Траскун амурскі[1] (Syringa reticulata amurensis, або Syrínga amurénsis) — падвід віду Syringa reticulata роду Бэз (Syringa) сямейства Маслінавыя (Oleaceae).
Распаўсюджанне
Радзіма траскуна амурскага — Маньчжурыя, Прыморскі і Хабараўскі краі, Амурская вобласць, Кітай, паўвостраў Карэя. Расце ў змешаных нізінных лясах і хмызняковых зарасніках, радзей на лясістых схілах. У горы падымаецца да 600 м над узроўнем мора.
Апісанне
Дрэва да 10 м, радзей 12-15 м вышынёй і 20-30 см дыяметрам, радзей мнагаствольны лістападны куст .
Кара цёмна-шэрая або бурая, з добра прыкметнымі белымі папярочнымі чачавічкамі. Маладыя парасткі чырвона-бурыя.
Лісце 5-11 см даўжынёй, зялёнае, эліпсападобна-сэрцападобнае падобнае з лісцем бэзу звычайнага (Syringa vulgaris).
Суквецці буйныя шырокамяцёлкавыя да 20-25 см даўжынёй і да 20 см у дыяметры. Кветкі белыя або злёгку крэмавыя, дробныя 5-6 мм у дыяметры, з моцным пахам. Цвіце ў канцы чэрвеня — ліпені. Цвіценне доўжыцца 2 тыдні. Адзін з найбольш марозаўстойлівых і засухаўстойлівых бэзаў. Добра пераносіць гарадскія ўмовы. Размнажаецца насеннем і зялёнымі тронкамі. Першыя два гады расце павольна.
Драўніна белая, цвёрдая і цяжкая.
Жыве да 90-100 гадоў. У культуры з 1855 года.
Расліна атрымала народную назву «траскун» за тое, што сырыя дровы гараць з моцным трэскам, раскідваючы іскры і вуглі на некалькі метраў.
Зноскі
Спасылкі