Хадзі аль-Амеры (араб. هادي العامري; нар. 1 ліпеня 1954) — кіраўнік і генеральны сакратар арганізацыі «Бадра»[1].
Біяграфія
У маладосці Хадзі аль-Амеры ўдзельнічаў ва ўзброенай барацьбе супраць рэжыму Садама Хусейна. Падчас ірана-іракскай вайны ён хаваўся ў Іране, дзе жыў да падзення ўрада Хусейна. Там ён удзельнічаў у стварэнні брыгады Бадра, узброенага крыла Вярхоўнага Савета Ісламскай рэвалюцыі ў Іраку, шыіцкай палітычнай партыі, якая змагалася з іракскім рэжымам падчас ірана-іракскай вайны 1980—1988 гадоў[2].
У час Іракскай вайны арганізацыя Бадр у саюзе з ЗША ладзіла карныя рэйды супраць сунітаў, выкрадала і забівала суніцкіх грамадзян, у тым ліку жанчын і дзяцей[3][4], а сам Амеры нібыта асабіста катаваў людзей, высвідроўваючы ў іх целах адтуліны электрадрэллю[5][6][7].
У 2011 годзе ён суправаджаў прэм’ер-міністра Ірака Нуры аль-Малікі падчас візіту ў Белы дом падчас прэзідэнцтва Барака Абамы ў якасці міністра транспарту[8][9].
Пазней, будучы камандуючым Сіл народнай мабілізацыі, Амеры прымаў актыўны ўдзел у аперацыях супраць ІДІЛ[10][11], у тым ліку аперацыі па вызваленні Джуфр аль-Сахара[12].
31 снежня 2019 года дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа заявіў, што менавіта ён узначаліў напад на пасольства Злучаных Штатаў у Багдадзе, разам з Абу Махдзі аль-Мухандзісам, Каісам Хазалі і Фаліхам Фаядам. Пасля авіяўдару па міжнародным аэрапорце Багдаду ў 2020 годзе, у выніку якога загінулі Касем Сулеймані і аль-Мухандзіс, аль-Амеры разглядаўся як кандыдат на замену аль-Мухандзіса ў якасці лідара Народных мабілізацыйных сіл[13].
Зноскі