Тузла размешчана ў паўночна-ўсходняй частцы Босніі. Плошча абшчыны складае 302 км². Вышыня над узроўнем мора — 231 метр. На паўночным захадзе акружана горным ланцугом Маевіца, (сербахарв.: Majevica, Мајевица), на паўднёвым захадзе — горамі Озран, Коньюх і Яварнік. Стаіць на рацэ Яла (сербахарв.: Jala, Јала). Клімат умерана-кантынентальны. Вакол Тузлы знаходзяцца багатыя паклады вуглю. Па ўсім горадзе працуюць 6 вуглездабыўных шахт. Большая частка вуглю, які здабываецца ў вобласці, адпраўляецца на Тузланскую электрастанцыю (сербахарв.: Termoelektrane Tuzla), найбуйнейшую ў Босніі і Герцагавіне.
Мяжуе з абшчынамі Срэбранік і Лопарэ — на поўначы і паўночным усходзе, Калесіяй — на паўднёвым усходзе, Жывініцай — на поўдні і з абшчынай Лукавац — на захадзе.
Гісторыя
Тузла — адно з найстарэйшых паселішчаў у Еўропе. Першыя сляды чалавечай дзейнасці на тэрыторыі сучаснай Тузлы ўзыходзяць да перыяду неаліту. Археолагі выявілі мноства рэштак, якія сведчаць пра багатую матэрыяльную культуру старажытных жыхароў гэтай вобласці. Была знойдзена вялікая колькасць гліняных пасудзін з рознымі арнаментамі, а таксама керамічныя вырабы, каменныя нажы, сякеры, скрабкі і іншыя рэчы, якія выкарыстоўваў чалавек у той час. Гэтыя знаходкі пацвердзілі, што раён горада Тузла быў заселены пачынаючы з эпохі неаліту.
У 1640 годзе горад увайшоў у склад Асманскай імперыі, стаўшы адным з галоўных цэнтраў здабывання солі. Першы захаваны дагэтуль дакумент, які пацвярджае працу саляных шахт датуецца 1548 годам. Эканамічнае развіццё горада пачалося ў XVII стагоддзі, калі ён стаў важным цэнтрам рамёстваў і адміністрацыйным цэнтрамсанджакаЗворнік. Сярод мноства будынкаў, пабудаваных у часы асманскага панавання, самым каштоўным лічыцца мячэцьТуралібег, пабудаваная ў XVI стагоддзі.
21—28 снежня 1920 года ў сяле Хусіна непадалёк ад горада адбылося шахцёрскае паўстанне — адно з найважнейшых выступленняў пралетарыята Босніі і Герцагавіны.
У пачатку лютага 2014 г. у горадзе пачаліся мітынгі[3]. Прычынай абурэнняў стала закрыццё буйных фабрыкаў і фірмаў. Аднак, ужо неўзабаве мітынгі перараслі ў масавыя беспарадкі. У выніку былі арыштаваны 24 дэманстранты, а 17 паліцэйскіх былі паранены[4]. На наступны дзень беспарадкі перараслі ў сутыкненні з паліцыяй. 7 лютага дэманстранты прарваліся да будынка адміністрацыі горада і падпалілі яго. Пасля гэтага пратэстуючыя прарваліся да будынка суда горада. Аднак праз некаторы час паліцэйскія перайшлі на бок дэманстрантаў. Паводле паведамленняў СМІ ў гэты дзень страты сярод паліцэйскіх склалі да 100 чалавек[5].
Эканоміка
Тузла — адзін з найбуйнейшых, пасля Сараева і Баня-Лукі прамысловых цэнтраў Босніі і Герцагавіны. У абшчыне знаходзіцца шмат заводаў хімічнай прамысловасці, прадуктаў харчавання, напояў і цяжкай індустрыі. Даваенны эканамічны лад у раёне Тузлы характарызаваўс імклівым развіццём цяжкай прамысловасці і энергетыкі, як дамінуючых галін эканомікі.
Сёння горад Тузла з'яўляецца адміністрацыйным, культурным, эканамічным і адукацыйным цэнтрам Тузланскага кантона. Прыродныя рэсурсы і вялікія паклады мінеральнай і энергетычнай сыравіны былі і ёсць вырашальным фактарам эканамічнага развіцця ў гэтай вобласці.
У 2009 годзе, паводле ацэнак, абшчыну насяляла 131 640 чалавек[6].
Заўвага: У перапісах 1971 і 1981 гадоў у склад абшчыны таксама ўваходзілі населеныя пункты: Црно-Блата, Долаві, Крыжані, Марына-Глава, Сланавічы і Соліна. Гэтыя вёскі пад час перапісу 1991 гады былі ўключаны ў склад іншых абшчын.
Клімат
Сярэднегадавая тэмпература за апошнія паўстагоддзі складае 10 °C. Самым халодным месяцам з'яўляецца студзень з сярэдняй тэмпературай 0,6 °C, а самым цёплым — ліпень, сярэдняя тэмпература якога 19,4 °C. Самая высокая тэмпература ў 38,4 °C была зафіксавана ў жніўні 1971 года, а самая нізкая — −25,8 °C у студзені 1963 года. Колькасць дажджлівых дзён у годзе складае 135, з ліўнем — 19, з маланкай — 37, з смугой — 68, са снегам і інеем — 62. Максімальная вышыня снежнага покрыва — 97 сантыметраў, была вымерана ў лютым 1984 года.