Руды лес (укр.: Рудий ліс), часам Іржавы лес, Чырвоны лес — каля 10 км² дрэваў, што атачаюць Чарнобыльскую АЭС. Назва «Руды лес» паходзіць ад чырвона-бурага колеру соснаў, пасля таго як яны ўвабралі найбольшую долю выкіду радыеактыўнай пылі падчас выбуху рэактара ў 1986 годзе[1]. Падчас работаў па дэзактывацыі тэрыторыі лес быў знесены бульдозерамі і захаронены[2]. На сённяшні дзень Руды лес з’яўляецца найбольш моцна забруджанай тэрыторыяй у свеце[3].
Катастрофа і дэзактывацыя
Руды лес знаходзіцца ў зоне адчужэння; гэта тэрыторыя атрымала найбольшыя дозы радыяцыі пасля Чарнобыльскай катастрофы, у дадатак да пазнейшых аблокаў дыму і радыеактыўнага пылу, якія моцна забрудзілі лясную тэрыторыю. Выбух і пажар на чацвертым энергаблоку ЧАЭС спрычыніў моцнае забруджванне грунту, вады і атмасферы радыяцыяй, эквівалентнай 20 атамным бомбам, скінутым на Хірасіму і Нагасакі[4].
Падчас работы па дэзактывацыі большасць дрэваў была знесена бульдозерамі і захароненая па траншэях, якія былі пакрыты тоўстым слоем пяску і засаджаныя маленькімі хваёвымі дрэўцамі[5]. Выказваліся засцярогі, што з часам раскладання мёртвых дрэваў радыяцыя можа прасачыцца ў грунтавыя воды, таму пасля аварыі ўсе жыхары навакольных тэрыторый былі эвакуіраваныя.
Запаведнік
Калі людзі пакінулі гэты абшар у 1986 годзе, на іх месца, нягледзячы на радыяцыю, прыйшлі розныя прадстаўнікі жывёльнага свету. На флору і фаўну Рудога лесу значна паўплывала радыеактыўная забруджанасць. Мяркуецца, што біяразнастайнасць Рудога лесу павялічылася цягам наступных гадоў пасля аварыі[6]. Таксама паведамляецца пра некаторыя чэзлыя дрэвы на тэрыторыі[1].
На сённяшні дзень Руды лес з'яўляецца найбольш моцна забруджанай тэрыторыяй у свеце[3]. Тым не менш, гэты абшар стаў надзвычай утульным месцам для размнажэння шматлікіх відаў пад пагрозай знікнення. У 1996 годзе дакументальны фільм BBC «Inside Chernobyl’s Sarcophagus» (Унутры Чарнобыльскага саркафагу) паказаў, як са шчылінаў будынку колішняга рэактара вылятаюць птушкі. Доўгатэрміновае ўздзеянне радыеактыўных ападкаў на флёру і фаўну рэгіёну дагэтуль да канца не даследавана. Адзначалася наяўнасць буслоў, баброў, ваўкоў і некаторых драпежных птушак[7][8]
Сучасны стан
На сённяшні дзень узровень радыяцыі на тэрыторыі Рудога лесу не перавышае аднаго рэнтгена за гадзіну, але агульным паказчыкам з'яўляецца колькасць у 10 мілірэнтгенаў у гадзіну. Больш за 90% радыеактыўных рэчываў Рудога лесу скопленыя ў грунце[5].
Навукоўцы плануюць выкарыстоўваць горад Прыпяць і яго ваколіцы ў якасці ўнікальнай лабараторыі для мадэлявання рассейвання радыенуклідаў пасродкам выбуху бруднай бомбы альбо атакі хімічнымі або біялагічнымі рэчывамі. Абшар прапаноўвае выдатную магчымасць сістэмна зразумець шлях радыеактыўных ападкаў праз гарадскую і сельскую мясцовасць[9].
Прырода на гэтай тэрыторыі не толькі здолела выжыць, але і закрасаваць праз яўную адсутнасць чалавека. Абшар раптоўным чынам стаў радыелагічным запаведнікам. Раней меркавалася пра наяўнасць знешняй дэфармаванасці жывёл пасродкам хаатычных мутацыяй, аднак пазней гэта не было даказана, акрамя частковага альбінізму ў ластавак. На дадзены момант вучоных непакоіць наяўнасць стронцыя-90 і цэзія-137 у грунце Рудога лесу, перыяд паўраспаду якіх складае 30 гадоў. Таксама выказваюцца няўсцешныя здагадкі пра магчымасць уздзеяння радыяцыі на некалькі наступных пакаленняў[10][11].
↑In Focus: Chernobyl(нявызн.)(недаступная спасылка). IAEA Report (29 сакавіка 2006). Архівавана з першакрыніцы 27 сакавіка 2006. Праверана 14 верасня 2013.