Макула[1], часам пляма[2] (лац.: Macula — пляма, мн. л. Maculae)[3] — тэрмін, які выкарыстоўваецца ў планетнай наменклатуры для наймення параўнальна невялікіх цёмных абласцей на паверхні планет і спадарожнікаў. Уведзены ў карыстанне пасля выяўлення такіх аб'ектаў на дэталёвых здымках паверхні Еўропы[4]. У беларускіх назвах гэтае слова, як і іншыя родавыя тэрміны, пішацца з малой літары, а ў лацінскіх (якія выкарыстоўваюцца і ў англійскай мове) — з вялікай.
Прырода розных макул розная, паколькі гэты тэрмін, як і іншыя тэрміны планетнай наменклатуры[3][5][6], апісвае толькі знешні выгляд аб'екта і нічога не кажа пра яго паходжанне. Ён нават не заўсёды азначае цёмны колер у бачным дыяпазоне: макулы Тытана вылучаныя па інфрачырвоным і радарных альбеда.