Мікалай Аляксандравіч Сяліцкі (5 красавіка 1907, Мінск — 29 кастрычніка 1936) — савецкі танкіст, лейтэнант. Удзельнік грамадзянскай вайны ў Іспаніі. Герой Савецкага Саюза (пасмяротна).
Разам з Паўлам Купрыянавым стаў першым ураджэнцам Беларусі, удастоеным гэтага звання.
Нарадзіўся 5 красавіка 1907 годзе ў губернскім горадзе Мінску ў сям’і рабочага. Член УКП(б) з 1931 года. Адукацыя сярэдняя. Да 1931 года працаваў памочнікам машыніста ў дэпо на станцыі Сынэльныкавэ ў Кіеўскай вобласці.
У 1931 годзе прызваны ў Чырвоную Армію. Скончыў Арлоўскую бранятанкавую школу. Праходзіў службу ў 4-й механізаванай брыгадзе Беларускай ваеннай акругі.
Удзельнік грамадзянскай вайны ў Іспаніі. Прыбыў туды ў кастрычніку 1936 года ў складзе роты Поля Армана.
29 кастрычніка 1936 года прымаў удзел у танкавым баі каля населеных пунктаў Сесенья і Эсківіяс (30 км на поўдзень ад Мадрыда). У выключна цяжкіх умовах баявой абстаноўкі двойчы атакаваў артылерыйскія пазіцыі праціўніка, знішчыў батарэю горных гармат. Прарваўся ў тыл, атакаваў рэзервы праціўніка, знішчыў некалькі транспартных машын з боепрыпасамі і салдатамі. Калі танк загарэўся, выскачыў з яго і адстрэльваўся з пісталета. Загінуў у гэтым баі. У гэтым жа баі калегам Сяліцкага С. К. Асадчым здзейснены першы ў свеце танкавы таран.
Пастановай Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта СССР ад 31 снежня 1936 года за ўзорнае выкананне спецыяльных заданняў Урада па ўмацаванні абароннай моцы Савецкага Саюза і праяўлены ў гэтай справе гераізм лейтэнанту Сяліцкаму прысвоена званне Героя Савецкага Саюза пасмяротна.
Узнагароджаны Ордэнам Леніна.
Імя М. А. Сяліцкага носіць адна з вуліц у горадзе Мінск.