Ураціслаў быў сынам князя Баржывоя I і яго жонкі Людмілы. З 906 года быў жанаты з Драгамірай з палабскіх славян. У гэтым шлюбе нарадзіліся Святы Вацлаў, Баляслаў I і, верагодна, яшчэ адзін сын па імі Спытыгнеў, а таксама чацвёра дочак.
У 915 годзе пераняў пасля смерці старэйшага брата Спытыгнева I уладу над цэнтральначэшскай вобласцю вакол Прагі і кіраваў да 921 года. У яго час Багемія знаходзілася пад уплывам баварскага герцага Арнульфа. Для абароны ад пагрозы з боку саксонскіх герцагаў Багемія складала розныя саюзы. Жаніцьба Ураціслава з Драгамірай злучала Багемію з найбольш магутным на той момант палабскім племем стадаран. Мадзьярскім воінам, якія з пачатку X стагоддзя здзяйснялі напады на захад, ён даваў свабодны праход, а ў 915 годзе ў іх набегу на Саксонію ўдзельнічалі і чэшскія воіны.
Унутры краіны Ураціслаў, як і яго брат Спытыгнеў I, умацаваў пазіцыі дынастыі Пржэмысловічаў. У межаў сваіх уладанняў ён пабудаваў новыя крэпасці і паменшыў уплыў іншых чэшскіх князёў. Нешматлікія захаваныя літаратурныя і археалагічныя помнікі не даюць магчымасці дакладна размежаваць значэнне абодвух братоў падчас станаўлення дзяржавы. Вядома толькі, што яшчэ ў 897 годзе ў Рэгенсбургу Багемію ўяўляла некалькі князёў, а ў 929 годзе сын Ураціслава Вацлаў быў бясспрэчным аднаасобным кіраўніком усёй краіны, нягледзячы на тое, што асобныя княствы працягвалі існаваць далей. З гэтага можна зрабіць выснову, што за 20-гадовае кіраванне Спытыгнева I і 6-гадовае кіраванне Ураціслава дынастыя Пржэмысловічаў канчаткова перамагла ў барацьбе за ўплыў.