Бешанковіцкае выступленне рамеснікаў і сялян — пратэст супраць шматгадовага прыгнёту з боку ўладальніка мястэчка Бешанковічы і прылеглых вёсак графа I. Храптовіча.
Паводле яго загаду пад пляцы для будоўляў было разбурана каля 100 двароў рамеснікаў і сялян, адабраны іх землі, яны самі абкладзены непасільнымі падаткамі і павіннасцямі, уведзены штодзенны прыгон, а графскія староста і аканом лупцавалі людзей. Не знайшоўшы паратунку ў беларускага ваеннага губернатара А. Вюртэмбергскага і віцебскага губернатара А. П. Бутовіча, рамеснікі і сяляне ў верасні 1821 г. падалі петыцыю цару Аляксандру I, у якой сцвярджалі, што паводле прывілея 1634 г., дадзенага Бешанковічам у часы Вялікага Княства Літоўскага каралём польскім і вялікім князем літоўскім Уладзіславам IV, жыхары мястэчка не аддаваліся Храптовічам у прыгон.
Пратэстоўцы выбралі раду на чале з адстаўным паручнікам Б. Ступіным. Даведаўшыся пра петыцыю, граф таксама напісаў цару скаргу, што яго прыгонныя выйшлі з падпарадкавання, адмовіліся ад выканання ўсіх павіннасцей, паказваюць буянства і дзерзкасць. У выніку лепельскі павятовы земскі суд атрымаў прадпісанне губернскага начальства прывесці пратэстоўцаў у поўнае падпарадкаванне графу, а зачыншчыкаў аддаць пад суд. У Бешанковічы выехала камісія на чале з судовым спраўнікам Рылевічам. Але 730 бунтаўшчыкоў нават пад пагрозай экзекуцыі адхілілі ўсе заклікі камісіі падпарадкавацца графу і выконваць павіннасці. 3 работ у маёнтку былі зняты ўсе прыгонныя. Паліцыя арыштавала 9 кіраўнікоў і актыўных удзельнікаў выступлення. Дом, дзе іх трымалі, акружылі больш за 200 местачкоўцаў і сялян на чале з К. Станкевічам, і пад іх націскам паліцыя адпусціла арыштаваных. Ад прапанаванай графам харчовай дапамогі бунтаўшчыкі адмовіліся. Паводле прадпісання губернатара ў Бешанковічы прыбыў калежскі асэсар Мазурын, які разам з судовым спраўшкам угаворваў мяшчан і сялян выконваць павіннасці паводле інвентара, але тыя зноў адмовіліся. Выкліканая ваенная каманда арыштавала 4 кіраўнікоў і пад канвоем павяла іх у Лепель. Але ў выніку сутычкі паміж салдатамі і мяшчанамі арыштаваных адбілі. У Бешанковічы прыехаў сам губернатар, які загадаў самых непакорных аддаць пад суд. Павятовы суд, што адбыўся восенню 1822 г., стаў на абарону графа, не звярнуў увагі на шматлікія важкія доказы падсудных. 18 мяшчан і сялян прыгавораны да цялесных пакаранняў. Самыя актыўныя кіраўнікі выступлення I. Гілевіч, Я. Кісевіч, Л. Берасцень і Г. Журко засуджаны на пажыццёвую катаргу ў Табольскім астрозе.
Літаратура
- Крачкоўкі, А. В. Край наш Наддзвінскі / А. В. Крачкоўскі. — Мн.: Полымя, 1990. — 76, [4] с.: іл., факс., партр. — ISBN 5-345-00312-2.
- Марозава, А. І. Бешанковіцкае выступленне рамеснікаў і сялян 1821—22 / А. І. Марозава // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 537 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. — С. 23—24.
Паўстанні, бунты і мірныя пратэсты ў Беларусі |
---|
XVI ст. | |
---|
XVII ст. | |
---|
XVIII ст. | |
---|
XIX ст. | |
---|
XX ст. | |
---|
XXI ст. | |
---|
Штогадовыя | |
---|