Бебжа[1] (польск.: Biebrza, літ. Bebras, бел. Бобра, Бебра) — рака ў паўночна-ўсходняй Польшчы, у Падляскім ваяводстве, правы прыток Нарава (басейн Віслы).
Назва балцка-яцвяжскага паходжання. Звязаная з літоўскім bebras, babras, прускім bebrus «бабёр», далей да індаеўрапейскага кораня *bhe-bhros «бабёр»[2].
Прамы гідранімічны аналаг — літоўскія рачныя назвы тыпу Bebrė, Bebrinė, Bebrujis[3], таксама бярэзінская рака Бабруйка, верхнедняпроўская Бебря[4].
Непасрэдна ў Бебру (каля Гонядзі) уцякае рэчка з прызнана яцвяжскай назвай Голда (польск. Gołda), у якой другая аснова ад яцвяжскага *udā «вада, рака»[5].
«Яцвяжскасць» рачной назвы Бебры кажа пра тое, што ў яцвяжскай мове мела быць слова для «бабра», роднаснае літоўскаму і прускаму словам.
Апроч Бебры, на поўнач ад Беластока таксама такія балцкія (меркавана яцвяжскія) рачныя назвы, як Кумялка, Нерасль, Супрасль.
Даўжыня 165,1 км. Плошча вадазбору 7054,4 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 33,6 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,13 ‰.
Праз Аўгустоўскі канал злучаецца з ракой Нёман.
Басейн Бебжы характарызуецца асіметрыяй: больш развіты правыя прытокі — 75,5 % (галоўным чынам рэкі, якія выцякаюць з Мазурскіх азёраў), левыя прытокі ўсяго — 24,5 % вады ад агульнай масы.
У басейне ракі размяшчаецца Бебжанскі нацыянальны парк.