Пётр Аляксеевiч Бяссонаў (4 (16) чэрвеня 1828, Масква — 22 лютага (6 сакавіка) 1898, Харкаў) — рускі славянафіл, гісторык літаратуры, публікатар славянскага, у тым ліку беларускага фальклору, этнолаг і публіцыст. Прафесар Харкаўскага ўніверсітэта (1879)[1].
Нарадзіўся ў Маскве ў сям’і святара. У 1846 годзе скончыў Маскоўскую духоўную семінарыю і паступіў на гісторыка-філалагічны факультет Маскоўскага ўніверсітэта[1]. Ва ўніверсітэце ён зблізіўся з Барценевым (руск.) (бел., Сабчаковым, Казановічам і Прэйсам на глебе цікавасці да рускай гісторыі, літаратуразнаўства і этнаграфіі, пачаў збіраць народныя песні[2]. Скончыў ён універсітэт у 1851 годзе. Пасля заканчэння адукацыі служыў у Маскоўскім архіве Міністэрства замежных спраў (1855—1857), Маскоўскай сінадальнай друкарні (з 1858). Член Таварыства аматараў расійскай славеснасці пры Маскоўскім універсітэце, яго сакратар (1869—1878), член-карэспандэнт Сербскага навуковага таварыства, член Рускага геаграфічнага таварыства.
Па ініцыятыве папячыцеля Віленскай вучэбнай акругі (руск.) (бел. І. П. Карнілава быў пераведзены ў Вільню, дзе вясной 1865 быў прызначаны на пасаду старшыні Віленскай археаграфічнай камісіі, дырэктарам Віленскага рэальнага вучылішча і дырэктарам Віленскай I гімназіі. Аднак пры ім праца ў Археаграфічнай камісіі застыла. Расчараваны І. П. Карнілаў дабіўся яго выдалення ў 1866 годзе. Пасля выдалення з Вільні Бяссонаў служыў бібліятэкарам у Маскоўскім універсітэце (1867—1878). У 1879 годзе Бяссонаў атрымаў званне ганаровага доктара ад Казанскага ўніверсітэта, і стаў прафесарам кафедры славянскіх «гаворак» Харкаўскага ўніверсітэта.
П. Бяссонаў быў прадстаўніком ідэй панславізму, сфарміраванага ў 1840-1850-я ў рускіх славянафільскіх (руск.) (бел. гуртках, і меўшага мэтай пасля паражэння Расійскай імперыі ў Крымскай вайне захаваць яе палітычны ўплыў на Балканах. П. Бяссонаў не толькі падзяляў погляды славянафілаў, але і актыўна ўдзельнічаў у славянафільскім руху ў Маскве 1840-1860-я — прымаў удзел у працы дабрачыннай грамадскай арганізацыі, якая дапамагала «братнім славянам» пад асманскай і аўстра-венгерскай уладай. Вучыўся ў Канстанціна Аксакава, асноўнага тэарэтыка маскоўскай славянафільскай школы, лічыў яго сваім натхняльнікам і старэйшым сябрам. У 1850-я П. Бяссонаў уваходзіў у маскоўскія свецкія салоны Ялагіных (руск.) (бел. і Сверабеевых і меў у іхнім асяроддзі аўтарытэт як філолаг і публіцыст.
Калі ў 1856 годзе памёр Пётр Кірэеўскі, буйны збіральнік рускай народай вуснапаэтычнай творчасці (сярод яго карэспандэнтаў былі А. С. Пушкін і М. В. Гогаль), — яго вялізны архіў застаўся неапублікаваным. Згодна завяшчанню ён пераходзіў ва ўласнасць да сваяка Кірэеўскага — У. Ялагіна, а працаваць з сабранымі матэрыяламі, рыхтаваць іх да друку даручалася даўняму карэспандэнту Кірэеўскага, які і сам стаў ужо буйным збіральнікам фальклору, П. Якушкіну (руск.) (бел.. Аднак Ялагін, а дакладней «Таварыства аматараў расійскай славеснасці» задачу публікацыі вырашыла даручыць некалькім асобам-славянафілам, у ліку якіх былі К. Аксакаў (руск.) (бел., У. Даль і П. Бяссонаў. Але фактычна Бяссонаў заняў месца Якушкіна і прыбраў найкаштоўнейшы архіў да сваіх рук. З 1860 года П. Бяссонаў пачаў выпускаць матэрыялы архіва Кірэеўскага. Адвольная класіфікацыя, мудрагелістыя, напышлівыя і разам з тым цьмяныя каментарыі гэтых выданняў выклікалі заслужаную крытыку.
У навуковых поглядах Бяссонаў з’яўляўся ідэалістам, яго разважанні ў галіне этналогіі, міфалогіі і гісторыі славянства належаць да спецыфічнага славянафільскага «народнага напрамку», яны, па словах А. Пыпіна, знаходзяцца ў такім поўным падпарадкаванні смелай і пладавітай фантазіі аўтара, што крытыкі нават рэдка лічаць патрэбным спрачацца з ім[3]. Такім чынам, Бяссонаў непасрэдна нанёс непапраўную страту рускай фалькларыстычнай навуцы. Крытыка Бяссонава не сціхала доўгія гады.
Зноў востра паўстала «славянскае пытанне» ў Расіі падчас паўстання 1861—1863 гадоў, таму ў той час П. Бяссонаў сярод іншых «рупліўцаў славянскай ідэі» быў у 1863 накіраваныя ў Паўночна-Заходні край. П. Бяссонаў працаваў у мураўёўскай адміністрацыі (1863—1865), а менавіта ў некалькіх установах Віленскай навучальнай акругі: узначальваў Віленскую археаграфічную камісію, быў у складзе рэфарматараў Віленскага музею старажытнасцей, арганізоўваў публічную бібліятэку, служыў дырэктарам Віленскай I гімназіі і Віленскага рэальнага вучылішча. У 1866 П. Бяссонаў накіраваў у IIІ аддзяленне Запіску аб мерах прадухілення новага паўстання. Ён раіў у першую чаргу аслабіць уплывы рымска-каталіцкага духавенства, перашкаджаючы яму распаўсюджваць каталіцтва і адначасна далучаючы каталікоў да праваслаўя, зрабіць адукацыю народа выключна ўрадавай справай, замяніць усіх «чыноўнікаў-палякаў» рускімі, прыцягнуць у край магчыма большую колькасць рускіх землеўладальнікаў. У гэтай запісцы ён нагадваў, што ў Ковенскай губерні «асобы рускага паходжання» не набылі яшчэ ніводнага секвестраванага маёнтка або маёнтка высланага паўстанца і лічыў гэта недахопам.
У пачатку 1870-х, ужо жывучы ў Маскве бібліятэкар Маскоўскага ўніверсітэта П. Бяссонаў напісаў працу «Сепаратизм в Северо-Западном крае. Рассказ очевидца» — своеасаблівы роздум-рэмінісцэнцыя пра сваё жыццё ў Вільні, успаміны не публікаваліся, рукапіс захоўваецца ў фондах Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі (руск.) (бел. (Масква). «Сепаратызм…» — публіцыстычны нарыс на больш чым 60 рукапісных старонках (некаторыя захаваліся не цалкам), пабудаваны ў выглядзе палемікі аўтара з умоўным апанентам. Апанент, пецярбургскі ліберал, сумняецца ў мэтазгоднасці прымусовай русіфікацыі Паўночна-Заходняга края, папракае чыноўнікаў у няведанні спецыфікі і празмернай жорсткасці. П. Бяссонаў у адказ тлумачыць сваё разуменне праблемы беларускага і польскага сепаратызму, апраўдвае палітыку расійскага ўрада. Не адна старонка рукапісу прысвечаная «славянскаму пытанню» ў беларускім кантэксце.
Апроч славянафільскай публіцыстыкі ў «Сепаратизме…» сустракаюцца замалёўкі характараў і побыту расійскага чыноўніцтва ў Вільні. П. Бяссонаў расказвае, што ў той час актывізаваўся расійскі патрыятычны рух, нават узнікла мода на самаадданае служэнне «русскому делу». Актыўныя дзеячы гэтага руху ў 1866 аб’ядналіся ў Педагагічны гурток пры рэдакцыі газеты «Виленский вестник». Гэтая газета з 1864 па загаду М. Мураўёва стала ўрадавым органам друку, а менавіта ў 1866 ад працы ў ёй адхілены А. Кіркор, рэдактарам становіцца А. Забелін. А. Забелін, былы дырэктар Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, надаў «Виленскому вестнику» такі дух, што, нават на думку А. Мілавідава, у артыкулах мела месца «крайняя национальная нетерпимость, особенно по польскому и еврейскому вопросу». Акрамя Забеліна, актыўнымі дзеячамі Педагагічнага гуртка былі, паводле П. Бяссонава, Рошчын і Рачынскі. Рошчын — памочнік рэдактара «Виленского вестника», былы чыноўнік Ковенскага губернскага статыстычнага камітэта. Рачынскі — маскоўскі славянафіл, таксама, як і П. Бяссонаў, выкліканы для працы ў Археаграфічнай камісіі. З кантэксту вынікае, што гэты Педагагічны гурток быў даволі шматлікі і ўплывовы — меў падтрымку ў Маскве. П. Бяссонаў апісвае паводзіны членаў гуртка, ацэньваючы іх як недапушчальныя, часам нават амаральныя. На думку П. Бяссонава, сваімі шавіністычнымі поглядамі і ўчынкамі гурткоўцы кампраметавалі высакародную ідэю «обрусения Северо-Западного Края». Сябе П. Бяссонаў процістаўляе ім, разглядаючы сябе самога як аднаго з чэсных мураўёўскіх людзей — тых, хто сумленна выконвае пастаўленае заданне. Бяссонаўскія замалёўкі ўяўляюць пэўную цікавасць і могуць быць выдатнымі ілюстрацыямі таго, хто і як займаўся русіфікацыяй Паўночна-Заходняга края.
Апублікаваў зборнік балгарскіх песень са зборнікаў Ю. Вянеліна (руск.) (бел., М. Катранава і іншых[4] з нарысам балгарскай граматыкі «Песни, собранные П. В. Киреевским» (ч. 1—10, Москва, 1860—1874), ч. 1— 2 сборника «Песни, собранные П. Н. Рыбниковым» (ч. 1—4, Москва, 1861—1867), зборнік духоўных вершаў «Калики перехожие» (Масква, 1861—1863), «Детские песни», куды ўвайшла частка беларускіх песень, сабраных П. В. Кірэеўскім[1] (Масква, 1868). Апошняя з пералічаных — першы зборнік рускага дзіцячага фальклору. Яна выклікала цікавасць даследчыкаў і аматараў народнай творчасці і фальклору да збірання і вывучэння дзіцячага фальклору, спрыяючы прызнанню яго як самастойнай вобласці народнай славеснасці.
Вынікам дзейнасці Бяссонава ў Вільні стаў зборнік «Беларускія песні», выдадзены праз некалькі гадоў у Маскве (1871). У зборнік увайшлі валачобныя, юр’еўскія, куставыя, мікольскія (руск.) (бел., пятроўскія (руск.) (бел., купальскія, калядныя і масленічныя песні[1].
Аўтар прац пра харвацкага мысліцеля Ю. Крыжаніча і бібліяграфічнага нарыса пра графіню Праскоўю Шарамецьеву (руск.) (бел..