Выкраданне расійскіх дыпламатаў у Іраку — інцыдэнт з выкраданнем ісламістамі супрацоўнікаў расійскага пасольства. Акцыя праведзена ў гады Іракскай вайны з мэтай паўплываць на сітуацыю ў зоне Чачэнскага канфлікту.
Ход падзей
Выкраданне расійскіх дыпламатаў адбылося 3 чэрвеня2006 года ў Багдадзе, Ірак, калі іракскія паўстанцы зладзілі засаду на аўтамабіль, які належаў расійскаму пасольству[1]. Віталь Цітоў (супрацоўнік СВР) быў забіты падчас нападу. Іншыя чатыры чалавекі ў аўтамабілі — Фёдар Зайцаў (трэці сакратар пасольства), Рынат Агліулін (кухар), Алег Федасееў (супрацоўнік СВР) і Анатоль Смірноў (кіроўца) былі выкрадзены[2].
У 13:45, па словах відавочцаў, пазадарожнік Chevrolet Tahoe з дыпнумарамі рухаўся па раёне Эль-Мансур. Да пасольства РФ заставалася прыкладна 400 метраў, калі на скрыжаванні аўтамабілю перагарадзілі шлях легкавая машына і мікрааўтобус. Баевікі адкрылі па расіянах агонь. Па іншых звестках, напад быў здзейснены ў той момант, калі супрацоўнікі пасольства выйшлі з машыны каля крамы, каб зрабіць пакупкі. Толькі ў Цітова была з сабой табельная зброя: ён пачаў адстрэльвацца са свайго пісталета, больш таго, паспеў патэлефанаваць у пасольства і выклікаць дапамогу, але неўзабаве быў цяжка паранены. Паўстанцы выскачылі з машын, кінулі параненага на дарозе, а астатніх пасадзілі ў мікрааўтобус і павезлі. Ахоўнікі расійскай дыпмісіі перанеслі Цітова ў будынак пасольства, але той памёр[3].
19 чэрвеня Савет маджахедаў Ірака — групы, афіляванай з Аль-Каідай — узяў на сябе адказнасць за напад і прад’явіў Расіі ўльтыматум: на працягу 48 гадзін расійскі ўрад павінен быў вывесці войскі з Чачні і высвабадзіць усіх зняволеных-мусульман[4]. 25 чэрвеня група выступіла з заявай, згодна з якой з чатырох закладнікаў трое былі абезгалоўлены, а чацвёрты — застрэлены. Да заявы было прыкладзена відэа, дзе былі паказаны некалькі секунд абезгалоўлівання аднаго закладніка, абезгалоўленае цела другога і расстрэл трэцяга[5].
Рэакцыя
Намеснік міністра замежных спраў Расіі Аляксандр Салтанаў паведаміў, што МЗС «кантактуе з вышэйшым кіраўніцтвам Ірака і камандаваннем кааліцыйных сіл, а таксама з іншымі краінамі, якія могуць аказаць садзейнічанне». У міністэрстве быў створаны аператыўны штаб па вызваленні суайчыннікаў. У сваю чаргу, іракскае МУС абвясціла ў вышук машыны тэрарыстаў. З’явіліся паведамленні аб тым, што вуліцы ў раёне Эль-Мансур блакаваны. Генеральны сакратар ААНКофі Анан асудзіў напад на расійскіх дыпламатаў. Ён звярнуўся да іракскага ўраду і сілам кааліцыі з заклікам «распачаць усе неабходныя крокі для таго, каб спыніць хвалю гвалту». Асудзілі напад на супрацоўнікаў дыпмісіі і прапанавалі дапамогу і Злучаныя Штаты ў асобе прадстаўніка ДзярждэпартаментаДжасуіна Хігінса[3][6].
28 чэрвеня прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін загадаў спецслужбам знайсці і знішчыць тэрарыстаў, адказных за выкраданне і пакаранне смерцю дыпламатаў. Мікалай Патрушаў, кіраўнік Федэральнай службы бяспекі, адзначыў, што загад будзе выкананы «незалежна ад патрабаванага часу і намаганняў»[7][8]. Лічыцца, што аналагічны загад быў аддадзены для ліквідацыі Зелімхана Яндарбіева, выконваючага абавязкі прэзідэнта самаабвешчанай Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя. Яндарбіеў быў забіты ў выніку выбуху бомбы ў Дохе, Катар, у лютым 2004 года[9]. Аднак загадчык аддзела палітыкі і намеснік галоўнага рэдактара выдання «Ежедневный журнал» Аляксандр Гольц у каментары для «Радыё Свабода» паставіў пад сумнеў здольнасць расійскіх спецслужбаў ліквідаваць тэрарыстаў у краіне, у якой ідзе вайна[10].
Пакаранне адказных
Адзін з выкрадальнікаў расійскіх дыпламатаў, баявік Аль-Каіды Амар Абдала Дад, быў схоплены амерыканцамі 19 снежня таго ж года. Ён прызнаў сваю датычнасьць да выкрадання; як мяркуюць, ім уласнаручна былі абезгалоўлены двое з дыпламатаў[11]. Арганізатар выкрадання Махер аз-Зубейдзі быў забіты падчас баявых сутыкненняў з амерыканскімі войскамі ў кастрычніку 2008 года[12][13]. Яшчэ адзін саўдзельнік тэрарыстаў, член Аль-Каіды Ахмед Салех, быў асуджаны іракскімі ўладамі да смерці ў маі 2010 года[14][15]. Дадзеныя ім паказанні дапамаглі спецслужбам у пошуку месца пахавання целаў загінулых супрацоўнікаў расійскага пасольства[14]. Цела забітых дыпламатаў былі знойдзены ў красавіку 2012 года[16][17].
Алег Яўгенавіч Федасееў (28 лістапада 1964, Масква, РСФСР, СССР — 24 чэрвеня 2006, Багдад, Ірак) — супрацоўнік Службы знешняй разведкі Расіі, ахоўнік расійскага пасольства ў Іраку. У 1984—1986 гадах праходзіў службу ў арміі, а ў 1986—1992 гадах працаваў кіроўцам 29-га аўтакамбіната Масквы. З 1992 года Федасееў займаў розныя адміністрацыйна-тэхнічныя пасады ў Міністэрстве замежных спраў Расіі і неаднаразова выязджаў у кароткатэрміновыя замежныя камандзіроўкі, забяспечваючы ў складзе спецыяльнага атрада СВР «Заслон» ахову расійскіх дыпламатычных прадстаўніцтваў[18][18][19].
Анатоль Мікалаевіч Смірноў (10 ліпеня 1973, Вена, Аўстрыя — 24 чэрвеня 2006 г., Багдад, Ірак) — вадзіцель аўтабазы МЗС РФ, кіроўца пасольства ў Іраку. Гэта была яго першая замежная камандзіроўка. Адпрацаваў у пасольстве ў Іраку 2 гады[20][21].
Віталь Вітальевіч Цітоў (1973, Масква, РСФСР, СССР — 3 чэрвеня 2006, Багдад, Ірак) — супрацоўнік Службы знешняй разведкі Расіі, ахоўнік расійскага пасольства ў Іраку. Раней быў супрацоўнікам аддзела Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі Міністэрства замежных спраў Расіі[6].
Фэйкавыя паведамленні
Пасля выкрадання увечары таго ж дня прадстаўнік іракскага МУС Фалах аль-Мухамедаві паведаміў аб паспяхова праведзенай аперацыі па вызваленні расіян і арышце выкрадальнікаў. Аднак 4 чэрвеня іншыя крыніцы ў міністэрстве ў асобе саветніка па нацыянальнай бяспецы МУС Мувафака Рубаі гэтую інфармацыю абверглі. Прадстаўнік пасольства Расіі ў Багдадзе Ігар Маркаў звесткі аб вызваленні расіян таксама не пацвердзіў[3].
↑Владимир Богданов, Екатерина Забродина, Анна Федякина. Вернулись на родину(нявызн.). Российская газета (11 апреля 2012). Архівавана з першакрыніцы 26 лютага 2018. Праверана 26 лютага 2018.
↑Константин Гетманский, Евгений Верлин, Мария Баринова. Дипломатия террора(нявызн.). Журнал «Профиль» (3 июля 2006). Архівавана з першакрыніцы 26 лютага 2018. Праверана 26 лютага 2018.