Яўген Шаўчэнка (нар. 6 чэрвеня 1996, Мінск) — беларускі футбаліст, нападнік расійскага клуба «Арсенал» з Тулы.
Выхаванец школы футбольнага клуба «Мінск», у 2013 годзе пачаў выступаць за дубль клуба.
У чэрвені 2014 года галоўным трэнерам «Мінска» стаў Андрэй Пышнік, які да таго ўзначальваў дубль. Новы трэнер адразу запрасіў Шаўчэнку разам з іншымі маладымі гульцамі ў асноўную каманду. 6 ліпеня 2014 года Яўген дэбютаваў у Вышэйшай лізе, выйшаўшы на замену на 68-й хвіліне ў матчы з «Нафтанам» (4:0). У канцы сезона стаў з’яўляцца і ў стартавым складзе мінскага клуба. 29 лістапада 2014 года адзначыўся галявой перадачай у матчы з брэсцкім «Дынама» (3:1).
У снежні 2014 года падоўжыў кантракт з «Мінскам»[5]. У сезоне 2015 выступаў пераважна за дубль сталічнага клуба, таксама ўдзельнічаў у Юнацкай Лізе чэмпіёнаў. У Вышэйшай лізе ў 5 матчах выхадзіў на замену. У сезоне 2016 здолеў замацавацца ў асноўнай камандзе мінчан, нярэдка з’яўляўся ў стартавым складзе. З мая 2017 года стаў трывала выступаць у аснове мінчан, аднак у верасні страціў месца ў складзе. У сезоне 2018 прыняў удзел ва ўсіх 30 матчах чэмпіянату і забіў 5 галоў.
У студзені 2019 года падпісаў новы кантракт са сталічным клубам[6]. У сезоне 2019 заставаўся трывалым іграком стартавага складу.
У студзені 2020 года было абвешчана аб пераходзе Шаўчэнкі ў брэсцкае «Дынама»[7]. Не здолеў замацавацца ў складзе каманды, выхадзіў на замену, а часам заставаўся на лаўцы запасных. У ліпені 2020 года перабраўся ў брэсцкі «Рух»[8], дзе замацаваўся ў стартавым складзе. У снежні 2020 года падпісаў паўнавартасны кантракт з «Рухам»[9].
У сезоне 2021 працягваў выступаць пераважна ў стартавым складзе брэсцкай каманды. У пачатку 2022 года рыхтаваўся да новага сезона з «Рухам», аднак у сакавіку, пасля таго як клуб зняўся з Вышэйшай лігі, падпісаў кантракт з жодзінскім «Тарпеда-БелАЗ»[10], дзе замацаваўся ў аснове. У студзені 2023 года падоўжыў пагадненне з жодзінцамі[11]. У студзені 2024 года пакінуў «Тарпеда-БелАЗ» па заканчэнні кантракта[12]. Неўзабаве адправіўся ў тульскі «Арсенал» і ў лютым афіцыйна стаў іграком клуба[13].
Выступаў за юнацкія зборныя Беларусі. 11 лістапада 2016 года дэбютаваў у моладзевай зборнай Беларусі ў таварыскім матчы са зборнай Украіны, выйшаўшы на замену ў другім тайме.
13 кастрычніка 2019 года дэбютаваў у нацыянальнай зборнай Беларусі ў адборачным матчы чэмпіянату Еўропы супраць Нідэрландаў, выйшаўшы на замену ў канцы сустрэчы.