Ацэто́н[2] (дыметылкетон, сістэматычнае найменне: прапан-2-он) — прасцейшы прадстаўнік кетонаў. Формула: CH3-C(O)-CH3.
Бескаляровая лёгкарухомая лятучая вадкасць з характэрным пахам. Цалкам змешваецца з вадой і большасцю арганічных растваральнікаў. Ацэтон добра растварае шматлікія арганічныя рэчывы (ацэтылцэлюлозу і нітрацэлюлозу, воск, гуму і інш.), а таксама шэраг соляў (хларыд кальцыю, ёдыд калію). З’яўляецца адным з метабалітаў, якія выпрацоўваюцца чалавечым арганізмам.
Атрымліваюць гідратацыяй прапілену з наступным акісленнем прамежкавага ізапрапілавага спірту[2].