Крыніцы перадаюць імя таксама як Вышелк, Вышелег, Вошелег, Войселк, Волштыник, Волстыник.
Імя балцка-літоўскага паходжання з шэрагу старабалцкіх (старалітоўскіх) двухасноўных імёнаў, што дайшлі з індаеўрапейскай даўніны[1]. Адпачатная форма Vaiš-alg’as.
Першая аснова Vaiš- працягвае індаеўрапейскае *ṷeiḱ- «паселішча, дом»[2]. Ад яго прускае *wais-pati «пані, гаспадыня дому» (ад *wais-pats «староста пляменнага паселішча»), літоўскае vieš-pats «пан, гаспадар дому», таксама бел. вёска.
Паняцце, адлюстраванае ў аснове Vaiš-, сягае племянной эпохі. Гэтая аснова адсылала да «сярэдняга» памеру сацыяльнай адзінкі (пляменнае паселішча, «вялікі дом»). Аснова But- абазначала «дом» у сэнсе адной сям’і («малы дом»), а аснова Taut- — тэрытарыяльна шырокі род, «народ» у пляменным сэнсе[3].
Другая аснова Alg- (> Elg-) звязаная з літоўскім alga «ўзнагарода», што ў раннелітоўскую эпоху мела значэнне «(ваенная) здабыча». Далей да індаеўрапейскага *algṷh-[4].
Спалучэнне асноў Vaiš- і Alg- сцвярджала ў імені каштоўнасці тагачаснага раннелітоўскага грамадства — пляменнае паселішча як адзінку сацыяльнага ўладкавання і паняцце ваеннай здабычы.
Аснова Vaiš- таксама ў імёнах, ад якіх тапонімы Вайшнарышкі (< Vaiš-nor’as), Вайшкуны (< Vaiš-k-ūn’as).
Аснова Alg- — у імені тыпу Vain-alg’as «Заваёўнік здабычы», ад якога назва былой вёскі Вайнялгова (цяпер у складзе Папоўцаў у Вілейскім раёне). Тая ж аснова ў імені жыхара Дзятлава ў XV стагоддзі: «Минялку Дромутевичу Здетелцу отчина его у Здетеле»[5] (< *Min-alg’as, *Drom-ut’is).
Хроснае імя Войшалка не вядома[6]. Васіль Тацішчаў без крыніцы адзначаў, што хроснае імя Войшалка было Васіль. Версія Тацішчава сумнеўная, бо імавернае манаскае імя князя — Лаўрыш (Лаўрын, Лаўрэнцій) пачынаецца з Л, а паводле тагачаснай традыцыі манаскае імя бралася з той жа літары, што і хроснае[7].
Паходжанне і сям’я
Паводле летапісу, Войшалк быў старэйшым з вядомых сыноў Міндоўга[8]. Звестак пра маці Войшалка ў крыніцах няма. У Войшалка была сястра, яе імя не вядома — жонка Шварна Данілавіча, вялікага князя літоўскага ў 1267—1270 гадах. Браты Войшалка — Рукля і Рупейка — значна маладзейшыя за яго, абодва забіты разам з Міндоўгам. Зыходзячы з розніцы ва ўзросце, маці Войшалка і яго сястры была не княгіня Марта — маці Руклі і Рупейкі, а ранейшая жонка Міндоўга, звестак пра якую няма[9].
У дакуменце ад 1254 года названы сыны Міндоўга і Марты — Герстухен і Рэплеў. Невядома, ці пад гэтымі імёнамі маюцца на ўвазе Рукля і Рупейка, ці гэта два іншыя сыны.
Расійскі гісторык XVIII ст. Васіль Тацішчаў паведамляў без крыніцы, што маці Войшалка была цвярской княжной[10]. Аднак цяпер звесткі Тацішчава, не пацверджаныя крыніцамі, лічацца сумнеўнымі[11][12], скепсіс да ўнікальных звестак Тацішчава выказвалі і раней, у т.л. М. С. Грушэўскі, А. Я. Прэснякоў, С. Л. Пешціч, Я. С. Лур’е і інш., былі і прыхільнікі верагоднасці, сярод іх вылучаліся Б. А. Рыбакоў, А. Шахматаў, М. М. Ціхаміраў, а сярод сучасных А. В. Маёраў.
Біяграфія
Першыя звесткі
Час нараджэння Войшалка не вядомы, 1223 год пададзены ў храналагічнай табліцы гіторыка XIX ст. Тэадора Нарбута, па яго словах, складзенай паводле фрагментаў рукапісу вялікалітоўскага дзеяча XVI ст. Аўгусціна Ратундуса[13].
Асноўныя звесткі пра жыццё Войшалка змешчаны ў Галіцка-Валынскім летапісе (ГВЛ), які напісаны ў сярэдзіне і дапоўнены ў канцы XIII ст. невядомымі аўтарамі. ГВЛ захаваўся ў некалькіх спісах, у т. л. у складзе Іпацьеўскага летапісу (XV ст.). Даты ў Іпацьеўскім спісе ГВЛ унесены пазней, таму даціроўка падзей там недакладная.
Пад 1253 годам у ГВЛ згадваецца не названы імем сын Міндоўга, якога Міндоўг паслаў ваяваць ваколіцы Турыйска[заўв 1] ва Уладзімірскім княстве — у адказ на рабаванне галіцка-валынскімі войскамі зямель Міндоўга. Пра іншых дарослых сыноў Міндоўга няма звестак, таму думаюць, што гэтым сынам быў Войшалк. Паход здзяйсняўся падчас вайны 1249—1254 гадоў паміж Міндоўгам і яго пляменнікамі — Таўцівілам і Эдзівідам Даўспрункавічамі, якіх падтрымліваў галіцкі князь Даніла Раманавіч.
Прыняцце манаскага чыну
Упершыню Войшалк пэўна згаданы летапісам пад 1255 годам, калі ад імя Міндоўга заключыў мір з Данілам Раманавічам, выдаў сваю сястру замуж за малодшага сына Данілы — Шварна Данілавіча, а сам прыбыў да Данілы Раманавіча ў Холм[заўв 2] (сталіцу Галіцкага княства) і прыняў манаскі чын. Сыну Данілы Раманавіча — Раману Данілавічу — Войшалк перадаў «Новагародак ад Міндоўга, а ад сябе Слонім і Ваўкавыск».
Іншы летапісец (летапіс складаўся двума рознымі аўтарамі і ў розныя гады) піша, што Войшалк прыбыў не ў Холм, а ў ранейшую сталіцу — Галіч, з намерам прыняць манаскі чын, і тады ж ахрысціў Юрыя Львовіча (сына белзскага князя Льва Данілавіча, унука Данілы і будучага князя галіцкага). А пасля пайшоў у Палонінскі манастыр да ігумена Грыгорыя і там пастрыгся ў манахі.
Гэты ж летапісец адзначыў, што Войшалк пачынаў княжыць у Новагародку як язычнікам і зрабіў шмат зла, а затым ахрысціўся і змяніўся на дабро. Украінскі гісторык П. П. Талочка лічыць, што характарыстыка Войшалка-язычніка далёкая ад рэальнай і летапісцу яна спатрэбілася, каб выразна паказаць ператварэнне язычніка ў хрысціяніна. Такі прыём — супрацьпастаўленне язычніцкай цемры і хрысціянскага святла — здаўна ўжываўся ў летапісанні, імаверна, летапісец пазычыў яго з больш ранняга кіеўскага летапісу.
Зыходзячы з гэтых летапісных паведамленняў, імаверна, у Новагародку Войшалк княжыў (быў намеснікам Міндоўга) з 1240-х гадоў.
У манастве
Пасля трох гадоў жыцця ў Палонінскім манастыры Войшалк адправіўся ў паломніцтва да гары Афон у Візантыю, але не здолеў дайсці праз «мяцеж» у землях на дарозе, вярнуўся і заснаваў манастыр у Панямонні:
«Воишелкъ же не може доити до Ст҃ѣи Горѣ . зане мѧтежь быс̑ великъ тогда в тъıхъ землѧх̑ . и приде ѡпѧть в Новъгородокъ . и оучини собѣ манастырь . на рѣцѣ на Немнѣ . межи Литвою и Новъıмъгородъкомъ . и тоу живѧше.»[14]
«Войшалк не змог дайсці да Святой Гары, бо вялікі мяцеж быў тады ў тых землях, і прыйшоў зноў у Наваградак; і ўчыніў сабе манастыр на рацэ на Нёмане, паміж Літвой і Наваградкам, і там жыў»[15].
— Іпацьеўскі летапіс.
Манастыр «на Нёмане паміж Літвой і Наваградкам» атаясняюць з Лаўрышаўскім, вёска, якая ўтварылася каля манастыра, называецца Лаўрышава[заўв 3] (з-за патранімічнага суфікса і канчатка, лічыцца, што назва ўтворана ад інацкага імя Войшалка — Лаўрыш, Лаўрын або Лаўрэнцій). Войшалк пражыў у гэтым манастыры каля года. У летапісе адзначана, што Міндоўг дакараў яго за манаскае жыццё.
Вяртанне да княжацкага жыцця
Паводле летапісных звестак, каля 1257—1258 года на Літоўскую зямлю і Нальшаны напалі войскі мангола-татарскага ваеначальніка Бурундая і галіцка-валынскіх князёў. Войшалк выйшаў з манастыра, і разам са стрыечным братам Таўцівілам (які да гэтага часу памірыўся з Міндоўгам) захапіў Рамана Данілавіча (галіцкага князя, якому сам раней перадаў Новагародак). Пасля Раман у летапісу не згадваецца — магчыма, ён загінуў, а Войшалк зноў сеў на новагародскім стальцы.
У 1263 годзе у выніку змовы быў забіты Міндоўг і два яго малодшыя сыны, а затым і яго пляменнік Таўцівіл. Сталец вялікага князя літоўскага заняў іншы пляменнік Міндоўга і адзін са змоўшчыкаў — Транята. Войшалк уцёк у Пінск.
Пра месца жыцця Войшалка ў Пінску летапіс не паведамляе; традыцыйна лічыцца, што ён жыў у Ляшчынскім Свята-Успенскім манастыры ў прадмесці Пінска — Лешчы (цяпер парк у Пінску).
На стальцы вялікага князя
У 1264 годзе Транята забіты ранейшымі конюхамі Міндоўга. Войшалк з пінскім войскам вярнуўся ў Новагародак, злучыўся з дружынай новагародскіх баяр і пайшоў усталёўваць сваю ўладу ў Літве, і «нача княжити во всей земли Литовской» — стаў вялікім князем літоўскім. Паводле летапісу, у Літоўскай зямлі ён вынішчыў шмат сваіх ворагаў, а астатнія «разбегліся хто куды».
Прызнаў уладу Васількі Раманавіча, княжыў разам са Шварнам Данілавічам. З дапамогаю Васількі і Шварна заваяваў Нальшчаны і Дзяволтву.
Вяртанне ў манаства і гібель
Паводле летапісу, у 1267 годзе Войшалк вырашыў поўнасцю перадаць вялікае княжэнне літоўскае Шварну Данілавічу. Шварн адгаворваў яго ад такога рашэння. Аднак Войшалк адказаў, што заставацца князем яму не дазваляюць грахі, і што зямлю ён пакідае ўпарадкаванай. Войшалк пайшоў у манастыр у г. Уграўск на Валыні, Шварн застаўся княжыць у Вялікім княстве Літоўскім.
У красавіку 1267 года Леў Данілавіч, ужо князь галіцкі, запрасіў на сустрэчу князя валынскага Васільку Раманавіча і праз яго — свайго кума Войшалка. Войшалк не давяраў Льву і не хацеў ехаць, але паехаў на заруку Васілька. Прыехаўшы ва Уладзімір, Войшалк спыніўся ў манастыры св. Міхаіла Вялікага. 18 (ці 23) красавіка Васільку, Льва і Войшалка паклікаў на абед немец Маркольт. Затым Васілька паехаў дадому спаць, а Войшалк вернуўся ў манастыр. Аднак Леў прыехаў за нім і ўгаварыў яго працягнуць пір, падчас якога забіў Войшалка. Летапісец адзначае, што Леў зрабіў гэта па д’ябальскаму падбухторванню, з-за зайздрасці ад таго, што Войшалк перадаў княжэнне ў літоўскай дзяржаве не яму, а яго брату Шварну.
Войшалк быў пахаваны ў царкве св. Міхаіла Вялікага.
У крыніцах
Галіцка-Валынскі летапіс
Найбольш раннія і шырокія звесткі пра Войшалка дае Галіцка-Валынскі летапіс (ГВЛ), якая была крыніцай для пазнейшых перапрацовак — ужо ў XIV ст. іх агіяграфічныя версіі былі ў Вялікім Ноўгарадзе і Пскове, а ў XVI ст. сюжэт увайшоў у легендарную частку беларуска-літоўскіх летапісаў. Пратографам усіх паўночнарускіх і маскоўскіх аповедаў XV—XVI ст. пра Войшалка быў Наўгародскі першы летапіс (НПЛ)[16]. Стрыйкоўскі быў знаёмы са звесткамі ГВЛ праз беларуска-літоўскі летапіс блізкі да Хронікі Быхаўца. Таму вывучэнне менавіта звестак ГВЛ мае найважнейшае значэнне.
Войшалк і «Аповесць пра Варлама і Іасафа»
«Аповесць пра Варлама і Іасафа»(руск.) (бел. перакладзена з грэчаскай не пазней сярэдзіны XII ст. і папулярная на Русі, расказвае пра індыйскага царэвіча Іасафа, ахрышчанага сваім настаўнікам, пустэльнікам Варламам, а бацька — цар Авенір, разгневаны і спрабуе рознымі спосабамі адхіліць сына ад хрысціянства, аднак, неўзабаве змірыўся і даў сыну палову царства, а затым і сам ахрысціўся. Цар Авенір памірае неўзабаве па хрышчэнні, пасля смерці бацькі царэвіч Іасаф, нягледзячы на ўгаворы, перадае ўладу вяльможы-хрысціяніну Варахіі, а сам ідзе ў пустыню да свайго настаўніка Варлама, дзе і застаецца да смерці. Сувязь Аповесці і апавядання летапісу пра Войшалка ўпершыню паказала М. Смаронг-Ружыцкая(польск.) (бел. ў даследаванні мініяцюр Лаўрышаўскага Евангелля. Пры параўнанні сюжэтных ліній летапісу і Аповесці заўважна іх значнае падабенства, Войшалк паўтарае ролю Іасафа, Міндоўг — Авеніра, Рыгор Палонінскі — Варлама, а Шварн — Варахіі.
Такім чынам, трэцяя рэдакцыя апавядання пра Войшалка ў ГВЛ мае агіяграфічны характар, яе сюжэт склаўся пад уплывам Аповесці пра Варлама і Іасафа. Незалежна ад трэцяй рэдакцыі ГВЛ, ужо ў XIV ст. у Паўночнай Русі з’явіліся і распаўсюдзіліся агіяграфічныя версіі другой рэдакцыі апавядання ў ГВЛ пра Войшалка. У самой другой рэдакцыі таксама ёсць дапаўненні, паводле яе Войшалк заключыў мір з Данілам і выдаў замуж за яго сына сваю сястру, аднак у першай, пачатковай, рэдакцыі апавядання ГВЛ ініцыятарам гэтых падзей быў Міндоўг, такім чынам, імаверна, ужо ў другая рэдакцыя адлюстроўвае спробу летапісца вывесці Войшалка на пярэдні план.
У літаратуры і мастацтве
У выяўленчым мастацтве
7 мініяцюр з выявамі Войшалка ў Астэрманаўскім І-ым томе Ліцэвога летапіснага збору, XVI ст.
У кан. XIII — пач. XIV ст. (да 1329) для Лаўрышаўскага манастыра было перапісана Лаўрышаўскае евангелле — выдатны прыклад ілюстраванай рукапіснай кнігі ў Беларусі; у цэнтры акладу, які выраблены ў XVI—XVII ст. — срэбная пласціна з выявай воіна з кап’ём і шчытом. Аўтар «Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі» Вацлаў Ластоўскі адзначыў, што паводле традыцыі, на акладзе Лаўрышаўскага евангелля — выява Войшалка[17] (іншыя даследчыкі лічаць, што на выяве — св. Дзмітрый Салунскі).
Паштоўка «Войшалк», Коўна, 1935, у серыі «Князі Літвы».
Тэракотавы медальён «Вялікі князь Літоўскі Войшалк», мастак М. Л. Несцярэўскі, 2002.
У драматургіі і кінематографе
П’еса латвійскага пісьменніка Марціньша Зівертса «Улада» (лат.: «Vara»), 1944, Войшалк — адна з дзеючых асобаў.
Мастацкі фільм «Улада» (літ.: «Valdžia», паводле п’есы М. Зівертса, 1992, Літоўская кінастудыя, рэж. — Юозас Саболюс), у ролі Войшалка — Йонас Брашкіс.
↑T. Milewski. Indoeuropejskie imiona osobowe. Wrocław-Warszawa-Kraków, 1969. С. 11—13.
↑J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 1131.
↑С. Валянтас. Двусоставные антропонимы — реликты поэзии балтов // Балто-славянские исследования. XVI. Сборник научных трудов. М., 2004. С. 203—205, 217—218.
↑В. Н. Топоров. Прусский язык. A-D. М., 1975. С. 72.
↑Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 3 (1440—1498). Vilnius, 1998. C. 68.
↑Narbutt T. Dzieje starożytne narodu litewskiego. Т.4. — Wilno: Nakładem i drukiem A. Marcinowskiego, 1838. — S. 181.
↑Лещинский, А. И. Что в имени тебе моем?… С. 74—75.
Chomik, P. Początki monasteru ławryszewskiego koło Nowogródka // Średniowiecze Polskie i Powszechne. — Т. 4 (8). — 2012. — S. 42—57. ISSN 0208‑6336, ISSN 2080‑492X.
Dąbrowski, D. Powieść o Wojsiełku. Szkic historiograficzny // Lietuvos Didžiosios Kunigaikštystės istorijos šaltiniai. Faktas. Kontekstas. Interpretacija. — Vilnius, 2007. — S. 31—66.
Goldfrank, D. Lithuanian Prince-monk Vojselk: a study of competing legends // Harvard Ukrainian Studies. — 1988. — Vol. 11/3—4. — Р. 44—76.
Gudmantas, K., Ryčkov A. Demetrijaus Zankiewicziaus. Notifikacija apie Laurušavo vienuolyną, išrašyta iš senos rusiškos rankraštinės kronikos (Šaltinio tyrimas ir publikacija) // Senoji Lietuvos literatūra. — 34 knyga. — 2012. — P. 153—184. ISSN 1822-3656.
Łatyszonok O. Tożsamość fratris Vaislani z Opisu ziem. Przyczynek do badań nad stosunkiem Kościoła Zachodniego do Wschodniego w połowie XIII wieku i pierwotną lokalizacją Białej Rusi // Colloquia Russica. – Series II. – Vol.3: Данило Романович і його часи / За ред. В. Нагірного, М. Волощука. – Івано-Франківськ; Краків, 2017. – S. 215–219.
Smorąg-Różycka, M. Ewangeliarz Ławryszewski. — Kraków, 1999. — S. 70—81.
Smorąg-Różycka, M. Miniatury «Ewangeliarza Ławryszewskiego». Zagadnienie stylu // Folia Historiae Artium. — 1992. — T. 28. — S. 26—27, 38.
Smorąg-Różycka, M. Romans chrześcijański Barlaam i Jozafat w kulturze średniowiecznej Europy. Uwagi o dwóch miniaturach w Ewangeliarzu Ławryszewskim // Slavia Orientalis. — 1993. — Nr. 1. — S. 9—27.
Вілкул, Т. Л. Галицько-Волинський літопис про постриження литовського князя Войшелка // Український історичний журнал. — 2007. — № 4. — С. 26—37.
Вилкул, Т. Л. О некоторых источниках литовских известий Галицко-Волынской летописи // Lietuvos Didžiosios Kunigaikštystės istorijos šaltiniai. Faktas. Kontekstas. Interpretacija / sud. A. Dubonis. — Vilnius, 2006.
Вілкул, Т. Л. Постриження князя Войшелка: Політика князя Данила і стратегії літописців // Матеріали і дослідження з археології Прикарпаття і Волині. Вип. 13. — Львів, 2009.
Горовенко, А. В. Меч Романа Галицкого. Князь Роман Мстиславич в истории, эпосе и легендах. — Санкт-Петербург: «Дмитрий Буланин», 2011.
Кибинь, А. С. Литовский князь и индийский царевич: в поисках сходства (история о Войшелке) // Studia Slavica et Balcanica Petropolitana. — 2011. — № 2. — С. 11—28.
Лещинский, А. И.Что в имени тебе моём?Архівавана 7 мая 2013. (Значение и смысл монашеских имён епископата Русской православной церкви) // Вестник Челябинского университета. Сер. 1, История, Т. 2. — 2002. — С. 74—80.
Литвина, А. Ф., Успенский, Ф. Б. Агиография и выбор имени в Древней Руси // Славяноведение. Вып. 4. — 2005. — С. 25—42.
Огицкий, Д. П. Великий князь Войшелк (страница из истории Православия в Литве) // Богословские труды. Т. 24. — Москва, 1983. — С. 171—196.
Семянчук, А. Лаўрышаўскае Евангелле // Silva rerum nova: Штудыі ў гонар 70-годдзя гісторыка Георгія Я. Галенчанкі. — Вільня, Менск, 2009. — С. 236—246.
Толочко, А. «История Российская» Василия Татищева: источники и известия. — Москва: Новое литературное обозрение; Киев: Критика, 2005. — 544 с. — Серия: Historia Rossica. — ISBN 5-86793-346-6, ISBN 966-7679-62-4
Толочко, П. П. Литовский князь Войшелк в русских летописях // Ruthenica. — Київ: Інститут історії України НАН України, 2006. — № 5. — С. 117—127.