Пя́рну (эст.: Pärnu) — партовы горад на паўднёвым захадзе Эстоніі, цэнтра павета Пярну. Насельніцтва — 44 024 жыхароў (2009). Пярну — галоўны порт Эстоніі на ўзбярэжжы Балтыйскага мора. Знаходзіцца на аднайменнай рацэ і Саўзе, на шляху з Рыгі ў Талін.
Заснаваны ў 1241 годзе рыцарамі Тэўтонскага ордэна. У 1562 годзе захоплены шведамі, у 1565 годзе на кароткі час быў заняты лівонскімі рыцарамі, у 1575 — захоплены маскоўцамі. Вызвалены мясцовай шляхтай і вялікалітоўскімі войскамі. З 1582 года частка Інфлянтаў як кандамініўма Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай. З 1598 годзе парнаўскі ваявода і кашталян ўваходзілі ў сенат Рэчы Паспалітай.
У 1600 годзе захоплены шведамі. У 1609 годзе вызвалены вялікалітоўскімі войскамі пад камандаваннем Я. К. Хадкевіча. З 1598 года староства трымаў Леў Сапега, які перапрадаў яго Янушу Кішцы ў 1610 годзе. Падчас войнаў Пярну неаднойчы пераходзіў з рук у рукі пакуль у 1617 годзе амаль на сто гадоў не стаў шведскім.
У 1699—1710 гадах у Пярну часова знаходзіўся Тартускі ўніверсітэт. Аднак падчас Вялікай Паўночнай вайны, у 1710 годзе горад быў захоплены маскоўцамі і заставаўся ў складзе Расіі да абвяшчэння незалежнасці Эстоніяй у 1918 годзе.
Клімат Пярну характарызуецца мяккай зімой і дажджлівым, халаднаватым летам. Адносная вільготнасць паветра — 81 % (ад 71 % у маі да 88 % у лістападзе—снежні).[1]