Будучая актрыса нарадзілася ў Нью-Ёрку4 кастрычніка1946 года; яна — старэйшая з дзевяці дзяцей. Пра кінакар’еру яна ўпершыню задумалася, калі ажанілася з акцёрам Крысам Саранданам (іх шлюб працягваўся з 1967 па 1979). Самым паспяховым з яе ранніх фільмаў было «Шоу жахаў Рокі Хорара» (1975). У канцы 1970-х Сарандан пачынае супрацоўнічаць з французскім рэжысёрам Луі Малем, у 1982 намінуецца на прэмію «Оскар» за ролю ў яго карціне «Атлантык-Сіці» (1980).
Нягледзячы на ўдзел Сарандан разам з Дэвідам Боўі і Катрын Дэнёў у нашумелым фільме «Голад» (1983), актрыса заставалася адносна малавядомай сярод шырокай публікі. Сітуацыя змянілася, калі яна атрымала ролі ў такіх камерцыйна паспяховых праектах, як «Іствікскія ведзьмы» (1987) і «Дархэмскі бык» (1988). Працуючы над апошнім фільмам, Сарандан зблізілася з акцёрам Цімам Робінсам, адносіны з якім працягваліся да 2009 года.[4] У іх двое сыноў: Джэк Генры (нар. 1989) і Майлз (нар. 1992). Таксама ў Сарандан ёсць дачка, Ева Амуры (нар. 1985), ад рэжысёра Франка Амуры.[5]
У першай палове 1990-х Сарандан практычна штогод намінавалася на «Оскар» за найлепшую жаночую ролю (за фільмы «Тэльма і Луіза», «Алей Ларэнца», «Кліент»). Атрымала гэту прэмію за ролю ў фільме Робінса «Мярцвяк ідзе» (1995). У наступныя гады здымалася ў кіно адносна мала. Сарандан з’яўляецца перакананай пацыфісткай і рэгулярна ўдзельнічае ў пратэстах супраць вайны ў Іраку. Яна таксама актыўна выступае за захаванне навакольнага асяроддзя і правы сексуальных меншасцей.