Свята-Раства-Багародзіцкая царква, таксама царква Нараджэння Божай Маці, царква Раства Багародзіцы — праваслаўны храм у горадзе Оршы Віцебскай вобласці. Знаходзіцца пры сутоках ракі Аршыцы з Дняпром, на Зааршынні, па адрасе вуліца Савецкая, 4а.
У 1961 годзе савецкія ўлады зруйнавалі царкву, у 2000-я гады яе аднавілі на старых падмурках. Твор архітэктуры барока і класіцызму. Рэшткі падмуркаў гістарычнай царквы Раства Багародзіцы з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю рэгіянальнага значэння.
Гістарычную царкву Раства Багародзіцы збудавалі ў 1661 годзе. Аднак, зыходзячы з прывілея караля Станіслава Аўгуста ад 1 кастрычніка 1769 года, царква была заснавана да 1648 года. На плане Оршы 1770 года яна значыцца насупраць замка і гарадзішча.
У 1781 годзе царква мела назву саборнай у імя Раства Багародзіцы. У 1832 годзе найвышэйшым загадам да гэтага сабору прыпісаны скасаваны каменны езуіцкі касцёл, у якім епархіяльнае начальства планавала размясціць сабор, а гэты сабор абярнуць на прыхадскую Ільінскую царкву, якая згарэла ў 1824 годзе. Але з прычыны фінансавых цяжкасцяў праект не ажыццявілі. Будынак рамантавалі ў 1818 годзе. На плане 1843 года перад царквой паказана званіца. У званіцы размяшчаліся Духоўнае Праўленне і Канцылярыя, а пасля перабудовы званіцы — цёплая царква свяціцеля Мікалая.
5 мая 1922 г. па пастанове Аршанскага павятовага камітэта РКП(б) была праведзена кампанія па канфіскацыі царкоўных каштоўнасцей. 18 мая 1926 г. адбыўся ўстаноўчы з’езд Аршанскай абнаўленчай епархіі.
У 1961 годзе савецкія ўлады зруйнавалі царкву разам з званіцай. У 1987 годзе пры пракладцы трубаправода ў культурным пласце на месцы царквы былі знойдзены асобныя часткі сцен і падмуркаў, рэшткі паліхромнай кафлі, шматлікія пахаванні. У 1994—1995 гадах праводзіліся археалагічныя даследаванні падмуркаў царквы[1].
У 2000-я гады Беларуская Праваслаўная Царква аднавіла будынак на старых падмурках, аднак пры адбудове аўтэнтычныя барочныя купалы-бані з чатырохканцовымі крыжамі замянілі на пазалочаныя купалы-цыбуліны з васьміканцовымі крыжамі.
Помнік архітэктуры пераходнага стылю ад барока да класіцызму. Гэта цэнтрычны кубападобны аб’ём з завяршэннем у выглядзе магутнага паўсферычнага купала, над якім узвышаецца васьмігранны ліхтар. Падобныя вежы адзначаюць вуглы асноўнага аб’ёму. Рысы барока выявіліся ў пластыцы веж і авальных люкарнах у аснове купала, складана прафіляваных антаблементах, пластычных ліштвах прамавугольных аконных праёмаў. Рысы класіцызму — у аднолькавых кампазіцыях роўнічных фасадаў, завершаных трохвугольнымі франтонамі, антаблеменце з дарычным фрызам, парных паўкалонах. Да асноўнага аб’ёму воссю ўсход — захад далучаецца акруглая апсіда з бакавымі рызніцамі і прытвор. Будынак мае галоўны і 2 бакавыя ўваходы.
Інтэр’ер у стылі позняга барока меў багатую пластыку. Пад царквой была крыпта з пахаваннямі. Побач з царквой стаяў службовы корпус з вежай-званіцай, які выходзіў на Вакзальную (цяпер Савецкую) вуліцу[2].
Святары:
Дыяканы:
Псаломшчыкі:
Старасты: