Гольф (англ.: golf) — спартыўная гульня, у якой асобныя ўдзельнікі альбо каманды спаборнічаюць, заганяючы маленькі мячык у спецыяльныя лункі ўдарамі клюшак, імкнучыся прайсці адведзеную дыстанцыю за мінімальную колькасць удараў.
Гісторыя
Лічыцца, што гульня ў гольф зарадзілася ў Шатландыі і была вынайдзена пастухамі, якія з дапамогай посахаў (будучых клюшак) заганялі камяні ў трусіныя норы. Меркавана гульня існавала ўжо ў XIV стагоддзі, а ў XV стагоддзі ў Шатландыі выйшла некалькі законаў, якія забаранялі гуляць у «гоўф». У XVII стагоддзі клюшкамі ў мяч гулялі ўжо ў Нідэрландах. Гульня ў яе сучасным выглядзе аформілася ў XIX стагоддзі ў Шатландыі.
Пляцоўка для гольфа
Пляцоўка для гольфа складаецца з серыі лунак, кожная з якіх мае сваю стартавую пляцоўку (англ.: teeing ground). Стартавая пляцоўка адзначаецца двума пазнакамі, якія паказваюць дапушчальныя межы зоны, дзе можа быць усталяваны калок для мяча (англ.: tee). Таксама часткай пляцоўкі з’яўляюцца гладкае поле (англ.: fairwayteeing ground) і няроўная пляцоўка (англ.: rough) і іншыя перашкоды (англ.: hazard). Фінальнай часткай пляцоўкі з’яўляецца лунка, якая, для магчымасці арыентавання, пазначаецца якой-небудзь выявай (найчасцей сцяжком). Лунка размяшчаецца на спецыяльным лужку «грын» (англ.: putting green), дзе вышыня травы мінімальная. У іншых месцах вышыня травы можа быць самай рознай для таго, каб абцяжарыць мінанне пляцоўкі.
Большасць лунак размяшчаецца на лініі прамой бачнасці ад стартавай пляцоўкі да грына, аднак некаторыя лункі могуць адхіляцца ў правы або левы бакі. Такія лункі звычайна называюцца «доглег» (англ.: dogleg, як адсылка да формы сабачай лапы). Лунка можа называцца «левы доглег» або «правы доглег» у залежнасці ад таго, у якім баку ад прамога курсу яна размешчана. Часам кірунак на лунку можа выгінацца двойчы, у гэтым выпадку лунка завецца «двайны доглег».
Тыповая пляцоўка для гольфа складаецца з 18 лунак, але таксама распаўсюджаны пляцоўкі з дзевяццю лункамі, якія гуляюцца, адпаведна, два разы за раунд.
Першапачатковыя шатландскія пляцоўкі ў асноўным размяшчаліся на дзюнах (англ.: links), якія размяшчаліся побач з берагам і былі пакрыты пластом зямлі. Гэта прывяло да ўзнікнення тэрміна «лінкс», які азначае пляцоўку для гольфа ля ўзбярэжжа, пабудаваную на пясчанай натуральнай аснове.