Баі за Вад-Медані — эпізод канфлікту паміж прыхільнікамі суданскіх генералаў Абдэля аль-Бурхана і Махамеда Дагала, звязаны з барацьбой за горад Вад-Медані, адміністрацыйны цэнтр штата Гезіра.
Перадгісторыя
Штаты Гезіра і Белы Ніл лічыліся апорнымі пунктамі САП[1]. Толькі ў першым да войск Дагала далучылася больш за 40 000 чалавек[2].
Падзеі ў Вад-Медані шмат у чым прадвызначылі баі ў Хартуме. Тут 11 лістапада быў разбураны мост Шамбат праз Ніл. Тым самым часці САП, якія знаходзіліся на заходнім беразе ракі, апынуліся адрэзанымі ад асноўных войск[3]. Каб уз’яднаць свае групоўкі атрады Дагала атакавалі вёску Джэбель-Аўлія на мяжы з паўднёвымі штатамі, з намерам захапіць мясцовую плаціну. Праз тыдзень баёў САП дасягнулі сваёй мэты[4]. У той жа час захоп Джэбель-Аўліі даў мяцежным атрадам доступ на поўдзень. Пасля гэтага прыхільнікі Дагала былі ўпершыню заўважаныя ў штатах Гезіра, Белы Ніл[1] і пазней у Аль-Кадарыфе[5]. 14 снежня САП здзейснілі рэйд на Паўночную Гезіру, без супраціўлення захапіўшы горад Абу-Гута[6].
Баявыя дзеянні
Баі за горад пачаліся 15 снежня з флангавага манеўру САП: мяцежныя войскі, абышоўшы горад Руфаа, пагражалі акружыць сілы праціўніка, прымусіўшы байцоў урадавай арміі адступіць да Вад-Медані[7]. Затым паўстанцы ўвайшлі ў прыгарады горада Абу-Хараз і Хантуб на ўсходнім беразе Блакітнага Ніла[8].
Большая частка баявых дзеянняў адбывалася ў Хантубе. Тут часці САП сканцэнтраваліся на захопе стратэгічнага моста праз Блакітны Ніл[7]. Першая атака на горад была адбіта ўдарамі артылерыі і авіяцыі[9]. Аднак у рэшце рэшт урадавыя войскі адступілі[7]. На трэці дзён баёў САП захапілі ваенную базу на ўсходнім баку ракі[10].
Узяўшы мост Хантуба, мяцежнікі ўварваліся ў сам Вад-Медані і хутка прасунуліся да галоўнага рынку[7]. Абарона суданскай арміі адразу ж павалілася. Атрады Дагала захапілі асноўныя дзяржаўныя будынкі, у тым ліку штаб 1-й пяхотнай дывізіі і цэнтральны паліцэйскі ўчастак. Сілы Бурхана пакінулі свае пазіцыі і ўцяклі ў суседнія штаты, пакінуўшы астатнюю частку горада ў асноўным без бою[11]. Тым не менш, ізаляваныя атрады ўрадавых войск некаторы час працягвалі супраціўляцца[11].
Наступствы
Аль-Джазіра назвала страту Вад-Медані «важным паваротам» у вайне[12]. Суданскае грамадства стала губляюць веру ў тое, што ўрад Бурхана здольны разграміць Дагала[12]. Выраслі заклікі да дзяржаўнага перавароту з мэтай адхілення цяперашняга ваеннага кіраўніцтва[13].
Захоп Вад-Медані даў САП магчымасць развіваць наступленне па ўсёй Гезіры[13]. Суданскі ваенны эксперт Хусейн Раба назваў горад «лёгкімі Судана», важным скрыжаваннем для краіны, а яго захоп, на думку спецыяліста, фактычна адрэзаў ад арміі ўрада рэгіёны Дарфур і Кардафан, а таксама штаты Хартум і Белы Ніл[2].
Крыніцы