Стара́я Бе́ліца[1] (трансліт.: Staraja Bielica, руск.: Старая Белица) — вёска ў Беларусі, у Гомельскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Урыцкага сельсавета. Да 26 верасня 2006 года вёска ўваходзіла ў склад Старабеліцкага сельсавета[2].
Знаходзіцца за 20 км у напрамку на паўночны захад ад Гомеля[3], за 12 км ад чыгуначнай станцыі Уза[3], за 4 км ад аўтамабільнай дарогі М8 (E95)[4].
Непадалёк працякае рэчка Белічанка (прыток Узы).
Вёска Старая Беліца ўваходзіла ў склад валадарстваў Вялікага княства Літоўскага. У 1775 годзе была падораная імператрыцай Кацярынай II князю М. Кантгаўзену, у якога і купіў Старую Беліцу ў пачатку XIX стагоддзя для свайго сына Міхала Станіслаў Солтан-Перасвет (з старажытнага княжацкага роду). У 1777 годзе ў цэнтры вёскі была пабудаваная праваслаўная Мікалаеўская царква, якая ў цяперашні час з’яўляецца помнікам архітэктуры (ахоўваецца дзяржавай).
З 8 снежня 1924 года Старая Беліца цэнтр сельсавета Уваравіцкага раёна Гомельскай акругі. З 20 лютага 1938 года ў Гомельскай вобласці, з 17 красавіка 1962 года ў Гомельскім раёне. Да 2006 года вёска Старая Беліца была цэнтрам Старабеліцкага сельсавета.