Бесарабская губерня (да 1873 — Бесарабская вобласць) — адміністрацыйная адзінка Расійскай імперыі, якая існавала ў 1812—1917 гадах. Губернскі горад — Кішынёў.
Геаграфія
Тэрыторыя Бесарабскай губерні займала плошчу ў 44 399 км². Бесарабская губерня складала крайнюю паўднёва-заходнюю канцавіну Расійскай імперыі, паміж Прутам на захадзе і Днястром на поўначы і ўсходзе; Дунай (уласна, паўночны, Кілійскі рукаў яго) складаў мяжу на поўдні, Чорнае мора на паўднёвым усходзе, толькі на крайнім паўночным захадзе губерня не мела добра вызначаных натуральных межаў; ад аўстрыйскай вобласці Букавіны яе аддзялялі невялікія рэчкі, якія ўпадаюць у Прут і Днестр, а частка мяжы паміж імі была праведзеная палямі.