Трапі́чныя лясы́[1][2] — лясы, распаўсюджаныя ў трапічным, экватарыяльным і субэкватарыяльным паясах[3] паміж 25° пн. ш. і 30° пд. ш.[4] Трапічныя лясы сустракаюцца ў шырокім поясе, які акружае Зямлю па экватары і разрываецца толькі акіянамі і гарамі.
Агульная цыркуляцыя атмасферы адбываецца з зоны высокага атмасфернага ціску ў раёне тропікаў у зону нізкага ціску ў раёне экватара, у тым жа кірунку пераносіцца вільгаць. Гэта прыводзіць да існавання вільготнага экватарыяльнага пояса і сухога трапічнага. Паміж імі знаходзіцца субэкватарыяльны пояс, у якім увільгатненне залежыць ад кірунку ветру (мусону), які залежыць ад пары года[5].
Расліннасць трапічных лясоў вельмі разнастайная, залежыць галоўным чынам ад колькасці ападкаў і іх размеркавання паводле пораў года. У выпадку багатых (звыш 2000 мм) і іх больш-менш раўнамернага размеркавання развіваюцца вечназялёныя вільготныя трапічныя лясы. Па меры аддалення ад экватара з’яўляюцца лясы, у якіх увільгатненне залежыць ад пары года: дажджлівы перыяд змяняецца сухім. Гэта — зімнезялёныя пераменна-вільготныя трапічныя лясы з лісцем, якое ападае на час засухі. Далей гэтыя лясы змяняюцца саваннавымі лясамі[3]. Пры гэтым у Афрыцы і Паўднёвай Амерыцы мусонныя і экватарыяльныя лясы змяняюцца саваннавымі лясамі з захаду на ўсход. Пры яшчэ больш засушлівым клімаце дрэвастоі разрэджваюцца, саваннавыя лясы змяняюцца ксерафільнымі калючымі лясамі і зараснікамі кустоў[3].
Трапі́чныя лясы́ // Геаграфічныя паняцці і тэрміны: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. М. Курловіч і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — С. 286. — 333 с. — (Энцыкл. б-чка школьніка). — 14 000 экз. — ISBN 5-85700-085-8.
Тропи́ческие леса́ / Фёдоров Ан. А. // Т. 26. Тихоходки — Ульяново. — М. : Советская энциклопедия, 1977. — С. 246. — (Большая советская энциклопедия : [в 30 т.] / гл. ред. А. М. Прохоров; 1969—1978).(руск.)