Гуя́[1] (трансліт.: Huja, руск.: Гуя) — вёска ў Мінскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Лашанскага сельсавета.
Назва
Назва Гуя ад назвы ракі Гуя (> Гуйка), на якой паселішча паўстала. Рака згадваецца ў 1549 годзе як «Гуя»: «Замокъ Радошковский… на рекахъ на Гуи а на Вязыни»[2].
У назве Гуя корань — фанетычны варыянт кораня ў назве нёманскай ракі Гаўя, а таксама аднайменнай ракі Gauja на латвійскім Задзвінні[3]. Той жа корань і ў назве нёманскай ракі Гавязна.
Ад індаеўрапейскага *gēu- / gū- «гнуць, крывіць». Ад яго таксама літоўскае gau-r-as «волас», gu-r-as «вяршыня пагорка», gu-g-a «пагорак; гузак; горб»[4].
Корань пашыраны балцкім пашыральнікам -j-, які таксама ў балцкіх рачных назвах тыпу Ілія, Мярэя, Бабруя (-ij-, -ej-, -uj-).
Назва Гуя значыць «Звілістая (рака)».
Гісторыя
Упершыню згадваецца ў 1451 годзе як сяло Радашковіцкага маёнтка памерлага кашталяна віленскага Пятра Сенькі Гедыгольдавіча. У 1567 годзе вёска ва ўласнасці Івана Кміціча Стратовіча-Беразавецкага ў Менскім павеце Вялікага Княства Літоўскага. Затым, Гуя — цэнтр староства Заслаўскага графства Глябовічаў. У 1667 годзе цэнтр маёнтка, 14 дымоў. Потым належала Радзівілам, Агінскім, Палубінскім, Сапегам.
У 1712 годзе маёнтак купілі Францішак Валадковіч з жонкай Сафіяй з Ваньковічаў. Паводле энцыклапедыі «Гарады і вёскі Беларусі», станам на 1738 год, Гуя — сяло ў дзяржаўнай уласнасці, стаяла пустое. У 1791 годзе, вёска — цэнтр маёнтка ў Радашковіцкай парафіі, «двор», 114 дымоў (імаверна, у маёнтку агулам), уласнасць Валадковічаў.
Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Расійскай імперыі. У 1796 годзе Юзаф Валадковіч, у імя жонкі Караліны з Бжастоўскіх, пераназваў Гую ў Карлсберг. У 1800 годзе вёска ў Вілейскім павеце, 20 двароў, 159 жыхароў.
У 1820 годзе Карлсберг перайшоў да Снітак, да маёнтка таксама належала вёска Сыцавічы. Паводле энцыклапедыі «Гарады і вёскі Беларусі», у 1833 годзе вёска Гуя ў дзяржаўнай уласнасці, карчма, 21 двор, 143 жыхары. У 1856 годзе — вёска маёнтка Карлсберг, карчма, 76 жыхароў мужчынскага полу, уласнасць Снітак. Станам на 1865 год, Карлсберг — маёнтак і вёска Радашковіцкай воласці Вілейскага павета (перад тым Мінскага павета), 79 рэвізскіх душ. У 1870 годзе ў Агаркаўскай сельскай грамадзе. У 1890 годзе маёнтак належаў Андрэю Снітку. У 1897 годзе ў вёсцы — 45 двароў, 232 жыхары; у фальварку — двор, 2 жыхары, у Радашковіцкай воласці Вілейскага павета. У 1900 годзе адкрыта царкоўна-прыхадская школа.
Падчас Першай сусветнай вайны, у лютым — снежні 1918 года занята кайзераўскімі войскамі, з ліпеня 1919 года да ліпеня 1920 года — польскімі войскамі.
У 1921 годзе ў складзе БССР, 38 двароў, 240 жыхароў. З 20 жніўня 1924 года — вёска Навадворскага сельсавета, з 13 чэрвеня 1929 года — Рагаўскога сельсавета Заслаўскага раёна Менскай акругі (да 26 ліпеня 1930 года). У 1926 годзе 46 двароў, 229 жыхароў. З 20 лютага 1938 года ў Мінскай вобласці. Падчас Другой сусветнай вайны з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года акупіравана войскамі нацысцкай Германіі.
З 8 жніўня 1959 года ў Мінскім раёне.
У 1997 годзе 27 двароў, 55 жыхароў, у саўгасе «Рагаўскі» (цэнтр — Рагава). Да 2013 года вёска ўваходзіла ў склад Рагаўскога сельсавета[9].
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
|
---|
Цэнтр | |
---|
Пасёлкі | |
---|
Вёскі | |
---|