Сяргей Бароўскі (нар. 29 студзеня 1956, Мінск) — беларускі савецкі футбаліст (абаронца) і футбольны трэнер.
Выхаванец мінскай СДЮШАР-5. З 1972 года выступаў за дубль мінскага «Дынама», у 1974 годзе стаў іграком асноўнага складу і выступаў у складзе «Дынама» да 1987 года. Усяго ў чэмпіянаце правёў 400 матчаў, з іх 270 у вышэйшай лізе. У 1982 годзе разам з клубам стаў чэмпіёнам СССР. У 1984—1985 гадах быў капітанам каманды.
У 1981—1985 гадах выступаў за нацыянальную зборную СССР. Быў адным з асноўных абаронцаў зборнай. У 1982 годзе ўдзельнічаў у чэмпіянаце свету ў Іспаніі.
У 1989 годзе пачаў трэнерскую кар’еру, прыняўшы прапанову ўзначаліць новаствораны маладзечанскі «Металург». У 1991 годзе прывёў гэты клуб да перамогі ў апошнім чэмпіянаце БССР. Пазней узначальваў маладзечанскі клуб у незалежнай Беларусі.
У 1994 годзе ўзначаліў нацыянальную зборную краіны. Пад кіраўніцтвам Бароўскага зборная атрымала адну з найвядомейшых перамог — у 1995 годзе над зборнай Нідэрландаў (1:0). У 1997—1999 працаваў у клубах Латвіі і Малдовы, пасля чаго другі раз узначаліў зборную. Падчас другога кіраўніцтва Бароўскага зборная пацярпела адно з найцяжэйшых паражэнняў — у 2000 годзе ад Андоры (0:2).
З 2000 працаваў трэнерам у розных беларускіх клубах, таксама ў Літве і Украіне.
У другой палове 2007 года быў спартыўным дырэктарам мінскага «Дынама», а са жніўня 2009 года узначаліў мінскі СКВІЧ, які выступаў у Першай лізе. Па выніках сезона 2010 СКВІЧ пад кіраўніцтвам Бароўскага атрымаў права на стыкавыя матчы за месца ў Вышэйшай лізе, але саступіў жодзінскаму «Тарпеда».
У канцы 2010 года стаў галоўным трэнерам «Віцебска». У чэмпіянаце 2011 клуб ішоў у сярэдзіне табліцы, але ў жніўні 2011 года Бароўскі са скандалам пакідае пасаду галоўнага трэнера, абвінаваціўшы кіраўніцтва клуба ў неспрыяльных умовах. У выніку «Віцебск» па заканчэнні сезона 2011 пакінуў Вышэйшую лігу.
У 2012 годзе Бароўскі зноў працаваў галоўным трэнерам СКВІЧа, а ў 2013 годзе працаваў у Казахстане, дзе ўзначальваў моладзевую зборную. Поспехаў з казахскай моладдзю не меў — у адборачным турніры чэмпіянату Еўропы зборная атрымала толькі адну перамогу (над зборнай Беларусі). У кастрычніку 2013 года быў звольнены з пасады галоўнага трэнера моладзевай зборнай[3].
У студзені 2014 года быў прызначаны галоўным трэнерам салігорскага «Шахцёра»[4]. Прывёў салігорскі клуб да перамогі ў Кубку Беларусі 2013/14, а пасля вывеў яго ў раўнд плэй-оф Лігі Еўропы. У чэмпіянаце Беларусі «Шахцёр» у сезоне 2014 атрымаў бронзавыя медалі. У снежні 2014 года Бароўскі на год падоўжыў кантракт з «Шахцёрам»[5].
Сезон 2015 распачынаў з амбіцыйнымі мэтамі — выйграць Суперкубак і Кубак Беларусі, а таксама перамагчы ў чэмпіянаце Беларусі і выйсці ў групавы этап Лігі Еўропы. Аднак, у Суперкубку, як і ў фінале Кубка, «Шахцёр» саступіў барысаўскаму БАТЭ. У чэмпіянаце справы салігарчан таксама пайшлі не лепшым чынам. У чэрвені 2015 года, пасля нічыі з «Віцебскам» (2:2), Бароўскі падаў у адстаўку з пасады галоўнага трэнера «Шахцёра»[6].
У верасні 2015 года прыступіў да працы ў мінскім «Дынама», дзе стаў адказваць за развіццё дзіцяча-юнацкага футбола[7]. У студзені 2016 года быў прызначаны спартыўным дырэктарам клуба[8], пакінуў пасаду ў чэрвені таго ж года[9], але застаўся працаваць у клубе. 15 ліпеня 2016 года, пасля звальнення Вука Рашавіча, быў прызначаны галоўным трэнерам «Дынама»[10]. Пакінуў пасаду галоўнага трэнера мінчан у маі 2017 года[11].
У лютым 2018 года пачаў працаваць у барысаўскім БАТЭ ў якасці трэнера-метадыста[12]. У студзені 2019 года пакінуў барысаўскі клуб[13]. Пазней далучыўся да «Іслачы» ў якасці трэнера-кансультанта.
У снежні 2010 года атрымаў трэнерскую ліцэнзію катэгорыі «Pro».