Ручаё́ўка[1] (трансліт.: Ručajoŭka, руск.: Ручаёвка) — аграгарадок у Лоеўскім раёне Гомельскай вобласці Беларусі. Цэнтр Ручаёўскага сельсавета. Месціцца за 25 км на паўднёвы захад ад Лоева, за 63 км ад чыгуначнай станцыі Рэчыца, за 117 (111[2]) км ад Гомеля, на аўтамабільнай дарозе Брагін — Лоеў. На поўдзень месціцца сетка меліярацыйных каналаў, на ўсходзе рака Пясочанка, якая ўпадае ў возера Лутаўскае, што ў пойме ракі Дняпро.
Планіровачна складаецца з амаль просталінейнай вуліцы, блізкай да шыротнай арыентацыі, да якой з поўначы далучаецца кароткая вуліца. Забудова двухбаковая, драўляная, сядзібнага тыпу.
Паблізу ёсць залежы гліны і торфу.
У пісьмовых крыніцах згадваецца ў пачатку XIX стагоддзя як вёска ў Рэчыцкім павеце Мінскай губерні. У 1834 годзе 23 двары, у 1850 годзе 27 двароў, уладанне памешчыцы Быкоўскай. У 1872 годзе пабудаваная драўляная пяцікупальная Вазнясенская царква, у якой сярод кніг былі служэбнік, выдадзены ў Кіеве ў 1791 годзе, і маскоўскія евангеліі 1805 і 1863 гадоў. У 1885 годзе 67 двароў, цэнтр Ручаёўскай воласці, у якую ўваходзілі 12 селішчаў з 438 дварамі. У 1897 годзе 533 жыхары, ёсць народнае вучылішча, хлебазапасны магазін, карчма. У 1916 годзе пачаў дзейнічаць тэлеграф. У 1908 годзе 104 двары.
У пачатку сакавіка 1918 года Ручаёўку занялі германскія войскі[3]. Савецкая ўлада была ліквідавана, а павет па дамоўленасці паміж урадамі Германскай імперыі і Украінскай Народнай Рэспублікі далучаны да апошняй. Неўзабаве 25 сакавіка гэтага ж года Радай БНР была прынятая Трэцяя Устаўная грамата, паводле ўмоў якой Рэчыцкі павет склаў адну з заяўленых тэрыторый Беларускай Народнай Рэспублікі, але органы ўлады рэспублікі не разгарнулі дзейнасць з прычыны агульнай неарганізаванасці сярод структур БНР і адмоўнага стаўлення нямецкага франтавога камандавання да ўтварэння БНР[4]. Разам з тым, на фоне Лістападаўскай рэвалюцыі ў Германіі і адклікання нямецкіх войск з Усходняга фронту, Ручаёўка зноў апынулася пад савецкай уладай у складзе Заходняй камуны РСФСР.
З 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі Ручаёўка ўвайшла ў склад БССР. З 16 студзеня Ручаёўка была ўключана ў склад РСФСР, дзе належала да Рэчыцкага павета Гомельскай губерні[3].
У сакавіку 1920 года пачалося наступленне польскай арміі[3]. 12 сакавіка польскі атрад захапіў Ручаёўку, але на наступны дзень быў разбіты РСЧА[5].
У выніку пагрому, які 7 лютага 1921 года ўчыніла банда Галакі, загінулі 40 жыхароў[крыніца?]. 9 мая 1923 года воласць была ліквідавана, а тэрыторыя ўключана ў Лоеўскую і Холмецкую воласці.
З 8 снежня 1926 года ў складзе БССР, цэнтр Ручаёўскага сельсавета Лоеўскага, з 25 снежня 1962 года Брагінскага, з 30 ліпеня 1966 года Лоеўскага раёнаў Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 года Гомельскай (да 26 ліпеня 1930 года) акруг, з 20 лютага 1938 года Гомельскай вобласці. У 1930 годзе 69 двароў, ёсць пачатковая школа, хата-чытальня, аддзяленне спажывецкай кааперацыі. У 1931 годзе арганізаваны калгас імя СНК БССР, працавала кузня. У 1940 годзе ў вёсцы 103 двары.
У Другую сусветную вайну нямецкія ўлады размясцілі ў вёсцы свой гарнізон, які 8 верасня 1942 года быў разгромлены партызанамі. У 1943 годзе нацысцкія войскі спалілі 93 двары, загубілі 8 жыхароў.
Цэнтр саўгаса «Зара». Ёсць сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, ветэрынарны ўчастак, аддзяленне сувязі, шавецкая майстэрня, яслі-сад[6].