Сусветны Амерыканскі Патрыярхат

Сусветны Амерыканскі Патрыярхат (САП; англ.: American World Patriarchs) — некананічная рэлігійная групоўка ў ЗША, створаная ў 1965—1972 гадах беларускім эмігрантам Уладзіславам Рыжым-Рыжскім.

У 1965 годзе ў ЗША самаабвешчаную «праваслаўную юрысдыкцыю» стварыў амерыканец з украінскімі каранямі Вальтар Мірон Прафета, якога за год да гэтага рукапалажыў у святары[1] Фядот ДэВітаў (Вітоўскі), кіраўнік арганізацыі «Святая Амерыканская праваслаўная царква» (групоўка адкалолася ў 1936 годзе ад Вікарыяцтва Заходняга абрада ў Антыахійскай Праваслаўнай Архіескапіі ў Амерыцы).

Прафета, аддзяліўшыся ад юрысдыкцыі Вітоўскага, спачатку назваў сваю арганізацыю «Амерыканская каталіцкая праваслаўная царква», праз тры гады быў абвешчаны Патрыярхам царквы з імем Володимир. Уладзіслаў Рыжы, які спачатку спрабаваў узначаліць беларускі каталіцкі рух, у 1965 годзе быў узведзены ў святарскі сан «Амерыканскай каталіцкай праваслаўнай царквы», а з 1967 года стаў архіепіскапам. На 1972 год, калі Уладзіслава Рыжага адлучылі ад «Амерыканскай каталіцкай праваслаўнай царквы», ён паспеў высвяціць 17 незалежных патрыярхаў, імкнучыся стварыць міжнародную арганізацыю. У сан патрыярхаў ён узводзіў звычайна «незалежных епіскапаў», якія амаль ці зусім не мелі прыхажанаў. Уладзіслаў Рыжы назваў сваю юрысдыкцыю «Сусветны Амерыканскі Патрыярхат». Пазней у межах САП ён яшчэ стварыў «Беларускую праваслаўную нацыянальную царкву», «Праваслаўную каталіцкую аўтакефальную царкву ЗША» і інш.

У першай палове 1970-х гадоў Сусветны Амерыканскі Патрыярхат прыкметна павялічыўся за кошт прыходаў з Паўночнай і Лацінскай Амерыкі, якія пакінулі Рымска-Каталіцкую Царкву. Даволі пашыранай прычынай да такога кроку з’яўляліся выпадкі парушэння каталіцкімі клірыкамі зароку бясшлюбнасці. Актыўна ўтвараліся новыя незалежныя нацыянальныя рэлігійныя адзінкі. Ад САПа адкалолася ў 1976 годзе «Беларуская праваслаўная царква ў выгнанні».

Пасля смерці Уладзіслава Рыжага ў 1978 годзе кіраўніком САПа становіцца Адам Білецкі, а праз некаторы час — брат Уладзіслава Юры (Рыжы)[2].

Пачынаючы з 1993 года Юры (Рыжы) шмат разоў прыязджаў на Беларусь. У 1994 годзе пачаліся багаслужбы ў мінскім прыходзе святой Еўфрасінні Полацкай, у 1995 годзе ў Мінску высвячаецца епіскап Пятро Гушча і выходзіць з друку першы нумар царкоўнага бюлетэню «Голас царквы Беларускай», былі пабудаваныя капліцы прыхода святога Кірылы Тураўскага ў Слоніме, пачалося будаўніцтва храма ў пасёлку Пагранічны (Бераставіцкі раён). У 2002 годзе пачаў дзейнічаць прыход святога Юр’я ў вёсцы Шчомысліца пад Мінскам. Было аб’яўлена аб стварэнні Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай (народнай) царквы, якая аднак не атрымала прызнання. Гэта дзейнасць была непрацяглая, за выключэннем прыхода святой Еўфрасінні Полацкай, што разам са святаром Леанідам Акаловічам перайшоў у юрысдыкцыю Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. У 1998 годзе Пётр Гушча быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за распусныя дзеянні ў дачыненні непаўнагадовых дзяўчынак, абвінавачанне затым было зменена, у выніку ён быў асуджаны ўмоўна, з’ехаў з Беларусі і пасяліўся ў адным з манастыроў Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага Патрыярхата[3].

У САПе прызнаецца жанаты епіскапат, дапускаецца выкарыстанне як усходняга, так і заходняга абрадаў. Цэнтр царквы ў Нью-Ёрку, але сталай рэлігійнай дзейнасці не вядзецца. Архіепіскап Юры (Рыжы) памёр у 2015 годзе[4].

Зноскі

  1. Статус манахаў, прэсвітараў, архіерэеў і інш. за прадстаўнікамі некананічных груповак памеснымі праваслаўнымі цэрквамі не прызнаецца
  2. krynica.info(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 20 жніўня 2019. Праверана 20 жніўня 2019.
  3. minds.by
  4. nashaniva.by

Strategi Solo vs Squad di Free Fire: Cara Menang Mudah!