Тыбесты (араб. تيبستي, фр.: Tibesti) — горнае плато (нагор’е) у цэнтральнай Сахары, размешчана пераважна на поўначы дзяржавы Чад і часткова на поўдні Лівіі.
Найвышэйшы пункт нагор’я (а таксама Чада і ўсёй Сахары) — актыўны шчытавы вулкан Эмі-Кусі, які дасягае 3415 метраў у вышыню. Гара Біку-Біці, якая таксама адносіцца да нагор’я, з’яўляецца найвышэйшым пунктам Лівіі (2267 м).
Цэнтральная частка Тыбесты ўтворана пяццю шчытавымі вулканамі з буйнымі кальдэрамі — Эмі-Кусі (3415 м), Тусідэ (3265 м), Тарс Вун (3100 м), Тарс Ега (2972 м) і Тарс Тун (2575 м).
Нагор’е размяшчаецца ў 1000 км на поўнач ад Нджамены і ў 1500 км на паўднёвы ўсход ад Трыпалі; прыкладна на паўдарогі паміж Міжземным морам і возерам Чад. Адміністрацыйна прыпадае на тэрыторыі чадскіх рэгіёнаў Борку і Тыбесты і лівійскіх муніцыпалітэтаў Марзук і Эль-Куфра.