Кібе́ла (стар.-грэч.: Κυβέλη, лац.: Kybele, фрыг.: Kubeleia) — малаазіяцкая багіня-маці. Культ Кібелы паходзіў з Фрыгіі, але быў таксама шырока распаўсюджаны ў Старажытнай Грэцыі і Рыме.
Вытокі культу
Культы Вялікай Багіні-Маці былі шырока распаўсюджаны ў старажытных земляробчых культурах Блізкага Усходу і Міжземнамор'я (Ісіда ў старажытных егіпцян, Іштар у вавіланян і асірыйцаў, Рэя і Дземетра ў старажытных грэкаў і г. д.). Звычайна яны ўвасаблялі ўрадлівасць глебы, хатняй жывёлы, людзей. Сучасныя даследчыкі мяркуюць, што культ першаснай пары бога-мужчыны і багіні-жанчыны, якія быццам бы далі жыццё навакольнаму свету, існаваў ўжо ў канцы палеаліту. Багіня-жанчына як частка гэтай пары, адначасова атаясамлялася з нараджэннем і смерцю. Аднак Вялікая Багіня часоў бронзавага і жалезнага вякоў не абавязкова мае непасрэдныя адносіны да культу багіні-першастваральніцы. Хутчэй, яе вобраз увабраў больш старажытныя функцыі, а сама постаць Вялікай Багіні-Маці ўзнікла значна пазней, калі з'явілася земляробства і гарадскія паселішчы.
У Малой Азіі шанаванне жаночых бажаствоў вядома ўжо з эпохі неаліту. Непасрэдным правобразам Кібелы магла быць хецка-лувійская багіня Кубаба, імя якой сустракаецца на гліняных таблетках. Першапачаткова Кубаба шанавалася хурытамі, але ў сярэдзіне 2 тысячагоддзя да н. э. была прынята ў хецкі пантэон у сувязі з экспансіяй хетаў у Сірыю. У хецкіх дакументах Кубаба паўстае толькі як панна аднаго з буйных гарадоў Малой Азіі, і яе становішча сярод іншых бажаствоў хетаў было дастаткова сціплае. Відавочна, узвялічванне Кубабы-Кібелы адбылося толькі ў канцы 2 тысячагоддзя да н. э., калі адзіная хецкая дзяржава была разбурана, і роля мясцовых гарадскіх цэнтраў значна ўзрасла. З цэнтральнай часткі Малой Азіі культ паступова быў перанесены на захад, у Фрыгію і Лідыю.
Міфалогія
Хаця міфічны вобраз Кібелы першапачаткова фарміраваўся ў Малой Азіі, да нас ён дайшоў пераважна ў старажытнагрэчаскай інтэрпрэтацыі. Старажытным грэкам яна ўяўлялася маладой прыгожай жанчынай, уладаркай прыроды, гор і дзікіх звяроў, крыніцай невычэрпнай урадлівасці. Яна таксама клапацілася пра дабрабыт гарадоў. Вельмі архаічнай выглядае функцыя ахоўніцы могілак.
Кібелу малявалі ў залатой калясніцы або на прастоле ў атачэнні львоў. На галаве багіні красавалася зубчастая карона. Кібелу суправаджалі апантаныя карыбанты і курэты. Заснавальнікам культа Кібелы ў Фрыгіі і Лідыі лічыўся фрыгійскі юнак Аціс. У адным з варыянтаў міфа пра Аціса, ён выступаў адначасова як унук і каханы Кібелы.
Шанаванне
Культ Кібелы першапачаткова склаўся ў Фрыгіі, адкуль трапіў у Лідыю і грэчаскія полісы Малой Азіі. С цягам часу грэкі пачалі напрост атаясамляць Кібелу з Рэяй, маці Зеўса.
У Малой Азіі шанаванне багіні мела ярка акрэслены характар оргій, якія суправаджаліся экстатычнай музыкай, танцамі і сексуальнымі забавамі. Дапушчаліся як гетэрасексуальныя, так і гомасексуальныя зносіны. Лічылася, што жрацы Кібелы павінны былі цалкам аддаваць сябе служэнню, весці аскетычнае жыццё, падчас святаў яны часцяком наносілі адзін іншаму крывавыя раны, новапрысвечаныя пакладалі сябе. Шырокае распаўсюджанне культу тлумачыцца верай ў лекарскую сілу багіні, у яе клопат пра малых дзяцей, цяжарных жанчын, дабрабыт сям'і.
У 204 г. да н. э. падчас вайны з Ганібалам аракул прадказаў рымлянам, што яны атрымаюць дапамогу разам з заступніцтвам Кібелы. З гэтай мэтай у Рым з Малой Азіі быў дастаўлены святы камень, пасля чаго ўзведзены асобны храм на Палаціне, і створана спецыяльная калегія жрацоў. Але пэўны перыяд шанаванне Кібелы ў Рыме было абмежавана арыстакратычнымі коламі. У яе гонар праводзіліся Мегалісійскія гульні і піры. Рымляне атаясамлялі Кібелу са сваёй багіняй урадлівасці Опс.
Відавочна, у час кіравання Клаўдзія жрацы-дэндрафоры былі павялічаны ў колькасці, дзяржаўны характар набылі сакавіцкія святкаванні ў гонар Кібелы і Аціса, што ў выніку прывяло да папулярызацыі вобраза багіні ў Італіі. У II ст. н. э. быў уведзены звычай таўраболія — памазанне вернікаў крывёй ахвярных кароў. Адбылося зрошчванне культаў Кібелы і рымскіх імператараў. Разам з агульнанароднымі святамі і рытуаламі існавалі і патаемныя містэрыі, якія патрабавалі спецыяльнага прысвячэння.
Культ Кібелы ў Рыме праіснаваў да пачатку сярэднявечча і некаторы перыяд супернічаў з хрысціянствам.
Спасылкі
|
---|
Жрацы | | |
---|
Вераванні і рытуалы | |
---|
Галоўныя багі | |
---|
Іншыя багі, бажаствы і духі | |
---|
Персаніфікацыя | |
---|
- ↑ Coulter C. R., Turner P. Encyclopedia of Ancient Deities