Царква Раства Багародзіцы — царква ў Шарашове. Вядома з пачатку XVI стагоддзя, у 1760 годзе перабудавана. Зруйнавана ў савецкі час. Была выдатным помнікам драўлянага дойлідства Беларусі.
Гісторыя
Першыя звесткі пра царкву адносяцца да 1517 года, калі берасцейскі войт Ян Абрамовіч, жанаты з дачкой уласніка Шарашова Юрыя Ільініча, надаў царкве ўклад.
У 1760 годзе царква перабудавана.
У 1803 годзе згарэла старая плябанія. Дзякуючы намаганням ксяндза Антонія Прыбышэвіча (па-польску: Antoni Przybyszewicz) і князя Адама Чартарыйскага яна была адноўлена.
У 1818 годзе царкве належалі тры капліцы: уласна ў Шарашове, а таксама ў Красніку і Ялове.
У пачатку 1960-х гадоў зруйнавана савецкай уладай, а дошкі з яе былі выкарыстаны пры будаўніцтве хат у Пружанах[3].
Апісанне
У апісанні за 1725 год пазначаны добры стан драўляных сцен, новы гонтавы дах і купал з вялікім крыжам; вакол будынка разьбяны кружганак «старасвецкай моды». Асобна стаяла званіца. У царкве пералічаныя пазалочаны дэісус, разныя царскія вароты з евангелістамі і выявай Тайнай Вячэры. Па левым баку разны алтар з абразамі Святых Пятра і Паўла; Вялікі алтар з абразом трох свяціцеляў(грэч.) (бел.; а таксама іншыя неідэнтыфікаваныя абразы на дрэве і палатне[4].
У апісанні за 1757 год называюцца разны алтар Пятра і Паўла са слупкамі, карнізамі, двума анёлкамі і іншай разьбой.
Уяўленне пра выгляд царквы пасля перабудовы можна атрымаць з візіты 1809 года: мела шэсць калон, купал-сігнатурку, пакрыты гонтам. Уваход у царкву праз адну з дзвюх сакрысцій. Перад прэзбітэрыем галерэя сталярскай работы. На хорах з балясінамі ручной работы пастаўлены разны вялікі алтар у ківорыі. Алтар распісаны рознымі фарбамі, па левым яго баку знаходзіцца ахвярнік (менса) з выявай Маці Божай з Ісусам у руках. Царскія вароты разныя, пазалочаныя і месцамі пасярэбраныя; на іх выразаныя асобы чатырох евангелістаў і Благавешчання. Каля варот знаходзяцца два разныя алтары з менсамі: правы з абразом Госпада Ісуса Ласкавага, левы з выявай Багародзіцы[4].
Уяўляе цікавасць абраз тыпу «Нараджэнне Хрыстова», якое трактуецца як «Пакланенне вешчуноў». Яслі з Дзіцем пастаўленыя на высокай падстаўцы, за якой намаляваны Іосіф. Марыя сядзіць побач на нябачным крэсле. Фігуры каралёў паменшаныя, без галаўных убораў, на правым краі карціны[6].
Незвычайна трактавана таксама Благавешчанне на адным з двух абразоў, які можна разглядаць як «Перадзвеставанне». На ім намалявана Марыя ў момант малітвы, апранутая ў блакітны хітон і чырвоны мафорый. Яна глядзіць у неба, адкуль з вясёлкавай дугі выступае рука, што бласлаўляе. На другім абразе гэтага тыпу расстаноўка фігур традыцыйная, а да галавы Марыі ідуць тры прамяні ад Святога Духа[7].
Званіца
У 1799 годзе ля царквы паўстала званіца, збудаваная без адзінага цвіка. На ёй выбіты надпіс з часам збудавання: «Roku 1799 mca iula dnia 27».
Званіца — помнік архітэктуры ў стылі класіцызм, уяўляе сабой двух’яруснае квадратнае ў плане (5,3×5,6 м) збудаванне вышынёй 18 м. Ніжні ярус з брусоў у «лапу», верхні (звон) зроблены з васьмі стоем з крывалінейнымі пакосамі і разьбянай агароджай[8].
Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4