Міхал Геранім Бжастоўскі (14 красавіка 1762 , Нясвіж — 1806 ) — дзяржаўны і ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага і Расійскай імперыі . Староста менскі з 1787 года, апошні чашнік вялікі літоўскі (1794—1795), маршалак Літоўска-Віленскай губерні (1801—1805).
Біяграфія
Ева Бжастоўская з дачкой Ізабелай
Паходзіў з роду Бжастоўскіх герба «Стрэмя» , сын Станіслава Бжастоўскага , ваяводы інфлянцкага, і Тэафілі з Радзівілаў. Быў жанаты з Евай Храптовіч, дачкой Іахіма Храптовіча . Меў 2 дзяцей: Караля і Ізабелу.
Навучаўся ў школе піяраў у Вільні , скончыў Берасцейскі піярскі калегіум .
У 1788 г. быў абраны паслом на Вялікі Сойм ад Троцкага павета . Удзельнічаў у дэпутацыі па пытаннях горада, прапаноўваў забараніць карыстацца срэбнымі прадметамі ўсім акрамя караля (1 сакавіка і 3 мая 1790 г.).
У 1790 г. атрымаў ордэн Святога Станіслава , а ў 1791 г. Ордэн Белага арла . Мальтыйскі кавалер.
Быў зняволены Таргавіцкай канфедэрацыяй . Удзельнічаў у Паўстанні 1794 года , быў абраны ў Найвышэйшую дзяржаўную Раду (уваходзіў у склад дэпутацыі бяспекі).
У 1795 г. стаў маршалкам Завілейскага павета , у 1798—1801 гг. — маршалкам шляхты Гродзенскай губерні , 1801—1805 гг. — маршалкам шляхты Літоўска-Віленскай губерні . У 1801 г. удзельнічаў у дэпутацыі да Аляксандра І супраць прыцяснення шляхты.
Літаратурная творчасць
Быў таксама аўтарам драматычных твораў, напрыклад, Rycerze Łabędzia-drama rycerska w pięciu aktach oryginalnie wierszem napisana .
Зноскі
↑ Michał Hieronim Brzostowski // NUKAT — 2002.
↑ Michał Hieronim Brzostowski // MAK
Літаратура
Mościcki H. Brzostowski Michał Hieronim // Polski Słownik Biograficzny. Tom III. Kraków. 1937. c. 53
Бжостовские // Биографический справочник. — Мн. : «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 57. — 737 с.
Спасылкі
Міхал Геранім Бжастоўскі — продкі