Гродзенская школа дойлідства

Гродзенская школа дойлідства - асобная архітэктурная школа 12 ст. у Гродне, якая вылучаецца сярод іншых сваёй самабытнасцю і арыгінальнасцю.

На сённяшні дзень вядома 7 помнікаў гродзенскай архітэктурнай школы 12 ст.: Ніжняя царква, княжацкі палац, сцяна на мысе і сцяна за ўсходнім палацам (усе на Старым замку), Барысаглебская і Прачысценская цэрквы на пасадах і недабудаваная царква на Замчышчы ў Ваўкавыску. Да гродзенскай школы дойлідства адносяць таксама яшчэ два храмы: на Новым замку (Васкрасенская царква) і на пасадзе (так званая Малая царква).

Інтэнсіўнае мураванае будаўніцтва ў 12 ст. сведчыць аб заможнасці гараджан і дазваляе казаць аб Гродне як аб значным эканамічным цэнтры рэгіёна.

Асаблівасці

Сцены храма Ніжняй царквы

Адна з галоўных яе адметнасцяў — тэхніка муроўкі сцен: роўнаслаёвая муроўка з добрай перавязкай, прыблізна аднолькавыя па шырыні рады цэглы-плінфы і слаі новай рошчыны, увядзенне ў муроўку збаноў-галаснікоў. Арыгінальнасцю вызначаюцца канструкцыйныя вырашэнні: скошаныя пад 45° вуглы пабудоў, круглыя калоны, размяшчэнне бакавых апсід у тоўшчы сцен і г.д.

Найбольш прывабнай адметнасцю гродзенскіх храмаў з'яўляецца іх дэкаратыўнае афармленне. Фасады цэркваў багата ўпрыгожаны крыжовымі кампазіцыямі з рознакаляровых маёлікавых плітак і шліфаваных камянёў, таксама падабраных па колеру, — такім чынам дасягаўся эфект святочнасці, які архітэктар стараўся надаць сваім творам. Гродзенскія храмы вызначаліся прасторнасцю ўнутранага аб'ёму і паліхроміяй інтэр’ера. Зялёна-жоўта-карычневая падлога няярка зіхацела пад сонечнымі прамянямі, якія прабіваліся праз вузкія і высокія вокны.

Сцены храмаў ўсярэдзіне не тынкаваліся, вапна, якая выступала са швоў муроўкі, проста загладжвалася, і паверхня сцяны ўспрымалася як камбінацыя белых і чырвоных плямаў. Акрамя таго, па ўсёй паверхні сцен у пэўным парадку размяшчаліся галаснікі. Наведвальнікам былі відаць толькі іх цёмныя вусці — адтуліны.

Аўтарства школы

Рэшткі Ніжняй царквы

Даследчыкі прыйшлі да высновы, што ўсе гарадзенскія цэрквы збудаваны за даволі кароткі адрэзак часу — каля 20 гадоў (у 1180-я гады) і што стваральнікам іх быў адзін чалавек. Па асаблівасцях канструкцыі можна прасачыць, як ад помніка да помніка расло майстэрства дойліда.

Так, Ніжняя царква, якая лічыцца адным з самых ранніх гродзенскіх пабудоў, аказалася не вельмі трывалай. У яе муроўцы не заўжды акуратна рабілі перавязку швоў, дэкаратыўныя шліфаваныя камяні былі вельмі вялікія і займалі амаль усю тоўшчу сцяны. У выніку муроўка яказалася не вельмі трывалая, і ўжо ў 1183 царква ў выніку прыроднай катастрофы разбурылася.

Барысаглебская царква — апошні твор майстра — падобных недахопаў пазбаўлена. Дэкаратыўныя валуны маюць памеры не болып за палову таўшчыні сцяны, перавязка швоў усюды дасканала вытрымліваецца. Галаснікі, уведзеныя ў муроўку, не толькі не аслаблялі канструкцыю, але наадварот, змяншалі цяжар сцен. Нават калі ў 1859 палова храма абвалілася ў Нёман, другая яе частка засталася і зараз трымаецца дастаткова надзейна.

Гісторык архітэктуры П. А. Рапапорт выказаў меркаванне, што гродзенскім дойлідам быў Пётр Міланег, які пазней стаў прыдворным архітэктарам кіеўскага князя. На гэтую думку даследчыка навяло падабенства некаторых кампазіцыйных і канструкцыйных прыёмаў кіеўскіх і гарадзенскіх цэркваў.

Знойдзеныя ў Гродне рэшткі цагляных муроў дазволілі П. Рапалорту звязаць іх будаўніцтва з пабудовай у 1199 Пятром Міланегам для князя Рурыка Расціславіча ў кіеўскім Выдубінкім манастыры цаглянай сцяны, якая зараз не захавалася, але згадваецна ў пісьмовых крыніііах. У 1987 даследчык выказаў меркаванне, што Пётр Міланег пачаў сваю дойлідскую біяграфію ў Гродне. У якасці прыкладаў П. Рапапорт прыводзіў ужыванне каляровмх шліфаваных камянёў у муроўцы фасадаў оўручскага храма, паліванмх плітак у муроўцы фасадаў царквы Апосталаў у Белгарадзе, зрэзанмя знешнія вуглы Пятніцкай бажніцы ў Чарнігаве і мураваную сцяну Выдубіцкага манастыра. Усе пабудовы былі ўзведзены пад кіраўніцтвам знакамітага дойліда. П. Рапапорт лічыў, што разам з Міланегам у Кіеў пераехала і ўся гродзенская будаўнічая арцель.

У якасці падмацавання вышэйзгаданай гіпотэзы прыводзіцца факт ўжыванне галаснікоў у інтэр’ерах Васільеўскай царквы ў Оўручы і амфар у муроўцы чарнігаўскай Пятніцкай царквы, а таксама той факт, што некаторыя знакі на плінфах з гарадзенскіх пабудоў і з муроўкі чарнігаўскага Пятніцкага храма супадаюць.

Літаратура

  • А. А. Трусаў, В. Е. Собаль, Н. I. Здановіч. Стары замак у Гродне XI—XVIII стст.: Гіст.-археал. нарыс, Мінск: Навука і тэхніка, 1993, 152 с., ISBN 5-343-01429-1
  • Археалогія Беларусі: энцыклапедыя, Рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш. У 2 т., Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009, Т. 1. А-К, 496 с., ISBN 978-985-11-0354-2
  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік, Рэдкал.: А. А, Воінаў і інш. Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1993, 620 с., ISBN 5-85700-078-5
  • Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы. Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш., Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012, 370 с., ISBN 978-93-61617-77-8
  • Гродназнаўства. Гісторыя еўрапейскага горада, Калектыў аўтараў: Карнялюк В., Швед В. і інш., Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012,(Гарадзенская бібліятэка). ISBN 978-83-61617-85-3
  • В. В. Швед, А. П. Госцеў, А. А. Дабрыян. Горадзен. Аповяды з гісторыі горада (10 ст. — сярэдзіна 16 ст.), Гродна, 1996, 60 с.

Спасылкі

Strategi Solo vs Squad di Free Fire: Cara Menang Mudah!