваюцца на тапонімы іншых краін з афіцыйна прынятай лацінскай сістэмай пісьма (тапонімы перадаюцца на картах у адпаведнасці з нацыянальнай формай напісання кожнай з дзяржаў) і на тапонімы сумежных краін з афіцыйна прынятай кірылічнай сістэмай пісьма (назвы тапонімаў перадаюцца ў адпаведнасці з сістэмамі лацінізацыі геаграфічных назваў гэтых дзяржаў).
Пры выбары вялікіх ці малых літар, злучнага ці асобнага напісання, напісання праз злучок захоўваецца адпаведнае беларускае напісанне.
У паказніках геаграфічныя назвы размяшчаюцца ў адпаведнасці з паслядоўнасцю асноўных літар беларускай нацыянальнай лацінкі: a, b, c, č, d, е, f, h, i, j, k, l, m, n, o, p, r, s, š, t, u, v, z, ž, y.
Апроч звычайных літар лацінскага алфавіта выкарыстоўваюцца лацінскія літары з трыма рознымі дыякрытычнымі знакамі:
У адпаведнасці з Інструкцыяй былі зацверджаныя наступныя правілы транслітарацыі:
Заўвагі:
Першая рэдакцыя Інструкцыі па транслітарацыі беларускіх геаграфічных назваў афіцыйна зацверджаная ў 2000 годзе, але пра гэта шырока не паведамлялася. У кастрычніку 2006 года ў Таліне на канферэнцыі экспертаў ААН па тапаніміцы было прынятае рашэнне, што беларускія тапонімы ў лацінскім шрыфце будуць захоўваць асаблівасці беларускай арфаэпіі. Пры гэтым галоўны спецыяліст сектара картаграфіі Беларускага дзяржаўнага камітэта па маёмасці Наталля Аўраменка паведаміла, што інструкцыя па транслітарацыі стваралася на падставе беларускай лацінкі, якая была распрацаваная Браніславам Тарашкевічам[6], хоць беларускай лацінкай у поўным сэнсе яна не з’яўляецца, бо ёсць выключна сістэмай транслітарацыі. У 2013 годзе Інструкцыя была зацверджаная Працоўнай групай ААН па геаграфічных назвах (United Nations Group of Experts on Geographical Names) у якасці сістэмы транслітарацыі геаграфічных назваў Беларусі[7].
У 2006 і 2007 гадах у фармулёўку Пастановы і спосаб транслітарацыі ўносіліся змены, асноўныя з якіх палягалі ў перадачы літары «ў» як «ŭ» замест «ú», і спалучэнняў літар «дзь», «зь», «ль», «нь», «сь», «ць» як «dź», «ź», «ĺ», «ń», «ś», «ć» адпаведна замест ранейшых спалучэнняў «dz'», «z'», «l'», «n'», «s'», «c'»; перастаў выкарыстоўвацца апостраф.
Адной з першай карт, якія былі выдадзеныя з выкарыстаннем правіл транслітарацыі паводле Інструкцыі, была турыстычная карта Беларусі, выдадзеная ў 2005 годзе Камітэтам па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі. Назвы геаграфічных месцаў у ёй прыводзіліся ў адпаведнасці з рэдакцыяй Інструкцыі, якая дзейнічала на той час: «Barysaú», «Červien´» «Mar´ina Horka».[8]
Праз некалькі гадоў рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам «Белгеадэзія» былі выдадзены новыя карты, назвы ў якіх адпавядалі дзейнай выпраўленай рэдакцыі Інструкцыі. Прыблізна ў той самы час у цэнтры Мінска з’явіліся ўказальнікі на гістарычныя раёны горада і станцыі метро, назвы на якіх былі перададзеныя ў адпаведнасці з Інструкцыяй па транслітарацыі.
У жніўні 2009 года кампанія Google у сваім сэрвісе карт Google Maps адкрыла магчымасць рэдагавання карты Беларусі, праз некаторы час з’явілася магчымасць дадаваць напісанне паводле Інструкцыі.
Пашырэнне выкарыстання Інструкцыі адбылося перад Чэмпіянатам свету па хакеі з шайбай 2014 у Мінску. Пасля чэмпіянату свету пашырэнне ўжывання лацінкі ў навігацыі працягнулася. Лацінкай прадубліравана напісанне назваў станцый на схемах Мінскага метрапалітэна, турыстычныя вулічныя карты, указальнікі, шыльды з назвамі вуліц на дамах[9][10].
У 2020 годзе, пасля пачатку палітычнага крызісу ў Беларусі, рэжым Лукашэнкі пачаў новую хвалю русіфікацыі грамадства. У 2022 годзе прарасійскія актывісты пачалі заклікаць да забароны беларускай лацінкі і створанай на яе аснове Інструкцыі па транслітарацыі геаграфічных назваў. Высоўваліся прапановы транслітараваць беларускія геаграфічныя назвы з рускай мовы[11]. 8 снежня 2022 года Рэспубліканская рада па гістарычнай палітыцы пры Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі абмеркавала ўжыванне беларускай транслітарацыі, па выніках чаго было вырашана ад яе адмовіцца. У склад Рэспубліканскай рады па гістарычнай палітыцы, сярод іншых, на час пасяджэння ўваходзілі Вадзім Гігін, Ігар Марзалюк, Вячаслаў Даніловіч, Аляксандр Карлюкевіч, Анатоль Маркевіч, Андрэй Іванец, Максім Рыжанкоў, Віктар Лісковіч, Юрый Амбразевіч[12]. У дакладной запісцы за подпісам кіраўніка адміністрацыі Ігара Сергеенкі на адрас Аляксандра Лукашэнкі было адзначана, што «выкарыстанне такога напісання выклікае крытыку з боку навуковай супольнасці, патрыятычна настроеных грамадзян, грамадскіх актывістаў і блогераў», а таксама што праз лацінку адбываецца «навязванне з дапамогай лацінізацыі беларускай мовы заходніх ліберальных каштоўнасцяў і культурных традыцый»[4]. 16 снежня 2022 года Лукашэнка падпісаў даручэнне, паводле якога дзяржаўным органам было загадана спыніць выкарыстанне лацінкі[13].
24 сакавіка 2023 года Інструкцыя была канчаткова скасаваная[5]. На замену была апублікаваная новая Інструкцыя, цалкам адрозная ад беларускай лацінкі ці папярэдняй Інструкцыі па транслітарацыі. Так, літара «г» у ёй перадаецца праз «g», а літара «х» праз «h» (Grodna, Halapienichy). Тыя галосныя, якія раней перадаваліся дыякрытыкай, паводле новай Інструкцыі перадаюцца цераз дзве літары: «ж» як «zh», «ш» як «sh», літара «ў» перадаецца як «w». Мяккасць зычных ніяк не абазначаецца[14].
Спосаб транслітарацыі, які быў прапанаваны ў апошняй рэдакцыі Інструкцыі, практычна цалкам супадае з перадачай назваў класічнай лацінкай. Між імі можна вылучыць толькі два значныя разыходжанні і адно нязначнае: