Пярэ́сека[1] (трансліт.: Piaresieka) — вёска ў Мінскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Міханавіцкага сельсавета. Месціцца за 11 км на поўдзень ад Мінска, за 4 км на захад ад чыгуначнай станцыі Міханавічы, на шашы М1.
У 1897 годзе фальварак, урочышча, двор у Самахвалавіцкай воласці Мінскага павета Мінскай губерні.
З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў і ў сярэдзіне кастрычніка 1920 года пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).
З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. З 20 жніўня 1924 года пасёлак у Дзяргайскім сельсавеце, з 1927 года ў Гатаўскім сельсавеце Самахвалавіцкага раёна Менскай акругі (да 26 ліпеня 1930 года). З 18 студзеня 1931 года ў падпарадкаванні гарадскога савета Менска. З 26 траўня 1935 года ў Менскім раёне. З 20 лютага 1938 года ў Менскай вобласці.
У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года вёска пад акупацыяй Германіі.
5 сакавіка 1959 года вёска перададзена са скасаванага Гатаўскага сельсавета ў склад Самахвалавіцкага сельсавета[2].
У пачатку XX стагоддзя ў маёнтку Пярэсека жыў будучы вядомы фатограф Ян Булгак (1876—1950).