Невядома, ці быў Мельхіёр Гедройц пратэстантам, але ўжо ў 1570-я гады напэўна быў каталіком, а ў 1571 годзе стаў святаром. Апекаваны віленскім біскупамВалерыянам Пратасевічам, у 1572 годзе атрымаў ад яго прызначэнне кусташам капітула. Пасля смерці жамойцкага біскупа Юрыя Пяткевіча (ліпень 1574 года) удзельнікі віленскай канвакацыі прапанавалі на яго месца М. Гедройца. Быў рукапаложаны ў сан жамойцкага біскупа 22 красавіка 1576 года ў Вільні, пры прызначэнні адзначаліся яго вялікія веды ў галіне кананічнага права і тэалогіі.
Прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Вялікага Княства Літоўскага. Як сенатар вызначыўся на сеймах, неаднакроць узначальваў камісіі па ўстанаўленні дзяржаўных межаў і міру з Масквой. М. Гедройц таксама працаваў у скарбовым трыбунале, рэвізаваў гаспадарскую маёмасць. У гістарыяграфіі ацэньваецца як «літоўскі сепаратыст» (Станіслаў Хербст), «літоўскі патрыёт» (З. Івінскіс), адной з важнейшых мэтаў лічыў захаванне дзяржаўнасці Вялікага Княства Літоўскага пасля Люблінскай уніі.
Быў адным з самых актыўных біскупаў — прыхільнікаў контррэфармацыі, «другім хрысціцелем Жамойці». Згодна з пастанаўленнямі Трыдэнцкага сабору, шмат зрабіў для рэформаў у каталіцкім касцёле, спрыяў падрыхтоўцы літоўскамоўных святароў, выданню літоўскіх тэкстаў. За яго біскупствам, у 1603 годзе ў Жамойці быў заснаваны першы бернардынскі кляштар. Падараваў уласную бібліятэку (~100 кніг) езуіцкаму калегіуму ў Крожах. Часта наведваў парафіі, прапаведваў па-літоўску, сам слухаў споведзі вернікаў.
Пахаваны ў кафедральным саборы ў Ворнях.
Культурная дзейнасць
Для культурнай дзейнасці біскупа ў Жамойці характэрная, паводле З. Івінскіса, літоўская накіраванасць. Сваім коштам выдаў «Пастылу» (1599) Мікалая Даўкшы — першую літоўскую кнігу надрукаваную ў Вялікім Княстве Літоўскім, а таксама пераклад Катехізіса езуіта Лядэсмы («Катэхізіс, або навука, неабходная кожнаму хрысціяніну», 1595). Апекаваў Мацею Стрыйкоўскаму.
Адзіны вядомы твор аўтарства М. Гедройца — «Элегія на смерць Кацярыны Валовіч» (Elegia in mortem Catharinae Wolowicz, Regiomonti, 1561), праз змест твору бачна добрае веданне аўтарам антычнай і хрысціянскай літаратуры.