У цяперашні час працуе галоўным трэнерам салігорскага «Партызана».
Клубная кар’ера
Выхаванец мікашэвіцкага футбола, доўгі час гуляў за «Граніт», пасля вылету мікашэвіцкага клуба з Вышэйшай лігі перайшоў у брэсцкае «Дынама». У першым туры чэмпіянату 2011 атрымаў траўму, з-за якой прапусціў амаль увесь сезон.
«Шахцёр»
У снежні 2011 года падпісаў кантракт з салігорскім «Шахцёрам». Спачатку выхадзіў на замену, але потым замацаваўся ў стартавым складзе на пазіцыі цэнтральнага нападніка. У чэрвені 2012 года атрымаў траўму, вярнуўся ў верасні і неўзабаве зноў стаў з’яўляцца ў стартавым складзе.
У сезоне 2013, пасля зыходу з каманды Дзмітрыя Камароўскага, яшчэ больш замацаваўся на пазіцыі адзінага форварда. У снежні 2013 года падоўжыў кантракт з гарнякамі[3]. Выдатна правёў сезон 2014, калі з 15 галамі стаў найлепшым бамбардзірам Вышэйшай лігі. Акрамя таго, 14 верасня 2014 года за 5 хвілін аформіў хет-трык у браму мінскага «Дынама», пасля чаго нават атрымаў выклік у нацыянальную зборную Беларусі[4], хоць на полі так і не з’явіўся.
У снежні 2014 года чарговы раз падоўжыў кантракт з салігорцамі[5]. У сезоне 2015 заставаўся асноўным нападнікам «Шахцёра». Чэмпіянат пачаў дублем у браму «Слуцка», пазней адзначыўся покерам у браму «Славіі» (10 жніўня) і хет-трыкам у браму «Нафтана» (31 кастрычніка). У выніку зноў стаў найлепшым бамбардзірам чэмпіянату з 15 галамі. У лістападзе 2015 года вырашыў застацца ў Салігорску і на наступны сезон[6].
У сезоне 2016 забіў 12 галоў у чэмпіянаце Беларусі, заняўшы трэцяе месца ў спісе бамбардзіраў пасля прадстаўнікоў барысаўскага БАТЭМіхаіла Гардзейчука і Віталя Радзівонава. З ліпеня па верасень 2016 года амаль не гуляў з-за траўм. У снежні 2016 года падпісаў новае пагадненне з салігорцамі[7]. У першай палове сезона 2017, гуляючы ў якасці нападніка, нярэдка выхадзіў на замену, пазней стаў выкарыстоўвацца на пазіцыі атакуючага паўабаронцы і замацаваўся ў стартавым складзе. У кастрычніку 2017 года стала вядома, што Януш падоўжыў кантракт з салігорскім клубам[8].
«Нёман»
У пачатку 2018 года стала вядома, што галоўны трэнер «Шахцёра» Марак Зуб не разлічвае на Януша ў новым сезоне, і той не паляцеў з камандай на збор у Турцыю[9]. У лютым 2018 года на правах арэнды далучыўся да гродзенскага «Нёмана»[10]. У складзе гродзенцаў стаў іграком стартавага складу, выступаў у якасці атакуючага паўабаронцы. У снежні 2018 года вярнуўся ў Салігорск[11].
Вяртанне ў «Шахцёр»
Да сезона 2019 рыхтаваўся з «Шахцёрам» і ў выніку пачаў сезон у яго складзе. Спачатку разглядаўся як ігрок ратацыі і звычайна выхадзіў на замену, аднак неўзабаве дзякуючы добрай выніковасці стаў часам з’яўляцца і ў стартавым складзе. У выніку з 11 галамі стаў найлепшым бамбардзірам «Шахцёра» ў чэмпіянаце. У снежні 2019 года па заканчэнні кантракта пакінуў салігорскі клуб[12].
«Іслач»
У студзені 2020 года падпісаў кантракт з «Іслаччу»[13]. Стаў асноўным іграком каманды, з 9 галамі стаў адным з найлепшым бамбардзіраў клуба ў сезоне.
У студзені 2021 года пакінуў «Іслач»[14] і неўзабаве абвясціў пра завяршэнне кар’еры[15].
Міжнародная кар’ера
У верасні 2014 года быў упершыню выкліканы ў нацыянальную зборную Беларусі[4], але тады так і не з’явіўся на полі. Дэбютаваў у зборнай 30 сакавіка 2015 года, выйшаўшы ў стартавым складзе ў таварыскім матчы супраць Габона[16].
Трэнерская кар’ера
У красавіку 2021 года стала вядома, што Мікалай Януш далучыўся да салігорскага «Партызана» з Другой лігі ў якасці гуляючага трэнера[17]. Пазней было вызначана, што ён не будзе выхадзіць на поле, а засяродзіцца на трэнерскай працы.
У ліпені 2022 года быў заяўлены за «Партызан» у якасці іграка, 23 ліпеня выйшаў на замену ў канцы матча супраць слуцкага «Спартака» (7:1).
Грамадскае жыццё
Мікалай Януш першым з беларускіх футбалістаў стаў выкарыстоўваць беларускую мову ў публічных выступах, а таксама сацыяльных сетках. У ліпені 2016 года разам з беларускім каментатарам Уладзімірам Навіцкім у жывым эфіры каментаваў гульню Лігі Еўропы «Шахцёр» (Салігорск) — «Рунавік» (Фарэры). Гэта першы выпадак, калі дзейны футбаліст працаваў на матчы па-беларуску[18].