Сцяпан Міхайлавіч Некрашэвіч (8 мая 1883, фальварак Данілоўка[1] Бабруйскага павета Мінскай губерні[заўв 1] — 20 снежня 1937, Мінск, НКУС) — беларускі навуковец і грамадскі дзеяч, ініцыятар стварэння і першы старшыня Інстытута беларускай культуры (цяпер — Нацыянальная Акадэмія навук Беларусі), акадэмік Акадэміі навук БССР (1928). Ахвяра сталінскіх рэпрэсій. Разам з Я. Ф. Карскім і І. В. Воўк-Левановічам уваходзіць у лік заснавальнікаў сучаснай беларускай мовы.
Нарадзіўся ў шляхецкай сям’і Міхаіла Паўлавіча Некрашэвіча, які займаўся сельскай гаспадаркай, і яго жонкі Евы Дзмітрыеўны. Сястра Ганна, па мужу Акановіч, у наступным была настаўніцай у Нью-Ёрку, ЗША. Род Некрашэвічаў (герба «Любіч») вядомы з XVII стагоддзя і паходзіць са Слуцкага княства[2].
Пачатковую адукацыю атрымаў у сям’і. У 1908 годзе скончыў настаўніцкую семінарыю ў горадзе Панявеж Ковенскай губерні, у 1913 годзе — Віленскі настаўніцкі інстытут[заўв 2]. Працаваў у школе «Таварыства цвярозасці» ў Цельшынскім павеце Ковенскай губерні.
З 1914 годзе падчас Першай сусветнай вайны — на Румынскім фронце. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года абраны ў армейскі камітэт 6-ай арміі. Уваходзіў у партыю Беларуская сацыялістычная грамада, затым — адзін з кіраўнікоў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў.
З восені 1917 года — у Адэсе. Загадчык беларускай секцыі пры губернскім аддзеле народнай асветы, у выніку працы якой у Адэсе напачатку 1918 навучальнага года былі адчынены 30 пачатковых беларускіх школ і змешаная беларуская гімназія ў складзе першых чатырох класаў (навучаліся дзеці ўцекачоў з прыфрантавых тэрыторый Беларусі).
Пасля абвяшчэння БНР у 1918 годзе — прадстаўнік яе ўрада на Поўдні Украіны і ў зносінах з французскім камандаваннем Антанты. Быў прыхільнікам фарміравання беларускай арміі для барацьбы з бальшавікамі. Старшыня Беларускага нацыянальнага цэнтра, які быў створаны 13 студзеня 1919 года. Адначасова вучыўся ў Адэскім вышэйшым міжнародным інстытуце.
З 1920 года — у Мінску. Працаваў у Народным камісарыяце асветы БССР: загадчык літаратурна-выдавецкага аддзела, старшыня Навукова-тэрміналагічнай камісіі, намеснік старшыні Акадэмічнага цэнтра, намеснік старшыні Галоўнага ўпраўлення прафесійнай асветы і інш.
У студзені 1921 года на сходзе работнікаў асветы і культуры прапанаваў у дакладзе стварыць інстытут, які займаўся б вывучэннем беларускай культуры. Удзельнічаў у арганізацыі Інстытута беларускай культуры (Інбелкульт), у 1922—1925 — яго першы старшыня.
З пачатку 1925 года да ліпеня 1926 года — на падвышэнні мовазнаўчай кваліфікацыі ў Навукова-даследчым інстытуце мовы і літаратуры пры Ленінградскім універсітэце), працаваў пад кіраўніцтвам Я. Ф. Карскага.
У 1926—1928 гадах — старшыня Аддзела гуманітарных навук і старшыня слоўнікавай камісіі Інбелкульта. Адначасова ў 1923—1925 гадах — выкладчык беларусазнаўства на медыцынскім факультэце, з 1927 года — дацэнт педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Уваходзіў ва ўрадавую камісію па рэарганізацыі Інбелкульта ў Акадэмію навук. З 1928 года — акадэмік, віцэ-прэзідэнт Беларускай Акадэміі навук (БелАН), адначасова з 1929 года — дырэктар Інстытута мовазнаўства БелАН, старшыня камісіі па ўкладанні слоўніка жывой беларускай мовы, старшыня правапіснай і аспіранцкай камісій. З 1 студзеня 1928 года — старшыня Галоўнавукі пры Народным камісарыяце асветы БССР. У 1927—1931 гадах быў абраны ў Цэнтральны выканаўчы камітэт БССР.
21 ліпеня 1930 года арыштаваны Дзяржаўным палітычным упраўленнем (ДПУ) БССР па справе «Саюза вызвалення Беларусі». 10 красавіка 1931 года пастановай калегіі Аб’яднанага ДПУ СССР прыгавораны да 5 гадоў высылкі ў горадзе Сарапул (Удмурція, Расія); у 1936 годзе тэрмін высылкі прадоўжаны на 2 гады. Працаваў планавіком-эканамістам кааператыўна-прамысловай арцелі інвалідаў, затым — бухгалтарам канторы «Нарыхтзерне» (руск.: «Заготзерно»). Паўторна арыштаваны ў лістападзе 1937 года, дастаўлены ў Мінск, 19 снежня 1937 года Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда БССР прыгавораны да расстрэлу.
Рэабілітаваны па 2-м прысудзе Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 12 кастрычніка 1957 года, адноўлены ў званні акадэміка ў 1978, рэабілітаваны па 1-м прысудзе ў закрытым пасяджэнні Судовай калегіі Вярхоўнага суда БССР 10 чэрвеня 1988 года.
Асноўныя кірункі навуковых даследаванняў С. Некрашэвіча — лексікаграфія, правапіс, дыялекталогія і гісторыя беларускай мовы. Апублікаваў больш за 30 навуковых прац, у тым ліку 4 манаграфіі і слоўнікі. Распрацаваў тэарэтычныя асновы і прынцыпы стварэння дыялекталагічных слоўнікаў беларускай мовы. Аўтар першага паслярэвалюцыйнага «Беларускага лемантара» (1922 г., 6-е выданне — 1929), школьнай чытанкі «Роднае слова» (1923, 4 выданне — 1925), суаўтар буквара для ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых «Наша сіла — ніва і машына» (1925).
Найважнейшыя працы ў галіне лексікаграфіі — «Беларуска-расійскі слоўнік» (1925), «Расійска-беларускі слоўнік» (1928, абодва — разам з М. Я. Байковым); «Праграма для збірання асаблівасцей беларускіх гаворак і гаворак, пераходных да суседніх моў» (1927, разам з П. А. Бузуком).
Працы ў галіне гісторыі беларускай мовы: "Мова кнігі Касьяна Рымляніна Ераміты «О ўставах манастирских» (1928); «Васіль Цяпінскі. Яго прадмова, пераклад Евангелля на беларускую мову і мова перакладу» (не апубл.).
Унёскам у развіццё беларускага мовазнаўства былі і іншыя навуковыя публікацыі: «Правапіс спрэчных дзеяслоўных форм» (1922), «Да пытання аб укладанні слоўніка жывой беларускай мовы» (1925); «Да пытання пашырэння акання на чужаземныя словы» (1926), «Да характарыстыкі беларускіх гаворак Парыцкага раёна» (1929), «Праект беларускага правапісу» (1930), даклады на Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі 1926 г. «Сучасны стан вывучэння беларускай мовы» і «Да пытання аб рэформе нашага правапісу» (1927). Стану культуры і навукі ў Беларусі ў 1920-я гг. прысвечаны артыкулы «Становішча культурна-асветных устаноў Беларусі пры непе» (1924), «Да пяцігадовага плана навукова-даследчай працы БССР» (1928).
У Данілоўцы на месцы былога фальварка Некрашэвічаў усталяваны памятны знак (1993 г.)[3]. У 1998 годзе ў будынку ў Мінску, дзе знаходзіўся Інстытут беларускай культуры, усталявалі мемарыяльную шыльду з імёнамі выдатных навукоўцаў, сярод якіх — С. Некрашэвіч. У Светлагорску ў гарадской карціннай галерэі «Традыцыя» імя Г. Пранішнікава ёсць партрэт «Сцяпан Некрашэвіч» (1992, мастак А. Марачкін, Мінск) і эскіз помніка (2007, скульптар Э. Астаф’еў, Мінск). Да 125-годдзя з дня народзінаў С. Некрашэвіча Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выдала мастацкі маркіраваны канверт, увод у выкарыстанне — 8 мая 2008 года.