Царква ў імя святога Архістратыга Міхаіла ў горадзе Слуцку пабудавана з дрэва ў традыцыях народнага дойлідства з элементамі стыляў барока і позняга класіцызму. У 1812 годзе разбурана французамі. Мела два прыпісных храма: св. вялікамучаніцы Варвары (на могілках), святога вялікамучаніка Георгія ў вёсцы Хранава і пяць капліц у найбліжэйшых вёсках. У 1990-я гады стала саборам. Прастольнае свята 21 лістапада.
Спачатку існавала як Канстанцінаўская царква ў Старым горадзе, у канцы XVIII стагоддзя перанесена ў прадмесце Востраў і збудавана на месцы разабранай у 1795 годзе Міхайлаўскай царквы. Спачатку была двухзрубная.
Аб выглядзе царквы ў XVIII стагоддзі можна меркаваць па апісанню яе іканастаса. Ён быў шасціярусным, з чатырнаццацю абразамі[1]. Відавочна, што па плошчы будынак быў невялікім, а галоўны аб’ём развіваўся ўверх, складаючыся з некалькіх ярусаў[2]. У 1793 годзе царква адзначалася ўжо як старая, але не трухлявая і для багаслужэння даволі годная[3]. У канцы XIX стагоддзя з усходу прыбудавалі вежу-званіцу.
Складаецца з трох шмат'ярусных зрубаў, пастаўленых уздоўж адной восі і завершаных гранёнымі купаламі, і галерэі, якая атачае асноўную частку будынка і раскрытай да цэнтральнага зруба.
Вышыннасць кампазіцыі нарастае ад алтара да ўваходу: алтарны зруб завершаны чацвярыком са шлемападобным купалам, асноўны зруб — чацвярыком і васьмерыком з грушападобным купалам, званіца складаецца з двух чацвярыкоў, пастаўленых адзін на аднаго, і васьмерыка са шлемападобным купалам і шпілем. Сцены гарызантальна абшаляваны дошкамі. Вокны маюць паўцыркульнае арачнае завяршэнне.
Помнік народнага дойлідства з рысамі стылю барока. Складана-ярусную шматпланавую аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю храма фарміруюць 3 паслядоўна размешчаныя па падоўжнай восі 3-ярусныя зрубы прытвора-званіцы (далучаны ў 19 ст.) і апсіды, 4-яруснага зруба малітоўнай залы. Аб'ёмы малітоўнай залы і апсіды акаймоўвае крытая 1- схільным дахам галерэя-гульбішча, якая складае іх ніжні ярус. Над кубападобным аб'ёмам прытвора, грані якога завершаны трохвугольнымі франтонамі, надбудаваны нізкі чацвярык з круглымі люкарнамі, вышэй — васьмярык яруса-звона з арачнымі праёмамі, накрыты самкнутым купалам, гранёны барабан якога завершаны востраканцовым шпілем з крыжом. Асноўны кубападобны зруб праз шырокі адліў пераходзіць у верхні чацверыковы ярус, над якім узведзены 8-гранны светлавы барабан, накрыты цыбулепадобным купалам з макаўкай на шыі ў завяршэнні. Аналагічную прасторавую пабудову, але без васьмерыка, мае і апсіда. Гарызантальна ашаляваныя фасады дэкарыраваны драўлянымі вуглавымі лапаткамі, ліштвамі арачных і прамавугольных аконных праёмаў, карнізам на дэнтыкулах (на верхнім ярусе званіцы). Усе канструкцыйныя і архітэктурна-мастацкія сродкі накіраваны на стварэнне рытмічнай і дынамічнай аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі.
Інтэр'ер
Унутры малітоўная зала развіта па вертыкалі ў падкупальную прастору светлавога барабана, якая абмежавана складанай бэлечна-ветразевай канструкцыяй. Апсіда з самкнутым гранёным скляпеннем вылучана драўляным 2-ярусным іканастасам. Над прытворам размешчаны хоры з драўлянай балюстраднай агароджай.
Зноскі
↑Іканапіс Беларусі XV—XVIII стагоддзяў. Складальнік Н. Ф. Высоцкая, Мн. 1992 г. С. 227
↑Ціткоўскі І. А. Помнікі архітэктуры Слуцка. Слуцк, 1997. С. 49-50. ISBN 985-6219-09-4
↑НГАБ ф. 136, воп. 1, пр. 344 «Дело с ведомостями о состоянии церквей Слуцкой протопопии», 1793 г.
Літаратура
Описание церквей и приходов Минской епархии. — Минск, 1879.
Якiмовiч Ю. А. Драўлянае дойлiдства Беларускага Палесся. XVII—XIX стст. — Мн., 1078.
Чантурия В. А. Архитектура Белоруссии конца XVIII — начала XIX века. — Мн., 1962.