У зборніку ўпершыню публікуецца праграмны верш паэта «А хто там ідзе?», які заняў асаблівае месца ў творчасці Купалы, на працяглы час стаў неафіцыйным беларускім гімнам і станам на 2011 год перакладзены на 82 мовы[1], станам на 2024 год — 101 мову[крыніца?]. Зборнік двойчы канфіскоўвалі расійскія імперскія ўлады[1][2]. Публікацыя «Жалейкі» адыграла надзвычайную ролю ў станаўленні беларускай літаратуры і творчага крэда яе аўтара[2]. Літаратурны крытык Леў Клейнбарт адзначыў, што «Жалейка» выражала нацыянальны ўздым тагачаснага грамадства[3].
Крытычныя водгукі
Зборнік быў з энтузіязмам успрыняты беларускім культурным асяродкам[2]. У сваім 17-м нумары газета «Наша Ніва» адгукнулася на выхад кнігі рэцэнзіяй Владака з Казіміраўкі (Уладзіміра Самойлы), які акрэсліў своечасовасць і значэнне гэтага зборніка тагачаснай Беларусі:
Творы Янука Купалы дагэтуль друкавала толькі «Наша Ніва», але цяпер песні яго выйшлі ў свет у асобнай кніжцэ, каторую малады пясняр наш назваў «Жалейкай». Песні Купалы — гэта люстра, ў каторым свеціцца душа беларуса, яго жыцце, яго родны край; гэта праўдзівы, непадроблены голас, што выходзіць з самай глыбі народнай душы, гэта — «крык, што жыве Беларусь!»[4]
Тагачасны аналітык беларускай літаратуры Максім Багдановіч у сваім літаратуразнаўчым артыкуле «Глыбы і слаі» быў больш стрыманым у ацэнках ранняй купалаўскай паэзіі:
Як і ў 1909 годзе, найбольш увагі звяртае на сябе Я. Купала; звяртае не толькі велічынёй сваёй здольнасці, але гібкасцю яе, здатнасцю да ўсестаронняга развіцця <…> Каб даць паняцце аб усёй моцы жыццёвых сокаў яго таленту, мы на мінуту вернемся аж да першых крокаў яго пісьменніцкай працы.
Пачаў ён з шурпатых вершаў, амаль не зусім зліваўшыхся з тагачасным слоем беларускай паэзіі; напісаныя пад Бурачка, залішне расцягненыя, слаба апрацаваныя з боку формы і мовы, яны ўвесь час перапявалі некалькі адных і тых жа тэм[5].
Цікавыя факты
Першапачаткова псеўданімам Івана Луцэвіча, пад якім павінен быў выйсці яго першы зборнік, мусіў быць «Янук Купала», але рэдактар зборніка Браніслаў Эпімах-Шыпіла падчас публікацыі памылкова напісаў яго як «Янка Купала». З таго часу Іван Дамінікавіч Луцэвіч пачаў карыстацца псеўданімам менавіта ў такой форме[1].
↑Максім Багдановіч. Глыбы і слаі // Багдановіч М. Поўны збор твораў. У 3 т. Т. 2. Маст. проза, пераклады, літаратурныя артыкулы, рэцэнзіі і нататкі, чарнавыя накіды. — Мн:. Навука і тэхніка, 1993.— С. 186
Літаратура
Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Жалейка» / Аўтар — А.Лойка. — C. 214—215.