Цэ́сіна[1] (трансліт.: Cesina, руск.: Цесино) — вёска ў Мінскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Навадворскага сельсавета. Месціцца за 8 км на поўдзень ад Мінска, каля шашы Н9034.
У 1917 годзе маёнтак у Самахвалавіцкай воласці Мінскага павета Мінскай губерні.
З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары Самахвалавіцкай воласці атрымалі пасведчанні Народнага Сакратарыята Беларусі[2]. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў і ў сярэдзіне кастрычніка 1920 года пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).
З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. З 20 жніўня 1924 года пасёлак у складзе Гатаўскага сельсавета Самахвалавіцкага раёна Менскай акругі. 18 студзеня 1931 года перададзена ў падпарадкаванне Менскага гарсавета. З 26 траўня 1935 года ў Менскім раёне. З 20 лютага 1938 года ў Менскай вобласці.
У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года вёска пад акупацыяй Германіі, загінулі 10 жыхароў.
Да 5 сакавіка 1959 года Цэсiна ўваходзіла ў склад Гатаўскага сельсавета[3].
Каля вёскі месціцца 5-ы дывізіён 15-й зенітнай ракетнай брыгады Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.