Па сучасных звестках Месяц у многім вельмі адрозніваецца ад Зямлі, у першую чаргу, хімічным саставам: практычна няма вады (хоць у прыпалярных абласцях выяўлены прыкметныя запасы лёду[1]), малое ўтрыманне лятучых элементаў і злучэнняў. Аналіз месяцавых парод дае падставы меркаваць, што Месяц некалі быў поўнасцю расплаўлены, у адрозненне ад Зямлі. Шчыльнасць Месяца параўнальная са шчыльнасцю зямной мантыі, але ў яго вельмі маленькае жалеза-нікелевае ядро.
Аднак выяўлена і вялікае падабенства Зямлі і Месяца. Радыеізатопны аналіз паказвае, што абодва нябесныя целы маюць прыкладна аднолькавы ўзрост: каля 4,5 мільярдаў гадоў. Суадносіны стабільных ізатопаў кіслароду на Месяцы і на Зямлі супадаюць, у той жа час моцна адрозніваючыся ад такіх суадносін ва ўсіх вядомых метэарытаў. Гэта сведчыць аб тым, што Зямля і Месяц утварыліся па суседстве — з рэчыва, якое знаходзілася на аднолькавай адлегласці ад Сонца ў протапланетным воблаку.
Такое спалучэнне агульных уласцівасцей і істотных адрозненняў у структуры Месяца і Зямлі спарадзіла тры групы ўзаемавыключальных здагадак аб паходжанні Месяца:
сумеснае ўтварэнне Зямлі і Месяца з аднаго протапланетнага воблака;
Месяц сваім выглядам і фактам існавання заўсёды здзіўляў чалавецтва. У старажытнасці шматлікія народы ўшаноўвалі Месяц як бажаство. Старажытныя грэкі, магчыма, першымі сталі вывучаць Месяц, выкарыстоўваючы навуковы падыход. У трэцім стагоддзі да н.э. Арыстарх Самоскі, назіраючы зямны цень на Месяцы падчас месяцавых зацьменняў, ацаніў адлегласць да Месяца ў шэсцьдзесят радыусаў Зямлі (паводле сучасных даных, радыус месяцавай арбіты змяняецца ў межах ад 55 да 63 зямных радыусаў). Плутарх меркаваў, што на Месяцы могуць жыць людзі — селеніты. Лічылася, што цёмныя плямы на Месяцы — гэта моры, а светлыя месцы — суша.
У 1609 годзе Галілеа Галілей выявіў на Месяцы горы і кратары, разглядзеўшы ў тэлескоп іх цені. На падставе сваіх назіранняў Галілей прыйшоў да высновы, што Месяц з'яўляецца камяністым целам, як і Зямля. З тых часоў над загадкай утварэння Месяца разважалі многія пакаленні навукоўцаў, пачынаючы з Імануіла Канта і Рэнэ Дэкарта. З пачатку сямнаццатага стагоддзя і да сярэдзіны дваццатага было прапанавана некалькі асноўных гіпотэз, якія мелі сваіх прыхільнікаў і свае ўзлёты папулярнасці.
Новая эра ў вывучэнні Месяца пачалася ў 1960-х гадах з палётаў да Месяца савецкіх аўтаматычных станцый і амерыканскіх «Апалонаў». З'явілася новая навука — селеналогія. На Зямлю былі дастаўлены ўзоры месяцавых парод, якія далі багаты матэрыял для разважанняў і пераацэньвання старых ідэй.
Узнікненне Сонечнай сістэмы
Узнікненне Сонечнай сістэмы пачалося з гравітацыйнага сціскання газапылавога воблака, у цэнтры якога ўтварылася самае масіўнае цела — Сонца. Рэчыва протапланетнага дыска сцягнулася ў невялікія планецезімалі, якія сутыкаліся паміж сабой і ўтваралі планеты. Частка планецезімалей была выкінута з унутраных абласцей у пояс Койпера і ў воблака Оарта.
Агульнае і асаблівае ва ўласцівасцях Месяца, Зямлі і сістэмы Зямля—Месяц
Любая разгляданая гіпотэза ўтварэння Месяца павінна не толькі адпавядаць фізічным законам, але і тлумачыць наступныя акалічнасці:
Сярэдняя шчыльнасць Месяца складае 3,3 г/см³, значна саступаючы сярэдняй шчыльнасці Зямлі — 5,5 г/см³. Прычына — у Месяца вельмі маленькае жалеза-нікелевае ядро — яно складае ўсяго 2-3 % ад агульнай масы спадарожніка (паводле даных місіі NASA «Lunar Prospector»). Металічнае ядро Зямлі складае каля 30 % масы планеты.
Месяц, у параўнанні з Зямлёй, мае вельмі нізкае ўтрыманне лёгкалятучых элементаў, такіх, як вадарод, азот, фтор, інертныя газы. І насупраць, на Месяцы назіраецца некаторы лішак адносна тугаплаўкіх элементаў, напрыклад, тытану, урану і торыю.
Пароды месяцавай кары і пароды зямной кары і мантыі практычна ідэнтычныя па суадносінах стабільных ізатопаўкіслароду16O, 17O, 18O (гэтыя суадносіны часам называюць «кіслародным подпісам»). Для параўнання, метэарыты з розных частак Сонечнай сістэмы (у тым ліку і т.зв.марсіянскія метэарыты) маюць зусім іншыя суадносіны ізатопаў кіслароду. Такая ідэнтычнасць сведчыць пра тое, што Зямля і Месяц (ці, прынамсі, паверхня Месяца) сфарміраваліся з аднаго слою планецезімалей — на аднолькавай адлегласці ад Сонца.
Месяц мае магутную трывалую кару таўшчынёй у 60-80 кіламетраў (у некалькі разоў таўсцейшая за зямную кару), утвораную з анартазітавых парод — прадуктаў плаўлення месяцавай мантыі. Таму мяркуюць, што Месяц калісьці быў нагрэты да поўнага расплаўлення. Зямля, як лічыцца, ніколі не была цалкам расплаўленай.
Месяц і Зямля маюць незвычайна высокія суадносіны масы спадарожніка да масы планеты, роўныя 1:81, у параўнанні з астатнімі спадарожнікамі планет Сонечнай сістэмы. (Вышэй — толькі ў Харона і Плутона, але апошні ўжо не лічыцца планетай);
Сістэма Зямля—Месяц мае незвычайна высокі вуглавы момант імпульсу (саступаючы, ізноў жа, толькі сістэме Плутон—Харон).
Плоскасць арбіты Месяца (нахіл 5° да экліптыкі) не супадае з экватарыяльнай плоскасцю Зямлі (нахіл 23,5° да экліптыкі).
Гіпотэзы паходжання Месяца
На падставе гэтага былі прапанаваны наступныя гіпотэзы:
Гіпотэза цэнтрабежнага падзелу: ад протазямлі, якая хутка вярцелася, пад дзеяннем цэнтрабежных сіл аддзяліўся кавалак рэчыва, з якога затым утварыўся Месяц. Гэту гіпотэзу жартам называюць «даччынай».
Гіпотэза захопу: Зямля і Месяц утварыліся незалежна, у розных частках Сонечнай сістэмы. Калі Месяц праходзіў блізка да зямной арбіты, ён быў захоплены гравітацыйным полем Зямлі і стаў яе спадарожнікам. Гэту гіпотэзу жартам называюць «шлюбнай».
Гіпотэза сумеснага ўтварэння: Зямля і Месяц утварыліся адначасова, у непасрэднай блізкасці адно ад аднаго (жартам — «сястрынская» гіпотэза).
Гіпотэза выпарэння: з расплаўленай протазямлі была выпарана ў прастору значная маса рэчыва, якое потым астыла, скандэнсавалася на арбіце і ўтварыла протамесяц.
Гіпотэза многіх месяцаў: некалькі маленькіх месяцаў былі захоплены гравітацыяй Зямлі, потым яны сутыкнуліся адзін з адным, разбурыліся, і з іх абломкаў утварыўся цяперашні Месяц.
Гіпотэза сутыкнення: протазямля сутыкнулася з іншым нябесным целам, а з выкінутага пры сутыкненні рэчыва ўтварыўся Месяц.
Разгляд гіпотэз
Да палётаў «Апалонаў» асноўнымі ў навуковым свеце лічыліся тры гіпотэзы ўтварэння Месяца: цэнтрабежнага аддзялення, захопу, сумеснай акрэцыі. У англамоўнай літаратуры іх называюць «Вялікай тройкай» (англ.: The Big Three).
Гіпотэза цэнтрабежнага аддзялення
Гіпотэзу аддзялення Месяца ад Зямлі ўпершыню прапанаваў Джордж Дарвін, сын знакамітага Чарльза Дарвіна, у 1878 годзе. Ён выказаў здагадку, што пасля ўтварэння маладой Зямлі яна вярцелася з вельмі высокай хуткасцю. Пад дзеяннем цэнтрабежных сіл планета стала настолькі выцягнутай па экватары, што ад яе адарваўся буйны кавалак рэчыва (магчыма, гэтаму спрыялі прыліўныя сілы Сонца). З гэтага рэчыва пасля ўтварыўся Месяц. Гэту гіпотэзу падтрымаў у 1882 годзе геолаг Османд Фішэр(англ.) (бел.: паводле яго меркавання, басейн Ціхага акіяна ўтварыўся менавіта на тым месцы, дзе адарвалася ад Зямлі будучы Месяц. Гіпотэза Дарвіна-Фішэра набыла вялікую папулярнасць і заставалася агульнапрынятай у пачатку XX стагоддзя.
Меркаванні за і супраць
Адрыў рэчыва ад празмерна расцягнутага экватарыяльнага выступу добра тлумачыць памер Месяца. Гэтай гіпотэзе таксама добра адпавядае і меншая шчыльнасць Месяца, бо яна адпавядае шчыльнасці зямной мантыі. Сучасныя даныя пацвярджаюць і факт хутчэйшага вярчэння Зямлі ў далёкім мінулым (гл. прыліўное паскарэнне Месяца). Аднак, патрэбная для цэнтрабежнага адрыву хуткасць вярчэння празмерна вялікая (адзін абарот Зямлі за 1-2 гадзіны). Момант імпульсу вярчэння Зямлі ў такім выпадку павінен быў у 3-4 разы перавышаць цяперашні момант імпульсу сістэмы Зямля—Месяц (які і без таго незвычайна высокі). З'яўленне ў маладой Зямлі такога моманту імпульсу вярчэння немагчыма растлумачыць, як немагчыма растлумачыць і яго наступнае знікненне.
Ніжэйшае, чым у Зямлі, утрыманне лятучых элементаў у месяцавым рэчыве не ўпісваецца ў гэту гіпотэзу. Да таго ж, сучасная тэорыя тэктонікі літасферных пліт лічыць, што ціхаакіянскі басейн у яго цяперашнім відзе існуе ўсяго каля 70 мільёнаў гадоў, і ніяк не мог утварыцца пры адрыве рэчыва ад Зямлі.
Гіпотэза захопу
Гіпотэзу захопу першым выказаў у 1909 годзе амерыканскі астраном Томас Джэферсан Джэксан Сі (Thomas Jefferson Jackson See). Паводле гэтай гіпотэзы, Месяц утварыўся як незалежная планета дзесьці ў Сонечнай сістэме, а затым у выніку нейкіх турбацый перайшоў на эліптычную арбіту, якая перасякалася з арбітай Зямлі. Пры чарговым збліжэнні з Зямлёй, Месяц быў захоплены гравітацыяй Зямлі і стаў яе спадарожнікам.
Меркаванні за і супраць
За:
Легенды шэрага народаў Зямлі, у прыватнасці, дагонаў, гавораць пра часы, калі Месяца на небе яшчэ не было, і пра з'яўленне на небе новага свяціла (Месяца).
Пры падрыхтоўцы да адпраўкі спускальнай аўтаматычнай станцыі на Месяц у ВКБ С. П. Каралёва прыйшлося вырашаць пытанне яго паходжання. Калі лічыць, што Месяц верціцца вакол Зямлі мільярды гадоў і, паколькі ў яго няма шчыльнай атмасферы, на паверхні павінен быў накапіцца шматмятровы слой пылу, які ападае з космасу, і ў якім пры пасадцы патанула б станцыя, сканструяваная для пасадкі на цвёрды грунт. У ВКБ разгарэліся спрэчкі і з'явілася два падыходы да стварэння спускальнай часткі станцыі. Першы прадугледжваў слой месяцавага пылу на паверхні і распрацоўку сродкаў пасадкі і перамяшчэння па такім слоі (напрыклад, пылавыя катары). Другі — што Месяц быў захоплены Зямлёй параўнальна нядаўна, і таму паверхня Месяца, адпаведна, цвёрдая, на што і можна разлічваць пры пасадцы. Паколькі не было пацверджаных навуковых даных, ніводны падыход не мог узяць верх, а ўлічыць абодва па тэхнічных прычынах было немагчыма. Вядома, што ў гэтых умовах С. П. Каралёў прыняў валявое рашэнне лічыць паверхню Месяца цвёрдай і разлічваць станцыю адпаведна:
трэба разлічваць на досыць цвёрды грунт тыпу пемзы[1]
Супраць:
Захоп Месяца зямной гравітацыяй мог бы добра растлумачыць высокі момант імпульсу сістэмы Зямля—Месяц. Але вынікі мадэлявання паказваюць, што імавернасць захопу Зямлёй цела з масай Месяца вельмі малая. Больш верагодна, што планета сутыкнулася б з Зямлёй, ці наадварот, была б адкінута гравітацыяй Зямлі далёка за межы зямной арбіты. Варыянт з магчымым захопам патрабуе праходжання Месяца на адлегласці меншай за мяжу Роша, гэта значыць Месяц, магчыма, быў бы разарваны дзеяннем прыліўных сіл.
Калі б захоп усё-такі адбыўся, то Месяц, хутчэй за ўсё, абарачаўся б вакол Зямлі ў процілеглым (рэтраградным) кірунку (як гэта назіраецца ў захопленых месяцахЮпітэра), і па моцна выцягнутай эліптычнай арбіце.
Малую шчыльнасць Месяца і адсутнасць у яго жалезнага ядра можна растлумачыць дапусціўшы, што Месяц утварыўся за межамі зоны планет зямной групы (Меркурый, Венера, Зямля, Марс). Але тады немагчыма растлумачыць дэфіцыт лятучых элементаў, якія ёсць у дастатку ў зоне планет-гігантаў. Цяжка знайсці ў Сонечнай сістэме адпаведную вобласць з меншым утрыманнем і таго, і іншага.
Ідэнтычнасць суадносін ізатопаў кіслароду на Месяцы і на Зямлі зусім не ўпісваецца ў гэту гіпотэзу.
Сваю версію гіпотэзы захопу — з разбурэннем захопленай планеты прыліўнымі сіламі Зямлі — прапанавалі ў 1989 годзе Алег Сарохцін і Сяргей Ушакоў. Паводле іх тэорыі, планета з суседняй арбіты, названая Протамесяцам, была захоплена Зямлёй і перайшла на калязямную арбіту. Паколькі новы спадарожнік абарачаўся хутчэй за вярчэнне планеты, інтэнсіўныя прыліўныя сілы прыцягвалі яго да Зямлі (адначасова «раскручваючы» Зямлю). Нарэшце, новаздабыты спадарожнік наблізіўся на адлегласць мяжы Роша і пачаў разбурацца. Рэчыва з Протамесяца па спіралі накіравалася да Зямлі. Потым спадарожнік быў практычна разарваны, яго жалезнае ядро звалілася на Зямлю, а значная частка рэчыва кары засталася на арбіце. З гэтых абломкаў пачаў утварацца Месяц, набываючы сферычную форму і аддаляючыся ад Зямлі.
Апошняе месца гіпотэзы выглядае слабым: чаму Месяц стаў аддаляцца ад Зямлі, калі да гэтага Протамесяц абарачаўся хутчэй перыяду абарачэння Зямлі, і прыліўныя сілы Зямлі тармазілі яго, набліжаючы да Зямлі? Незразумела таксама, чаму на Зямлю звалілася менавіта жалезнае ядро, а не рэчыва кары. І нарэшце, сама магчымасць такога ўдалага і «плаўнага» захопу суседняй планеты па-ранейшаму выглядае вельмі малаверагоднай.
Гіпотэза сумеснага фарміравання (сумеснай акрэцыі)
Упершыню падобную гіпотэзу прадставіў Імануіл Кант у працы па касмагоніі, у 1755 годзе. Ён выказаў здагадку, што ўсе нябесныя целы з'явіліся ў выніку сціскання пылавога воблака, а Месяц і Зямля сфарміраваліся разам, з аднаго пылавога згустку: спачатку Зямля, потым, з астатняга рэчыва, Месяц. Вялікім прыхільнікам гіпотэзы сумеснай акрэцыі быў знакаміты астраном Эдуард Рош. У Савецкам Саюзе гіпотэзу сумеснай акрэцыі актыўна распрацоўвала школа Ота Шміта (Віктар Сафронаў, Яўгенія Рускал і інш.). Да 1970-х гадоў гіпотэза сумеснай акрэцыі лічылася найбольш прапрацаванай.
Гіпотэза прадугледжвае, што Зямля і Месяц проста «выраслі» на адной арбіце як падвойная планета, з першапачатковага протапланетнага рою цвёрдых часціц. Першай пачала фарміравацца прота-Зямля. Калі яна набрала дастатковую масу, часціцы з протапланетнага рою захопліваліся яе прыцягненнем і пачыналі абарачацца вакол зародка планеты па самастойных эліптычных арбітах. З гэтых часціц утварыўся ўласны каляпланетны рой. Часціцы роя сутыкаліся паміж сабой, некаторыя страчвалі хуткасць і падалі на прота-Зямлю. Арбіты іншых усярэднены паміж сабой — рой набываў арбіту, блізкую да кругавой. Затым з гэтага рою пачалі фарміравацца зародкі будучага спадарожніка, Месяца.
Меркаванні за і супраць
Калі Зямля і Месяц фарміраваліся ў непасрэднай блізкасці, то ідэнтычнасць кіслародна-ізатопных суадносін лёгка тлумачыцца. Але тады зусім незразумелымі становяцца адрозненні ў шчыльнасці двух цел, а таксама дэфіцыт жалеза і лятучых элементаў на Месяцы.
Паводле слоў Уільяма Хартмана, «цяжка ўявіць, што два нябесныя целы вырастаюць побач з аднаго арбітальнага слоя рэчыва, але пры гэтым адно з іх забірае ўсё жалеза, а другое застаецца практычна без яго».
Прыхільнікі гіпотэзы тлумачаць гэта тым, што кавалкі рэчыва роя пры сутыкненнях драбніліся, затым цяжкія жалезныя часціцы выпадалі на Зямлю, а сілікатны пыл заставаўся на арбіце. Такое тлумачэнне наўрад ці можна прызнаць здавальняючым: для гэтага практычна ўсе часціцы роя павінны былі спачатку разбурыцца да стану пылу.
Падобным чынам у гэтай гіпотэзе тлумачыцца і дэфіцыт лятучых рэчываў — яны выпараліся пры сутыкненнях і драбненнях часціц роя. Але для гэтага часціцам прыйшлося б сутыкацца на высокіх адносных хуткасцях, хоць яны ўсе, як мяркуецца, абарачаліся ў адным кірунку. Прытым, аналагічны працэс павінен быў бы адбывацца і пры фарміраванні Зямлі і іншых планет зямной групы, але вынікаў гэтага не назіраецца.
Гэта гіпотэза таксама не змагла даць зразумелага тлумачэння ні вялікаму моманту імпульсу сістэмы Зямля-Месяц, ні нахілу месяцавай арбіты ў 5° да плоскасці зямной арбіты.
Гіпотэза выпарэння
У 1955 годзе Эрнст Юліус Эпік прапанаваў гіпотэзу, якая часткова звязвае гіпотэзы цэнтрабежнага падзелу і сумеснага ўтварэння. Паводле яго версіі, прота-Зямля, аточаная кольцам каменных часціц, якія бамбардзіравалі яе, ад пастаянных удараў разагрэлася да высокай тэмпературы — каля 2000 °C. Значныя масы рэчыва былі выпараны назад, у калязямную прастору. Сонечны вецер садзьмуў лятучыя элементы, а цяжэйшыя кампаненты скандэнсаваліся і злучыліся з матэрыялам кольцаў, якія затым зліліся ў адзін вялікі кавалак рэчыва — Месяц. Калі награванне Зямлі адбылося на позняй стадыі яе фарміравання, то да гэтага часу цяжкія жалезныя пароды ўжо апусціліся ў ядро, а ўтрыманне жалеза ў паверхневых слаях Зямлі было значна меншым за першапачатковае.
Меркаванні за і супраць
Гіпотэза выпарэння вельмі добра тлумачыць звесткі пра хімічны састаў Месяца, але не можа вырашыць ні праблему высокага вуглавога моманту імпульса, ні праблему нахілу месяцавай арбіты. Геалагічныя звесткі таксама не пацвярджаюць такое моцнае разаграванне Зямлі на стадыі фарміравання: склад парод зямной кары сведчыць, што Зямля ніколі не была цалкам расплаўленай.
Гіпотэза многіх месяцаў
Гіпотэзу ўтварэння аднаго вялікага Месяца з некалькіх спадарожнікаў прадставілі ў 1960-х гадах Томас Голд і Гордан Макдональд. Іх асноўная ідэя заключалася ў тым, што Зямлі значна прасцей было б захапіць паасобку некалькі невялікіх нябесных цел, якія праляталі побач, чым адно вялікае. Калі Зямля «злавіла» ад шасці да дзесяці дробных месяцаў, то іх арбіты ў далейшым маглі змяняцца прыліўнымі сіламі. На працягу прыкладна мільярда гадоў месяцы маглі сутыкацца адзін з адным, а з іх абломкаў сфарміраваўся б Месяц.
Меркаванні за і супраць
Непраўдападобна выглядае сама магчымасць захопу Зямлёй вялікай колькасці спадарожнікаў з іх наступным разбурэннем. Марс мае два невялікія спадарожнікі (Фобас і Дэймас), якія дагэтуль суіснуюць на калямарсіянскіх арбітах. Венера, маса якой блізкая да зямной, наогул не мае спадарожнікаў, як і Меркурый.
Гэта гіпотэза таксама не тлумачыць ідэнтычнасць ізатопна-кіслароднага саставу Месяца і Зямлі.
Гіпотэза сутыкнення была прапанавана Уільямам Хартманамbeen і Дональдам Дэвісам (Donald R. Davis) у 1975 годзе. Паводле іх здагадкі, протапланета, яе назвалі Тэя памерам прыкладна з Марс сутыкнулася з прота-Зямлёй на ранняй стадыі яе фарміравання, калі наша планета мела прыкладна 90 % ад цяперашняй масы. Удар прыйшоўся не па цэнтры, а пад вуглом (амаль па датычнай). У выніку большая частка рэчыва Тэі і частка рэчыва зямной мантыі былі выкінуты на калязямную арбіту. З гэтых абломкаў утварыўся прота-Месяц і пачаў абарачацца па арбіце з радыусам каля 60 000 км. Зямля ў выніку ўдару атрымала рэзкі прырост хуткасці вярчэння (адзін абарот за 5 гадзін) і прыкметны нахіл восі вярчэння.
Меркаванні за і супраць
Гіпотэза сутыкнення ў наш час лічыцца асноўнай, бо яна добра тлумачыць усе вядомыя факты пра хімічны састаў і будову Месяца, а таксама і фізічныя параметры сістэмы Зямля—Месяц. Першапачаткова вялікія сумненні выклікала магчымасць такога ўдалага сутыкнення (касы ўдар, невысокая адносная хуткасць) такога буйнога цела з Зямлёй. Але потым была выказана здагадка, што Тэя сфарміравалася на арбіце Зямлі, у адным з пунктаў Лагранжа сістэмы Сонца—Зямля. Такі сцэнарый добра тлумачыць і нізкую хуткасць сутыкнення, і вугал удару, і цяперашнюю, амаль кругавую арбіту Зямлі.
Слабыя месцы гіпотэзы сутыкнення:
для тлумачэння дэфіцыту жалеза на Месяцы даводзіцца прымаць дапушчэнне, што к часу сутыкнення (4,5 млрд гадоў таму) і на Зямлі, і на Тэі ўжо адбылася гравітацыйная дыферэнцыяцыя, гэта значыць вылучылася цяжкае жалезнае ядро, і ўтварылася лёгкая сілікатная мантыя. Адназначных геалагічных пацвярджэнняў гэтаму дапушчэнню не знойдзена.
Вынік
Адной з галоўных мэт амерыканскіх месяцавых экспедыцый 1960—1970 гадоў было знайсці доказы адной з трох гіпотэз «Вялікай тройкі» (гіпотэзы цэнтрабежнага аддзялення, захопу і сумеснай акрэцыі), якія лідзіравалі тады. Але першыя ж атрыманыя звесткі выявілі сур'ёзныя супярэчнасці з усімі трыма гіпотэзамі. Усе накопленыя да гэтага моманту факты, як лічыцца, сведчаць на карысць гіпотэзы, якой падчас палётаў «Апалонаў» яшчэ не існавала: гіпотэзы гіганцкага сутыкнення.
Зноскі
↑ абЗвёздная дорога Поднебесной (беседа корр. с Д. А. ГУЛЮТИНЫМ, проработавший 15 лет инженером-испытателем и инженером-конструктором в Государственном космическом научно-производственном центре имени М. В. Хруничева. Сейчас Дмитрий Гулютин — заведующий сектором Отдела музейной педагогики Мемориального музея космонавтики.
// Независимая газета, 2012 г., 25 апреля
Літаратура
W. K. Hartmann & D R. Davis: Satellite-Sized Planetesimals and Lunar Origins, Icarus 24 (1975): 504—515.
Hartmann, W. K., et al., eds 1986: Origin of the Moon (Houston: Lunar and Planetary Institute)
Dana Mackenzie, «The Big Splat, or How Our Moon Came to Be», 2003, John Wiley & Sons, ISBN 0-471-15057-6.