Петрапаўлаўскі сабор (афіцыйная назва — Сабор у імя першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла) — праваслаўны сабор у Санкт-Пецярбургу ў Петрапаўлаўскай крэпасці, пахавальня рускіх імператараў, помнік архітэктуры пятроўскага барока[1].
Да 2012 года сабор вышынёй 122,5 м быў самым высокім з будынкаў Санкт-Пецярбурга. З 2013 года ён з’яўляецца трэцім па вышыні будынкам у горадзе, пасля 140-метровага небаскроба Лідар Таўэр і жылога комплексу «Князь Аляксандр Неўскі», вышыня якога складае 124 метра.
30 мая1712 года быў закладзены каменны Петрапаўлаўскі сабор[3]. Ён будаваўся такім чынам, што драўляны храм заставаўся ўнутры новага будынка[2]. Працай кіраваў італьянскі архітэктар Даменіка Трэзіні[1]. Ва ўстаноўцы шпіля ўдзельнічаў галандскі майстар Харман ван Болас. Па загадзе Пятра I будаўніцтва пачалося са званіцы[2]. З-за недахопу рабочых рук, уцёку сялян і недахопу рабочых матэрыялаў яна была скончана толькі ў 1720 годзе[2]. Аднак шпіль званіцы быў накрыты лістамі пазалочанаймедзі толькі праз некаторы час[2]. Вышыня збудавання складала 112 метраў, што на 32 метры вышэй за званіцу Івана Вялікага[2]. Увесь сабор быў дабудаваны толькі да 1733 года ўжо пасля смерці Пятра I[2].
У 1756—1757 гадах Петрапаўлаўскі сабор быў адноўлены пасля пажару. У 1773 годзе асвячоны прыдзел святой Кацярыны. На званіцы ў 1776 годзе змантаваны куранты майстра Б. Оарта Краса з Галандыі[1]. Пашкоджаную фігуру анёла ў 1830 годзе адрамантаваў Пётр Цялушкін, які падняўся наверх без лясоў.
У 1857—1858 гадах драўляныя канструкцыі шпіля былі заменены металічнымі (архітэктар К. А. Тон, інжынеры Д. І. Жураўскі[1], А. С. Рахнеўскі і П. П. Мельнікаў). Асноўнай задачай была замена драўляных крокваў на металічныя на званіцы сабора. Жураўскі прапанаваў пабудаваць канструкцыю ў выглядзе васьміграннай усечанай правільнай піраміды, звязанай кольцамі; ён жа распрацаваў метад разліку канструкцыі[4]. Пасля гэтага вышыня будынка павялічылася на 10,5 метраў[2].
З 1990-х гадоў у Петрапаўлаўскім саборы рэгулярна праходзяць паніхіды па расійскіх імператарах, з 2000 года — набажэнствы[1]. У 2008 годзе ў саборы было праведзена першае пасля 1917 года велікоднае набажэнства. У наш час настаяцелем храма служыць ігумен Аляксандр (Фёдараў), які з’яўляецца таксама прадстаўніком Санкт-Пецярбургскай епархіі па архітэктурна-мастацкіх пытаннях.