Юры Кур’яновіч, Юрый Уладзіміравіч Кур’яновіч (нар. 5 верасня 1968, Мінск) — беларускі пісьменнік, перакладчык, гісторык.
Вучыўся ў СШ № 17, а пазней — у 19-й сярэдняй школе імя Я. Купалы Мінска, скончыў матэматычны клас А. Фельдмана. У 1991 г. скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі (БДІНГ), у 2013 г. — аспірантуру Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка па спецыяльнасці «Айчынная гісторыя». Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў з 2006 г[1].
Дэбютаваў у газеце БДІНГ «Экономист» у 1986 г.[2], у рэспубліканскім друку ў 1995 г. (газета «Чырвоная змена»[3]).
Пад канец 1990-х гг. на старонках беларускага друку («Цэнтральная газета»[4], часопісы «Нёман»[5], «Бярозка»[6]) упершыню распавёў пра таямнічы каменны крыж на Барысаглебскіх могілках у Тураве (Гомельская вобласць) — адзін з вядомых сёння турыстычных і рэлігійных аб’ектаў Палесся.
Упершыню пераклаў на беларускую мову творы шэрагу ўкраінскіх аўтараў (зборнік прозы «Цвітуць сланечнікі», 2012), у тым ліку ўспаміны навукоўца-хіміка, педагога, пісьменніка Пятра Франко[uk] (1890—1941)[7], якому прысвяціў асобную кнігу «Пятро Франко. Авіятар, хімік, літаратар»[8] (2019). Аўтар зборнікаў прозы «Ён і Яна» (1996), «Гарадская элегія» (2007), навукова-папулярных кніг «Аповеды старасвецкай Лошыцы» (2005), «Беларускі крымінальны вышук» (2018), «Старасвецкая Лошыца» (2018)[9][10], «Тураў. Старажытны і сучасны» (2019)[11][12].
Правёў 12 персанальных выставаў жывапісных твораў (алей, палатно), аб’яднаных агульнай назвай «Варыяцыі на спрадвечнае», і шэраг фотавыставаў («Краявіды беларускай Палесціны», «Успаміны дзяцінства», «Подых Карпат»). Першая выстава адкрылася 1 лістапада 1997 г. у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча ў Мінску[13]. Карціны захоўваюцца ў мастацкай галерэі Пухавіцкага краязнаўчага музея (г. Мар’іна Горка Мінскай вобласці), у фондах Львоўскага нацыянальнага літаратурна-мемарыяльнага музея Івана Франко[uk], літаратурна-мемарыяльнага музея І. Франко ў вёсцы Крыварыўня (Вэрхавінскі р-н, Івана-Франкоўская вобл.), прыватных калекцыях.